https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Якія радыёстанцыі выбіраюць беларусы?


Паводле даных медыявымярэнняў за першы квартал 2024 года сярэднясутачная колькасць слухачоў радыё па краіне складае 716 тысяч чалавек.
У наш час мы маем шырокі дыяпазон крыніц інфармацыі. І прыемна канстатаваць, што радыё застаецца запатрабаваным у вялікай часткі аўдыторыі. Пра апошнія навіны радыёсферы, а таксама пра шэраг цікавых праектаў, якія рыхтуюць радыйшчыкі для сваёй аўдыторыі расказалі спецыялісты галіны падчас круглага стала «Актуальныя тэндэнцыі ў развіцці радыёвяшчання».

— Як прадстаўнік органа-рэгулятара ў сферы радыёвяшчання, хачу адзначыць выдатную работу ўсіх нашых радыёстанцый. Нягледзячы на імклівае развіццё тэхнічнага прагрэсу, развіццё лічбавай сферы, радыё застаецца адной з асноўных і даступных кожнаму крыніц інфармацыі, — адзначыла начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Аляксандра Ганчарова. — Адметна і тое, што кожная з радыёстанцый мае свой фірменны стыль, які пазнаеш, нават калі проста пераключаеш эфір. Сёння ў нашай краіне сфера радыёвяшчання прадстаўлена 86 радыёстанцыямі, сярод якіх 57 дзяржаўных і 29 недзяржаўных. У 2024 годзе ў нас зарэгістраваны два новыя радыёвяшчальныя СМІ — радыё «Перамога» і радыё «Шансон». Вяшчае радыё ў FM-дыяпазоне, але з улікам развіцця лічбавых тэхналогій — і ў інтэрнэце. Так, напрыклад, у Нацыянальны радыёплэер сёння ўключана 41 радыёстанцыя. Улічваючы той факт, што большую частку эфіру любой радыёстанцыі традыцыйна займае музыка, нельга не адзначыць значны рост цікавасці да беларускіх выканаўцаў. Іх кампазіцыі, дзякуючы рабоце радыё, сталі больш пазнавальнымі і папулярнымі сярод слухачоў.

Таксама спецыяліст расказала, што вядзецца прапрацоўка ініцыятывы Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання па стварэнні конкурсу радыёпраграм. У ходзе працяглай размовы яе ўдзельнікі абмеркавалі шэраг важных тэм і актуальных пытанняў.

У прыватнасці, былі агучаны паказчыкі медыявымярэнняў па выніках першага квартала бягучага года. Як адзначыў генеральны дырэктар ЗАТ «МедыяВымяральнік» Уладзімір Бабцоў, аналізавалі сітуацыю па Мінску і абласных цэнтрах. На сёння сярэднясутачная колькасць слухачоў радыё па краіне складае 716 тысяч чалавек. У выбарку ўвайшлі 11 499 рэспанэнтаў. Працягласць слухання складае 3 гадзіны 44 хвіліны.

Прычым жыхары сталіцы складаюць прыкладна палову (49%) усіх слухачоў радыё. А вось калі аналізаваць партрэт сучаснага слухача, то мужчыны (52%) і жанчыны (48%) таксама прыкладна аднолькава аддаюць перавагу гэтай крыніцы інфармацыі. І трэцяя частка слухачоў — гэта людзі ва ўзросце 35–44 гады (34%). Для параўнання: толькі 7% — людзі ўзросту 15–24 гады, па 17% аўдыторыя ўзроставых дыяпазонаў 55–64 і 25–34 гады. Звычка слухаць радыё на працы ёсць у 46% аўдыторыі, 35% робяць гэта ў аўтамабілі, 18% — дома, а астатнія — на свежым паветры, у грамадскім транспарце ці ў іншых месцах. Адпаведна, выкарыстоўваюцца для гэтага радыёпрыёмнікі, аўтамагнітола ці інтэрнэт.

Што датычыца паказчыкаў папулярнасці сярод радыёслухачоў той ці іншай радыёстанцыі, то, паводле сярэднесутачнага ахопу, у топ-4 увайшлі: «Новае радыё», «Гумар-FM», «Юністар» і «Радыё Рокс».

Падзяліліся прадстаўнікі радыёстанцый і некаторымі планамі, якія збіраюцца рэалізаваць у найбліжэйшай перспектыве. Вядома, у радыёэфіры ёсць і працягваюць з’яўляцца разнастайныя праекты, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Так, напрыклад, «Радыё Магілёў» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі з красавіка і да канца года рэалізоўвае праект «Жывыя радкі пра вайну» (дарэчы, у яго ёсць і відэаверсія), дзе радыйшчыкі знаёмяць сваю аўдыторыю з празаічнымі і паэтычнымі творамі беларускіх пісьменнікаў, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ ў эфіры радыёстанцыі з вясны і да ліпеня штодня гучаць песні ваенных часоў. І такога роду праекты, рубрыкі рыхтуе для сваіх слухачоў кожнае радыё.

Цікавы праект збіраецца рэалізаваць «Душэўнае радыё» на сёлетнім «Славянскім базары ў Віцебску». У ноч з 11 на 12 ліпеня там плануюць правесці танцпляцоўку з удзелам беларускіх і замежных артыстаў. А вось у верасні радыё запрашае сваю аўдыторыю на «Душэўны фестываль», які будзе складацца з некалькіх частак.

Падзеяй стане і сёлетні канцэрт «Рок-панарама» напярэдадні «Славянскага базару», які пройдзе ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Арганізатары кажуць, што аўдыторыю чакае цікавы творчы эксперымент. Таму заставайцеся ў кампаніі сваіх любімых радыёстанцый!

Аўтар: Алена Драпко
Звязда, 12 траўня 2024
 
Дата публикации:12.05.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:154
 
Ключевые слова:
Радио СМИ Статистика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме