https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе з 7 па 11 верасня


Аб гэтым паведаміла 7 верасня на прэс-канферэнцыі Наталля Задзяркоўская.
ІІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе з 7 па 11 верасня, паведаміла 7 верасня на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы - начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталля Задзяркоўская.

У мерапрыемствах фестывалю, якія пройдуць у Мінску і аграгарадках Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, прымуць удзел прадстаўнікі грамадскіх аб`яднанняў беларускіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, з 19 краін: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі.

Усяго больш як 200 беларусаў замежжа прыбудуць у Мінск. Як падкрэсліла Наталля Задзяркоўская, цікавасць да фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які праходзіць раз у 3 гады, пастаянна расце.

У першым фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі з 11 краін, у другім - 18. Праграма фестывалю сфармавана з улікам юбілейных дат: 950-годдзя з дня заснавання беларускай сталіцы, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ужо ўвечары 7 верасня госці Беларусі прымуць удзел у прэзентацыі ў Нацыянальным гістарычным музеі пражскага выдання Бібліі Францыска Скарыны 1517 года. Гэта кніга захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Яе прывезлі ў Мінск спецыяльна для выстаўкі "Беларусь: адраджэнне духоўнасці".

Праграма дня 8 верасня пачнецца з адкрыцця раніцай знака "Беларусам замежжа" на Троіцкай набярэжнай у сталіцы. Творчая сустрэча пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з чальцамі грамадскага аб`яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" пройдзе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі падрыхтавана выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа.

Экспазіцыю склалі творы мастакоў з 9 краін. Фестываль адкрыецца вечарам 8 верасня канцэртнай праграмай "З любоўю да роднай зямлі" ў Белдзяржфілармоніі.

У суботу, у свята горада-юбіляра, 9 верасня, анансаваны канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці "Беларусы замежжа віншуюць сталіцу" на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы.

Канцэрты беларусаў свету ў рэгіёнах рэспублікі "Ты ў сэрцы маім, Беларусь" пройдуць 10 верасня.

Удзельнікі фестывалю таксама змогуць пазнаёміцца з беларускай сталіцай, падрыхтавана экскурсійная праграма, запланавана наведванне музеяў.

Правядзенне фестывалю з`яўляецца чарговым крокам дзяржавы па падтрымцы беларускіх суайчыннікаў замежжа і развіцці ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння з грамадскімі аб`яднаннямі беларусаў свету, адзначыла Наталля Задзяркоўская.

Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, аблвыканкамы і Мінскі гарадскі выканкам, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў.

7 верасня 2017, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:07.09.2017
Тематика:Белорусские центры, Культура
Просмотров:909
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Беларусы ў свеце 500-годдзе беларускага кнігадрукавання Диаспора Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме