https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У аэрапорце Мінска сустрэлі першых замежных турыстаў, якія прыбылі ў Беларусь без віз


У нацыянальным аэрапорце Мінск 12 лютага адбылася цырымонія сустрэчы першых замежных турыстаў, якія прыбылі ў Беларусь з уваходжаннем ў сілу пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў.
Адной з першых, хто скарыстаўся новай магчымасцю, стала грамадзянка Кітая Лі Ен, якая прыбыла ў Мінск рэйсам з Абу-Дабі. Кітаянку са словамі "Сардэчна запрашаем у Беларусь!" і букетам руж у аэрапорце сустрэлі намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной і начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Алег Ляшук.

Лі Ен, якая працуе авіядыспетчарам, паведаміла журналістам, што ўпершыню наведвае Беларусь. Пра магчымасць прыехаць у краіну без візы даведалася ад калег. Кітаянка рада, што такая магчымасць з`явілася, і плануе наведаць некалькі музеяў.

Міхаіл Партной, каментуючы ўваходжанне ў сілу пяцідзённага бязвізавага рэжыму, заявіў журналістам: "Гэта прарыўны крок і жэст добрай волі. Цяпер наша краіна адкрытая".

Паводле яго слоў, першыя два-тры месяцы ўлады Беларусі не чакаюць кратнага павелічэння турыстаў, але ў наступным, асабліва ў 2018 годзе, гэты паток можа вырасці на 15-20%. У першую чаргу ў Беларусі чакаюць прыезду турыстаў з краін Еўрасаюза, а таксама з тых, дзе "моцная беларуская дыяспара". 

З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну цераз нацыянальны аэрапорт Мінск. Адпаведны ўказ быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 9 студзеня. Яго дзеянне распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і шэраг іншых. "Гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян", — адзначалася ў афіцыйным каментары да ўказа. Новыя правілы таксама распаўсюджваюцца на неграмадзян Латвіі і асоб без грамадзянства Эстоніі.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець дзейны пашпарт ці іншы дакумент, якi яго замяняе, для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як двум базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не меншую за 10 тыс. еўра, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзян В`етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з`яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб ўездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем ў іх вылету з нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу пяці дзён з даты ўезду.

Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама якія плануюць ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (гэтыя рэйсы з`яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).

Адзначалася, што ўказ № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" скіраваны "на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу брацца не будуць".

Прыняцце ўказа выклікала неадназначную рэакцыю ў Расіі. У Крамлі гэтае новаўвядзенне назвалі ўнутранай справай Беларусі, але ў расійскіх масмедыя яно выклікала шырокі рэзананс. На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гэтую "інфармацыйную кампанію". "Вой і крыкі з боку некаторых сумежных дзяржаў — гэта проста спроба выказаць незадавальненне з боку пэўных сіл, — сказаў ён. — Мы тут нічога не парушылі з пункта гледжання нашага ўнутранага заканадаўства. Гэта наша суверэннае права. Усё, пра што мы дамаўляліся, мы свята выконваем".

Лукашэнка адзначыў, што ўказ распрацоўваўся паўтара года і ўзгадняўся з усімі суседнімі краінамі, у тым ліку з Расіяй. "Калі Расія занепакоілася, то я заўсёды кажу: дай бог вам несці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх пагранічных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

1 лютага стала вядома, што Расія ўсталёўвае пагранзоны на мяжы з Беларуссю. Пагранупраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях РФ загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону, а таксама ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі. Пры гэтым у пагранслужбе ФСБ падкрэслілі, што новаўвядзенне тычыцца толькі грамадзян трэціх краін, якія едуць у Расію цераз Беларусь, беларускіх грамадзян яно не закране.

Многія аналітыкі расцанілі ўсталяванне погразон на мяжы з Беларуссю як адказ Расіі на ўвядзенне Мінскам пяцідзённага бязвізавага рэжыму для іншаземцаў.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2017
 
Дата публикации:12.02.2017
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:844
 
Ключевые слова:
Визовый режим Туризм в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме