https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Прамысловасць у Беларусі выйшла з рэцэсіі


Аб гэтым заявіў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка 30 мая на пленарным пасяджэнні "Беларусь - месца інтэграцыі Захаду і Усходу. Будучае развіццё прамысловага патэнцыялу рэспублікі" ў рамках Беларускага прамысловага форуму.
"Магу з упэўненасцю канстатаваць, што прамысловасць выйшла з рэцэсіі і набрала ўстойлівыя паказчыкі росту. Тэмп росту прамысловай вытворчасці ў мінулым годзе склаў 106,1 працэнта, у бягучым годзе за чатыры месяцы - 108,8 працэнта. Спадзяёмся, што гэты год завершым з такім жа тэмпам", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Істотны ўклад у развіццё прамысловага комплексу, паводле яго слоў, аказваюць мадэрнізаваныя галіны апрацоўчай прамысловасці: аўтамабілебудаванне, металургія, нафтахімія, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць.

"Паспяхова асвойваецца вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Мы на пачатку шляху, але першыя крокі дазваляюць з аптымізмам ацэньваць патэнцыял легкавога аўтамабілебудавання. Першыя пастаўкі прадэманстравалі вялікую цікавасць з боку краін ЕС. Вялікае будучае мае развіццё электратранспарту", - адзначыў віцэ-прэм`ер.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што на ўласнай сыравіннай базе дынамічна развіваюцца прадпрыемствы дрэваапрацоўкі. "Толькі па гэтай галіне можна адзначыць паспяховую стратэгію дзяржавы па абнаўленні вытворчасцей. Сума экспарту ляснога комплексу з 2007 года, гэта значыць з пачатку мадэрнізацыі, вырасла ў 1,9 раза", - сказаў ён.

"Будучае прамысловасці, на мой погляд, будзе грунтавацца на ўкараненні прагрэсіўных тэхналогій, асваенні і выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі. Для гэтага ўсе ўмовы створаны", - рэзюмаваў віцэ-прэм`ер.

Беларускі прамысловы форум праходзіць па 1 чэрвеня ў мінскім Футбольным манежы. У праграме больш за 50 мерапрыемстваў. Цэнтральнае месца займае XXI Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "ТэхІнаПрам", дзе тэма чацвёртай прамысловай рэвалюцыі (Industry 4.0) надае экспазіцыі асаблівае гучанне.

У дзелавой праграме "ТэхІнаПрам" 23 спецыялізаваныя мерапрыемствы. Маштабнымі і змястоўнымі запланаваны міжнародны сімпозіум "Тэхналогіі. Абсталяванне. Якасць", міжнародны навукова-практычны сімпозіум "Перспектывы развіцця адытыўных тэхналогій у Рэспубліцы Беларусь".

30 мая 2018, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:30.05.2018
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:485
 
Ключевые слова:
Белорусский промышленный форум Рецессия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме