https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"У Максіма на кашулі вышыты лісточкі..."


З кветкамі да помніка Багдановіча ў Мінску можна прыходзіць сёння, у дзень памяці беларускага паэта.
Сёлета прыгожа квітнее май: розных фарбаў і пахаў навокал хапае, на рамантыку натхняе яркае сонца, цеплынёй ахінае паветра — здаецца, поўніцца пяшчотнай лірыкай. Можа, паэзія раствораная навокал і словы самі ўзнікаюць, узгадваюцца, усплываюць з памяці. Хочацца вершаў, якія у гэтай штодзённай завядзёнцы адарвалі б ад зямлі і ўзнялі да аблокаў: усё-такі чалавек — істота касмічная, таму што душа яго прагне палёту. І тым, хто не можа раскрыць сам свае крылы, прыходзіць на дапамогу паэзія.

Напэўна, не проста так узнікла гэтае адчуванне: ідзе юбілейны год Максіма Багдановіча. 25 мая, у дзень яго памяці, Беларусь будзе ўспамінаць Максіма. Ужо з дванаццаці гадзін ля помніка паэту ў Мінску збяруцца людзі з кветкамі. І з вершамі. Нам ёсць што сказаць пра яго, ёсць што прачытаць з яго — паэт пісаў пра нас, і яго словы не састарэлі. Дадзена паэтам такая якасць — яны нібыта бяруць інфармацыю з прасторы і ведаюць наперад усё пра магчымыя варункі чалавечага жыцця. І пра свой шлях усё разумеюць і прымаюць яго, як Богам дадзена. І пра будучыню сваёй паэзіі ведаюць. Вось як Максім Багдановіч:

Ціхія мае ўсе песні,

цёмныя, як вугаль чорны,

Але ўсё ж яны засвецяць,

калі я ў агні мучэння

Іх разжару, распалю;

А як згасне ён, — дык бліснуць,

быццам дыяментаў зёрны,

Бо абернуцца, застыўшы,

ў драгацэнныя каменні

Ў час, як я лягу ў зямлю.

Пра каштоўнасць слоў паэта будзе каму сказаць сёння: на літаратурна-музычную імпрэзу ў скверы ля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета збяруцца афіцыйныя асобы, вядомыя дзеячы культуры, мастакі. Прыйдуць і сучасныя паэты з вершамі. Запяюць спевакі свае песні — пра чалавека і яго бессмяротную душу, якая праз думкі і словы застаецца з намі.

Максімава душа павінна радавацца: яго памятаюць. Яго ўспамінаць можна пастаянна: шмат ён думаў і казаў пра сваю радзіму, якую любіў і жадаў ёй знайсці свой шлях. І мы любім... Яго ўзгадваюць, калі кахаюць, таму што ведаў, як жыць гэтым пачуццём, ціха радавацца яму, нават не маючы надзеі на жыццё. І мы хочам кахаць вечна... Яго ўзгадваюць, калі вучацца захапляцца светам, радавацца свайму лёсу і верыць, што ён вядзе, нават калі перайшоў мяжу...

Яго памінаць і маліцца за душу паэта ў іншым свеце будуць у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў 14.30.

Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча а 16-й гадзіне запрашае на "паэтычна-музычную вандроўку ў краіну светлага суму". Пра паэта будуць распавядаць музейныя экспанаты, мастацтва Эдуарда Агуновіча і музыка ад трыа "Вытокі". Вядома і вершы Багдановіча:

Спеў залунаў —

і сама адгукнулася чула на ліры

Звонам ціхуткім струна...

Ці адзавецеся Вы?

Ларыса Цімошык
Звязда, 25 траўня 2011
 
Дата публикации:25.05.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5083
 
Ключевые слова:
Максим Богданович Поэты Беларуси день памяти
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме