Курс валютпокупкапродажа
USD360.66362.31
EUR409.96412.59
RUR5.45.47
www.kurs.kz
 


 



Найти
 
 


У студзені—красавіку аб`ём здзелак на Беларускай універсальнай таварнай біржы павялічыўся на траціну


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе біржы.
За чатыры месяцы 2018 года ў ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" (БУТБ) заключана больш за 119 тыс. здзелак на 1,2 млрд рублёў, што на 30% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Найбольшы аб`ём продажу забяспечыла секцыя металапрадукцыі — 457 млн рублёў, або на 30% больш, чым у студзені—красавіку 2017 года. "Ільвіная доля здзелак прыйшлася на чорныя металы і вырабы з іх", — адзначыла прэс-служба. З пачатку года на ўнутраным рынку рэалізавана 130 тыс. тон гэтай прадукцыі на суму 339 млн рублёў (рост 36%).

"На фоне стабільнага попыту на вугаль з боку айчынных вытворцаў цэменту гэта прадукцыя выйшла на другое месца па аб`ёмах продажу пасля чорных металаў пры суме здзелак 49 млн рублёў, або на 18% больш за паказчык чатырох месяцаў 2017 года", — адзначыла прэс-служба. На трэцім месцы — электратэхнічная прадукцыя з сумай здзелак 26 млн рублёў (рост 20%), а на чацвёртым — каляровыя металы і вырабы з іх з сумай здзелак 23 млн (рост 6%). Продаж коксу на біржавых таргах "таксама прадэманстраваў істотны рост у вартасным выражэнні" — з 3,4 млн рублёў у студзені—красавіку 2017 года да 4,4 млн у студзені—красавіку 2018-га. Што тычыцца экспартных паказчыкаў, то пастаўкі чорных і каляровых металаў, а таксама іх лому і адходаў на знешні рынак павялічыліся ў вартасным выражэнні на 9%, да 16 млн рублёў.

Рост аб`ёмаў біржавых здзелак адзначаўся і ў секцыі лесапрадукцыі — плюс 31% да аналагічнага перыяду мінулага года — да 425 млн рублёў.

"Характэрна, што на гэты раз найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб`ёме продажу па секцыі забяспечыў не круглы лес, а піламатэрыялы. З пачатку года на экспарт адгружана 576 тыс. куб. м гэтай прадукцыі на суму 173 млн BYN. У выніку ў параўнанні з 2017 годам продаж вырас на 28% у натуральным выражэнні і на 80% у вартасным. Гэта абумоўлена пераарыентацыяй беларускай дрэваапрацоўчай галіны на выпуск прадукцыі з высокім дададзеным коштам, што заканамерна адбілася на біржавым тавараабароце", — патлумачыла прэс-служба.

Акрамя таго, на 45%, да 169 млн рублёў, павялічылася рэалізацыя круглых лесаматэрыялаў на ўнутраным рынку, а продаж паслуг па нарыхтоўцы драўніны падвоіўся, перавысіўшы 30 млн. Пастаўкі папяровай прадукцыі беларускім спажыўцам таксама прадэманстравалі станоўчую дынаміку — плюс 18% да студзеня—красавіка мінулага года. Паліўныя шчэпкі (тавар — лідар 2017 года) захавалі вядучыя пазіцыі і па выніках першых чатырох месяцаў гэтага года, забяспечыўшы рост экспарту ў 2,7 разу ў натуральным выражэнні да 568 тыс. куб. м і ў 3,9 разу ў вартасным (да 27 млн).

"Акрамя гэтага, высокія тэмпы росту былі характэрныя для паліўных брыкетаў і гранул, якія пастаўляюцца на знешні рынак. З улікам таго, што ў мінулым годзе гэтыя пазіцыі амаль не прадаваліся, па выніках студзеня—красавіка іх рэалізацыя павялічылася ў 485 разоў да 4,9 млн рублёў", — паведаміла прэс-служба.

"Узыходзячы трэнд", адзначылі ў БУТБ, зафіксаваны і па секцыі сельгаспрадукцыі. У студзені—красавіку праз біржу рэалізавана 205 тыс. тон тавараў гэтай групы на 197 млн рублёў, больш, чым годам раней на 1% у натуральным выражэнні і на 8% у вартасным.

"Выйсці ў плюс па рэалізацыі сельгаспрадукцыі атрымалася галоўным чынам за кошт здзелак на ўнутраным рынку", — адзначылі на біржы.

У прыватнасці, айчынныя прадпрыемствы закупілі праз біржу 121 тыс. тон шроту і макухі алейных на 86 млн рублёў, тым самым перасягнуўшы паказчык 2017 года на 7% у вартасным выражэнні, у той час як натуральныя аб`ёмы знізіліся на 5%. У значным аб`ёме закупляліся таксама злакавыя і кармавыя дабаўкі (61 тыс. тон на 55 млн рублёў), алеі і насенне алейных (8 тыс. тон на 11 млн) і мяса (2 тыс. тон на 8 млн).

З экспартных пазіцый найбольшым попытам карысталіся сыры сычужныя і тварог, сума здзелак з якімі дасягнула 7 млн рублёў, што ў 20 разоў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У два разы вырас і продаж мяса: з прымяненнем біржавога механізму ў Расійскую Федэрацыю пайшло 1,2 тыс. тон беларускай ялавічыны на 7,5 млн рублёў.

Тавараабарот па секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў у студзені—красавіку 2018 года вырас на 84%, дасягнуўшы 119 млн рублёў. У структуры продажу пераважалі абсталяванне, механічныя прылады і іх часткі, а таксама будаўнічыя матэрыялы.

Па стане на 1 мая на БУТБ акрэдытавана 19.225 кампаній, уключаючы 3.919 нерэзідэнтаў з 59 краін.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 мая 2018
 
Дата публикации:08.05.2018
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:87
 
Ключевые слова:
БУТБ Товарооборот Биржевые торги Статистика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме