https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Праз год у Беларусі будзе прадавацца ўласная чорная ікра"


Гэтымі днямі ў рыбгасе "Сялец" стартаваў масавы адлоў нагульных сажалак рыбы новага "ўраджаю".
Калі толькі машына з журналістамі трапіла на тэрыторыю вопытнага рыбгаса "Сялец", што ў Брэсцкай вобласці, то на першым вялікім вадасховішчы мы ўбачылі двух белых лебедзяў, якія мірна кружылі па воднай гладзі побач са сваімі яшчэ шэрымі птушанятамі. Дарэчы, лебедзі з`яўляюцца ў рыбгасе бадай што адзінай буйной вадаплаўнай птушкай, якую тут паважаюць і ўвогуле не чапаюць...

А вось сажалак у рыбгасе "Сялец" вельмі шмат — гэта дзясяткі нагульных вадасховішчаў, для вырошчвання таварнай рыбы. Увогуле, рыбгас — самы буйны ў Беларусі па вырошчванні сажалкавай, азёрна-рачной рыбы, таксама малькоў карпа, шчупака, раслінаедных і асятровых у заводскіх умовах.

Агульная плошча сажалак рыбгаса складае 2500 гектараў, дзе толькі на нагульныя вадасховішчы прыпадае 1823 гектары. Сёлета тут плануюць злавіць і рэалізаваць 2,7 тысячы тон рыбы, што на 15 працэнтаў больш, чым летась.

Галоўны рыбавод гаспадаркі Сяргей Міховіч адзначае, што галоўнае не толькі ў тым. як лепш рыбу вырасціць і злавіць. Тут трэба стварыць такі алгарытм вытворчасці, каб да спажыўца трапляў толькі высакаякасны прадукт і, пажадана, не вельмі дарагі. З цэнамі не зусім заўсёды гладка, але... Для вырошчвання кілаграма рыбы неабходна каля 3 кг камбікармоў. А вось з ліпеня гэтыя камбікармы падаражэлі больш чым у два разы. Непасрэдна на продажы жывой рыбы сёння шмат грошай не заробіш. Рэнтабельнасць прадпрыемства па гэтым кірунку складае каля 10 працэнтаў. На ўсіх сталічных кірмашах і рынках не вельмі вялікі карп непасрэдна з машыны рыбгаса "Сялец" каштуе каля 14 тысяч, а цана элітнага карпа дасягае 20—22 тысяч рублёў.

Увогуле ў рыбгасе культывуюцца не толькі традыцыйныя карп, белы амур, таўсталобік, карась і шчука. Цяпер спецыялісты гаспадаркі пачалі актыўнае развядзенне каштоўных відаў рыбы — весланоса, ленскага асятра, бесцера, сцерлядзі, бялугі, вялікаротага буфала. Сёлета ў рыбгасе плануецца здабыць каля 100 тон менавіта асятровых відаў рыб. Дарагія і каштоўныя віды рыб у Беларусі прадаюцца не вельмі добра, затое на гэтыя прысмакі ёсць свой кліент за мяжой. Плануецца, што экспарт рыбы і рыбапрадуктаў у Расію і Літву з рыбгаса "Сялец" складзе сёлета ў аб`ёме каля 5000 тон.

У рыбгасе "Сялец" дзейнічае цэх перапрацоўкі ўласнай рыбы. Агульная магутнасць цэха па стварэнні паўфабрыкатаў у змену складае 1,5 тоны. Гэта ахалоджаная і замарожаная рыба ў спецыяльнай упакоўцы, філе, тушкі, наборы для юшкі, вэнджаная і вяленая рыба. Сёння добрым попытам пачаў карыстацца філей карпа пасля моцнай замарозкі ў вакуумнай упакоўцы. Амаль усю гэтую прадукцыю рыбгаса "Сялец" скупляюць камбінаты школьнага харчавання буйных гарадоў краіны, у тым ліку і сталіцы.

Наладжана ў рыбгасе барацьба з браканьерамі і крылатымі драпежнікамі. На лянівую сажалкавую рыбу актыўна палюе вялікі баклан і шэрая чапля. Гэтых птушак адстрэльваюць на тэрыторыі рыбгаса на працягу ўсяго сезона. За мёртвую птушку баклана прадпрыемства плаціць 7 тысяч плюс 3 патроны, а за шэрую чаплю — 3,5 тысячы рублёў плюс 2 патроны. Увогуле, вялікі баклан па памерах адпавядае добрай хатняй качцы і з`ядае за дзень каля кілаграма рыбы. Іншыя метады барацьбы з вельмі актыўнымі крылатымі драпежнікамі прапануюць спецыялісты грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Аднак засцерагальныя сеткі і іншыя прыстасаванні (ніткі ў 5—6 палосак на вышыні 70—80 см ад вады) працуюць толькі на невялікіх сажалках. Усе вадаплаўныя драпежнікі, калі здалёк бачаць гэтыя шнуркі, аблятаюць такое вадасховішча бокам. Аднак калі сажалка мае плошчу да 150 гектараў, то яе ніякімі ніткамі не "прыкрыеш". Сяргей Міховіч адзначае, што адстрэл бакланаў паралельна з выкарыстаннем гукавых пушак дазваляе дадаткова захоўваць на вадасховішчах рыбгаса ў сезон больш за 50 тон таварнай рыбы.

Намеснік дырэктара Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча Анатоль Мароз адзначае, што агульны аб`ём вылаву сажалкавай таварнай рыбы сёлета чакаецца на ўзроўні 17,9 тысячы тон. Толькі за сезон з верасня па снежань неабходна прадаць такой рыбы аб`ёмам не менш чым 9 тысяч тон. Сёлета ўласнай рыбы на тэрыторыі Беларусі плануецца прадаць каля 16,2 тысячы тон, або на 16 працэнтаў больш, чым летась. Рыбгасы будуць прымаць удзел ва ўсіх сельскагаспадарчых кірмашах сталіцы, у абласных і нават раённых цэнтрах краіны. Толькі ў лістападзе Дэпартамент плануе правесці некалькі буйных спецыялізаваных рыбных кірмашоў у розных гарадах нашай краіны.

Анатоль Мароз паведаміў, што, згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця рыбагадоўлі, да 2015 года плануецца павялічыць вытворчасць таварнай прэснаводнай рыбы ў аб`ёме каля 22,7 тысячы тон, а таксама не менш чым 2,5 тысячы тон каштоўных парод рыб.

Для таго, каб уласная рыба была беларусу "па кішэні", неабходна павялічваць аб`ёмы вытворчасці рыбы і адначасова памяншаць яе сабекошт. Вялікія страты нясуць рыбгасы пры рэалізацыі жывой рыбы маленькімі партыямі праз гандлёвую сетку.

Выйсце — у стварэнні буйных холдынгаў па сумеснай вытворчасці і рэалізацыі рыбнай прадукцыі. Цяпер у Беларусі дзейнічае 6 цэхаў па перапрацоўцы прэснаводнай рыбы магутнасцю 2,5 тысячы тон у змену. У бліжэйшай перспектыве плануецца ўвод у эксплуатацыю яшчэ двух падобных цэхаў.

Напрыканцы нашай камандзіроўкі Анатоль Мароз адзначыў, што цяпер у рыбгасе "Сялец" працягваецца актыўная дапрацоўка абсталявання, з дапамогай якога ўжо праз год магчыма будзе з уласнай рыбы атрымліваць прамысловую таварную чорную ікру.

Сяргей Куркач, Мінск — рыбгас "Сялец". 
Звязда, 20 верасня 2011
 
Дата публикации:20.09.2011
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:3264
 
Ключевые слова:
Рыбное хозяйство Чёрная икра
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме