https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гады павінна стаць дзейсным інструментам у новых эканамічных умовах


Аб гэтым заявіў 14 чэрвеня прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
На пасяджэнні разглядаліся вынікі работы па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту і праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады.

"Экспарт з`яўляецца прыярытэтам дзяржаўнага маштабу, менавіта таму Нацыянальная праграма развіцця экспарту, заснаваная на вопыце рэалізацыі папярэдніх праграм, сусветных напрацоўках па падтрымцы экспарту і, самае галоўнае, прапановах рэальнага сектара, рэгіёнаў і бізнес-асацыяцый, павінна стаць дзейсным інструментам у новых эканамічных умовах", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, агульны тэмп росту экспарту тавараў і паслуг па прагнозе на 2016 год павінен скласці 103,5 працэнта, за першы квартал - 101,1 працэнта. Фактычна за чатыры месяцы маем тэмп росту 83,9 працэнта.

"Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў колькасным выражэнні мы пастаўляем на экспарт больш, чым у мінулым годзе. Так, індэкс росту фізічнага аб`ёму экспарту за чатыры месяцы 2016 года да аналагічнага перыяду 2015 года склаў 102,2 працэнта. Гэта значыць, у натуральных велічынях тэмпы нашага экспарту маюць дадатную дынаміку", - растлумачыў прэм`ер.

Кіраўнік беларускага ўрада канстатаваў, што падобная сітуацыя і на стратэгічным для Беларусі рынку - расійскім. "У вартасным выражэнні мы маем тэмп росту 93,6 працэнта, тады як фізічныя аб`ёмы выраслі на 5,9 працэнта. Разам з тым для захавання канкурэнтаздольнасці на расійскім рынку і не толькі нашым прадпрыемствам неабходна больш актыўна працаваць над зніжэннем сабекошту прадукцыі, што дасць магчымасць праводзіць больш гібкую цэнавую палітыку", - адзначыў ён.

Андрэй Кабякоў сказаў, што ў Расіі і Казахстане, у асноўных партнёраў Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе, актыўна ствараюцца вытворчасці, якія ў хуткім часе змогуць замяніць беларускія тавары. "Хачу пачуць ад Мінэканомікі, МЗС, галіновых міністэрстваў, Нацыянальнай акадэміі навук, як карэкціруюцца планы па развіцці нашых галін з дзеяннямі нашых асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў па ЕАЭС, што мы можам прапанаваць, акрамя традыцыйнай прадукцыі - нафтапрадуктаў і ўгнаення - на перспектыўныя рынкі, якія экспартныя вытворчасці трэба ствараць і развіваць у 2016-2020 гадах, - падкрэсліў прэм`ер-міністр. - Таксама хацелася б пачуць меркаванне ДКНТ, НАН, Мінэканомікі па дасягненні 20 працэнтаў высокатэхналагічнага экспарту ў агульным аб`ёме экспарту ў 2020 годзе".

Паводле яго слоў, адмоўная дынаміка па пастаўках беларускіх тавараў назіраецца на еўрапейскім рынку. Значна скараціліся пастаўкі тавараў паліўна-энергетычнай групы, некаторых відаў металічных вырабаў, прадукцыі машынабудавання. Выклікаюць заклапочанасць даныя па экспарце ў Кітай.

"Чаму пакуль не прынесла чаканых вынікаў работа па зборачных вытворчасцях, якія далейшыя планы па гэтым напрамку", - задаўся пытаннем Андрэй Кабякоў. "Для нас цяпер адкрываецца рынак Ірана, санкцыі зняты, з`явіліся дадатковыя магчымасці, якія нашымі экспарцёрамі не выкарыстоўваюцца. Новыя экспартныя пазіцыі ў гэту краіну не з`явіліся, а пастаўкі традыцыйных тавараў - шын, сінтэтычных валокнаў, грузавых аўтамабіляў - скараціліся. Трэба кардынальна перагледзець падыходы па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з гэтай краінай. Чакаю прадуманых прапаноў і дзеянняў", - сказаў прэм`ер-міністр.

Аналагічная сітуацыя з В`етнамам. Экспарт скараціўся значна, адна з асноўных прычын ляжыць на паверхні - нізкі ўзровень дыверсіфікацыі экспарту. Амаль увесь аб`ём прыпадае на калійныя ўгнаенні і аўтамабілі.

"Становішча неабходна выпраўляць, асабліва з улікам стварэння зоны свабоднага гандлю, падпісана пагадненне аб прамысловай зборцы", - даручыў кіраўнік беларускага ўрада. Андрэй Кабякоў канстатаваў, што пасля зняцця санкцый беларускі экспарт у Канаду па выніках першага квартала ўзрос больш як у 11 разоў.

"Тэндэнцыя вельмі станоўчая. Маем рост на гэтым напрамку, хацелася б пачуць меркаванне Мінпрама, "Белнафтахіма" па пачатку паставак нашай кар`ернай тэхнікі, буйнагабарытных шын", - сказаў ён. Таксама, паводле яго слоў, самай пільнай увагі заслугоўвае работа па інфармацыйным забеспячэнні экспарту. Андрэй Кабякоў лічыць, што ў паўсядзённай практыцы трэба ўкараняць найноўшыя тэхналогіі распаўсюджвання інфармацыі аб магчымасцях і дасягненнях Беларусі.

14 чэрвеня 2016, Мінск
Юлія Огнева - БЕЛТА
 
Дата публикации:14.06.2016
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:853
 
Ключевые слова:
ЕАЭС Казахстан Россия Вьетнам Китай Диверсификация экспорта Канада Информационное обеспечение Беларусь-2020
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме