https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь зацікаўлена ў стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў з Казахстанам


Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Казахстана на чале са старшынёй Сената Касым-Жамартам Такаевым
На думку Міхаіла Мясніковіча, тых сумесных зборачных вытворчасцей, якія функцыянуюць у Казахстане, недастаткова. 

"Можа, нам неабходны нейкія ўзаемныя меры дзяржаўнай падтрымкі, пэўныя прэферэнцыі, каб аказаць падтрымку на першым этапе", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі. Ён дадаў, што гэта пытанне неабходна прапрацаваць.

Цяпер у Казахстане функцыянуюць восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання, у тым ліку вытворчасці ААТ "БелАЗ", ААТ "МТЗ", ААТ "Гомсельмаш", ААТ "МАЗ", ААТ "ККХ "Бабруйскаграмаш".

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што Беларусь і Казахстан павінны ў 2020 годзе выйсці на тавараабарот мінімум у памеры $1 млрд. Для дасягнення гэтай мэты трэба задзейнічаць патэнцыял міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу, што ў рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" - магутнага, глабальнага праекта - Казахстан адыгрывае ключавую ролю. 

"У гэтым плане мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб у пэўнай ступені прапрацоўваць паўночную ветку", - сказаў ён.Бакі абмеркавалі пытанне парламенцкага вымярэння ў ЕАЭС. 

"Калі падпісваўся Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, безумоўна, ён разглядаўся як эканамічны. Мінуў пэўны час, сфарміраваліся падыходы. Можа, ёсць сэнс падумаць аб увядзенні ў Дагавор і парламенцкага вымярэння, - адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. - Нам трэба вельмі сур`ёзна працаваць над фарміраваннем адпаведнай нарматыўнай прававой базы, уніфікаваць і гарманізаваць заканадаўства, каб пазбегнуць розных бар`ераў і перашкод".

Паводле слоў Касым-Жамарта Такаева, супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана з`яўляецца мадэллю для шэрага краін. 

"У нас няма агульнай граніцы, тым не менш гандаль выбудоўваецца даволі паспяхова. Я падтрымліваю задачу адносна дасягнення аб`ёму гандлю ў памеры $1 млрд, - сказаў ён. - Адзначаем рост экспарту беларускіх тавараў на казахстанскі рынак, лічым, што гэта станоўчая з`ява".

Старшыня Сената Парламента дадаў, што прадукцыя машынабудаўнічай індустрыі, лёгкай прамысловасці, мэбля з Беларусі карыстаюцца вялікім попытам сярод казахстанскіх спажыўцоў. Разам з тым, на яго думку, магчымасці гандлю гэтым не вычэрпваюцца. Трэба знаходзіць новыя шляхі супрацоўніцтва.

Бакі таксама выказалі ўзаемную ўдзячнасць за ўвагу да этнічных беларусаў і казахстанцаў, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыях Казахстана і Беларусі.

Па выніках 2017 года тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў $690,8 млн і павялічыўся ў параўнанні з 2016 годам на 64,8 працэнта. У студзені - жніўні 2018 года тавараабарот склаў $610,5 млн і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года на 44 працэнты. Беларускі экспарт за гэты перыяд склаў $539,2 млн (павялічыўся на 45,8 працэнта), імпарт - $71,3 млн (рост на 31,3 працэнта).

31 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА

 
Дата публикации:31.10.2018
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:486
 
Ключевые слова:
Казахстан Товарооборот Сотрудничество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме