https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і МВФ дамовіліся працягнуць падрыхтоўку новай крэдытнай праграмы


Беларусь і Міжнародны валютны фонд дамовіліся працягнуць падрыхтоўку новай крэдытнай праграмы, паведамляе прэс-служба ўрада.
"Прадстаўнікі Беларусі правялі сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам МВФ і Сусветнага банка, узялі ўдзел у пасяджэннях групы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў МВФ і бельгійскай групы Сусветнага банка. Падчас серыі сустрэч з намеснікам дырэктара-распарадчыка МВФ Міцухіра Фурусава, дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Полам Томсенам, кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам абмяркоўваліся ключавыя меры эканамічнай палітыкі, накіраваныя на забеспячэнне макрафінансавай збалансаванасці і структурных пераўтварэнняў эканомікі", — паведамілі ў прэс-службе.

Кіраўніцтва МВФ "адзначыла прагрэс у рэалізацыі ўрадам і Нацыянальным банкам мер эканамічнай палітыкі". "Бакі дамовіліся працягнуць узаемадзеянне па ацэнцы эканамічнай сітуацыі і па падрыхтоўцы праграмы МВФ для Беларусі", — падкрэсліваецца ў паведамленні. 

На сустрэчах з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка Сірылам Мюлерам і экспертамі банка бакі абмеркавалі праграмы падтрымкі, якія рэалізуюцца, і перспектыўныя, у тым ліку ў галіне павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, кіравання дзяржаўнымі фінансамі, удасканалення карпаратыўнага кіравання ў дзяржаўным сектары. Абмеркаваныя вынікі і перспектывы ўзаемадзеяння ў сферах сацыяльнай абароны, адукацыі і аховы здароўя.

У прыватнасці на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Філіпам Бенетам абмеркаваныя магчымасці рэалізацыі новых праектаў з удзелам ЕБРР у Беларусі. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фінансавай карпарацыі Дзімітрас Цыцырагас таксама выказаў зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва МФК з Беларуссю ў адпаведнасці з мандатам гэтай арганізацыі і пацвердзіў намер карпарацыі павялічыць фінансаванне праграм падтрымкі знешняга гандлю.

"Таксама адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч членаў дэлегацыі з органамі дзяржаўнага кіравання ЗША і буйнымі банкаўскімі структурамі. Абмеркаваныя пытанні развіцця беларуска-амерыканскіх гандлёва-эканамічных адносін, магчымасці развіцця крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Праведзеныя сустрэчы членаў дэлегацыі з інвестарамі — асноўнымі трымальнікамі беларускіх каштоўных папер, якім пададзеная ацэнка наяўнай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі", — паведамілі ў прэс-службе.

Дэлегацыя Беларусі з 5 па 7 кастрычніка знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзе ўдзельнічае ў восеньскім пасяджэнні саветаў кіраўнікоў Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. У яе склад уваходзяць першы намеснік прэм`ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур і яго намеснік Дзмітрый Калечыц, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, а таксама першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў.

Каментуючы ўмовы, якія выстаўляе МВФ для пачатку новай крэдытнай праграмы, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 3 кастрычніка раскрытыкаваў пазіцыю фонду па некаторых пытаннях.

"Калі іх ўмовы прачытаеш, усё зводзіцца да аднаго: ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на задушэнне народа. Я не хачу сказаць, што нас нехта хоча задушыць. Нас ніхто не панукае, але, на жаль, формула такая", — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён абмовіўся, што не ўсе патрабаванні МВФ "падыходзяць пад гэтую негатыўную фармулёўку".

На нарадзе Лукашэнка адзначыў, што яму прапануюць падпісаць ліст на імя кіраўніка МВФ Крысцін Лагард, які супярэчыць дадзеным народу абяцанням. "Гэта зневажальна не толькі для мяне. Гэта зневажальна ў дачыненні да нашага народа", — заявіў ён.

Паводле вынікаў нарады кіраўнік Нацбанка Павел Калаур паведаміў журналістам, што ліст Беларусі аб намерах да Міжнароднага валютнага фонду будзе дапрацаваны. У адпаведнасці з правіламі МВФ краіна, якая прэтэндуе на атрыманне фінансавання, накіроўвае адпаведны ліст аб намерах. Да яго прыкладаецца мемарандум аб канкрэтных макраэканамічных дзеяннях.

"Безумоўна, з улікам сённяшняй нарады ў кіраўніка дзяржавы і кансультацый у Вашынгтоне, мы дапрацуем гэты ліст з улікам непасрэдна інтарэсаў нашай дзяржавы. І пры неабходнасці накіруем яго ў МВФ. Канкрэтнае напаўненне ліста мы ўзгоднім, непасрэдна правёўшы кансультацыі спачатку ў Вашынгтоне з кіраўніцтвам Міжнароднага валютнага фонду, а потым ўнутры нашай краіны", — сказаў Калаур пасля нарады ў Лукашэнкі 3 кастрычніка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 7 верасня 2016
 
Дата публикации:07.10.2016
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:542
 
Ключевые слова:
МВФ Финансы Кредиты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме