https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю плануе захаваць аб`ёмы бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі.


Аб гэтым у праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ заявіў першы намеснік прэм`ер-міністра Аляксандр Турчын.
"Пазіцыі бягучай падтрымкі сельскай гаспадаркі, якія ёсць у краіне, можа, нават з пэўным павелічэннем, я ўпэўнены, мы адстаім. У нас ёсць пэўны лаг, дзе можам рушыць наперад, але мы разумеем тыя чырвоныя лініі, ніжэй за якія апускацца не будзем. Думаю, з партнёрамі мы дамовімся аб гэтым", - праінфармаваў першы віцэ-прэм`ер.

У цэлым, на думку Аляксандра Турчына, кожная краіна павінна згадзіцца, што Беларусь будзе членам СГА. "Калі ёсць якія-небудзь пытанні, мы гатовы садзіцца за стол перагавораў, гатовы да кампрамісаў, але гэтыя кампрамісы не павінны быць на шкоду нашай краіне", - падкрэсліў ён.

Прычым усе партнёры і кіраўніцтва СГА адзначаюць, што прагрэс Беларусі відавочны.

"Для сябе мы паставілі нейкі дэдлайн - гэта 12-я міністэрская канферэнцыя, якая пройдзе ў Нур-Султане ў наступным годзе. Плануем да канца 2019 года (максімум першы квартал 2020-га) узгадніць усе пазіцыі і выходзіць на фінальную частку дакумента", - расказаў першы намеснік прэм`ер-міністра.

СГА адкрывае новыя рынкі для беларускіх экспарцёраў і не дазваляе самім закрыць іх ад імпарту. Але, паводле слоў першага віцэ-прэм`ера, галоўныя канкурэнты знаходзяцца сёння не за акіянам, а ўнутры Еўразійскага саюза. У першую чаргу гэта кампаніі Расіі і Казахстана, а да канкурэнцыі з імі беларускі вытворца прывык ужо. Таму ўзрушэнняў ад уступлення ў СГА ні ў каго быць не павінна.

"Для нас была мэта - адзіны мытны тарыф, які ўзгоднены ў ЕАЭС. Таму ніжэй за яго мы не збіраліся апускацца. Толькі па нейкіх выключных групах тавараў, якія ў нас не вырабляюць, - растлумачыў ён. - На мой погляд, тут у нас нічога не зменіцца".

Акрамя таго, СГА стане пляцоўкай, дзе можна будзе адстойваць інтарэсы айчыннага бізнесу пры наяўнасці дыскрымінацыі на пэўных рынках. Прычым "абсалютна няважна дзяржаўнае прадпрыемства або прыватнае - гэта прадпрыемства нашай краіны, нашы падаткаплацельшчыкі, мы аднолькава будзем за іх змагацца", сказаў Аляксандр Турчын.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, перагаворная група нашай краіны стараецца забяспечыць важны аспект - бяспеку для АПК, уступіць у СГА на такіх умовах, каб не пацярпеў ні адзін сегмент рынку. І ў гэтым напрамку ўдалося многага дабіцца.

Паводле яго слоў, важным момантам СГА для Беларусі з`яўляецца атрыманне доступу да тых квот, якія маюць краіны па льготным допуску сельгаставараў на іх рынкі.

Акрамя таго, Беларусь сутыкаецца з абмежаваннямі, якія ўводзіць адносна айчыннай прадукцыі Расійская Федэрацыя. У СГА краіна атрымае дадатковую магчымасць абмяркоўваць такія спрэчныя пытанні.

Аляксей Багданаў таксама падкрэсліў, што аб`ём датацый АПК не зменшыцца. "Мы стараемся захаваць яго на тым узроўні, які неабходны для нашай сельскай гаспадаркі. Усё падлічана неаднаразова. Мы стараемся зрабіць так, каб мелі магчымасць у выпадку нейкіх катаклізмаў падтрымаць нашу сельскую гаспадарку і не знізіць той узровень вытворчасці, які маем, а нават яго нарасціць", - сказаў ён.

Як паведамлялася, у Жэневе 11 ліпеня прайшло 12-е пасяджэнне рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі. У ім прынялі ўдзел дэлегаты з больш як 50 краін - членаў арганізацыі. Прадстаўнікі ЗША, ЕС, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Украіны, Індыі, Кітая, Аргенціны, Аўстраліі, Бразіліі, В`етнама, Канады, Турцыі, Швейцарыі, Японіі, Карэі, Коста-Рыкі, Кубы, Эквадора, Сальвадора, Грузіі і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі захады, якія робяцца ўрадам Беларусі, па далучэнні да СГА і выказалі гатоўнасць да актыўнай работы з Беларуссю ў 2019 годзе для хутчэйшага завяршэння перагаворнага працэсу.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў Аляксандр Турчын. У яе склад увайшлі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, а таксама прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Нацыянальнага банка, Мінюста, Міністэрства аховы здароўя, Мінсувязі, Мінпрама, ДМК, Дзяржстандарту, "Белдзяржхарчпрама", "Беллегпрама", Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе.

15 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.07.2019
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:403
 
Ключевые слова:
ВТО ЕАЭС Тарифы Сельское хозяйство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме