https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь і Турцыя павінны актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі і навукі


Аб гэтым заявіў 14 снежня ў Мінску намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка падчас сустрэчы з міністрам навукі, прамысловасці і тэхналогій Турцыі Фарукам Азлю.
"У нас ужо ёсць пэўныя вынікі сумеснай працы, але ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі гэтыя вынікі непамерна малыя ў дачыненні да нашых магчымасцяў", — цытуе віцэ-прэм`ера прэс-служба ўрада. Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што Беларусь і Турцыя павінны актывізаваць супрацоўніцтва па гэтых кірунках.

Сямашка нагадаў, што пакуль толькі два беларускія прамысловыя прадпрыемствы "Гомсельмаш" і "Амкадор" пачалі працу па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у Турцыі. "Лічу, што гэтага недастаткова, і цяпер мы можам абмеркаваць гэтыя пытанні. Што тычыцца стварэння ўмоў для вашага бізнесу, для вашых кампаній у Беларусі, то ў нас добры інвестыцыйны клімат, працуюць свабодныя эканамічныя зоны з пэўным прэферэнцыйным рэжымам — і мытным, і падатковым. Акрамя таго, створаны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", і мы будзем вітаць прыход туды турэцкіх партнёраў", — сказаў ён.

Намеснік прэм`ер-міністра адзначыў, што "з пункту гледжання развіцця навукі Беларусь уваходзіць у лік вядучых краін свету". "У нас эфектыўна працуе і акадэмічная, і галіновая навука. Учора скончыўся II з`езд вучоных, які пазначыў задачы развіцця беларускай навукі да 2040 года. Думаю, у гэтай сферы нам таксама трэба супрацоўнічаць больш актыўна", — заявіў ён.

Сямашка падкрэсліў, што Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, таму зацікаўлена пашыраць супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. "Бо нам неабходна прадаваць на экспарт каля 70% тавараў і паслуг, вырабленых у краіне. У Беларусі развіта сельскагаспадарчая вытворчасць, мы даўно вырашылі праблему харчовай бяспекі, поўнасцю забяспечваем сябе прадуктамі харчавання. Пры гэтым пастаўка прадуктаў харчавання для нас з`яўляецца адным з асноўных артыкулаў экспарту. У мінулым годзе мы экспартавалі сельгаспрадукцыі на 6,5 млрд долараў", — паведаміў ён.

"У нашага супрацоўніцтва — вялікая будучыня, тым больш што ўзаемадзеянне пачало развівацца на вельмі высокім узроўні: у лістападзе мінулага года адбыўся візіт прэзідэнта Турцыі ў Беларусь, які даў вялікі імпульс развіццю нашых адносін. Але цяпер трэба пераходзіць ад слоў да справы, да канкрэтных праектаў", — канстатаваў віцэ-прэм`ер.

У сваю чаргу Фарук Азлю сказаў, што ён упершыню наведвае Беларусь і "вельмі ўдзячны за выдатны прыём". "Учора мы правялі сустрэчу з турэцкімі бізнесменамі, якія ўжо працуюць або збіраюцца пачаць працаваць у гэтай краіне. І яны задаволеныя, што працуюць у Беларусі", — заявіў ён.

У гэтыя дні ў Мінску на базе навукова-тэхналагічнага парку БНТУ "Палітэхнік" праходзіць Беларуска-турэцкі інавацыйны форум. Ён накіраваны на пашырэнне беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як будаўніцтва і нерухомасць, энергетыка, дрэваапрацоўка, хімічная прамысловасць, транспарт і лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі. Удзел у мерапрыемстве бяруць прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання ў сферы навукі, інавацый і прамысловасці, прадстаўнікі інавацыйных структур абедзвюх краін, кампаній — рэзідэнтаў навукова-тэхналагічных паркаў і свабодных эканамічных зон.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 снежня 2017
 
Дата публикации:14.12.2017
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:506
 
Ключевые слова:
Турция Товарооборот Сотрудничество Инвестиции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме