https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў Смілавічах


Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.
Стварэнне музычнай гасцёўні з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, стала магчымым дзякуючы праекту "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Як расказала дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак, раней музейная экспазіцыя знаходзілася ў сярэдняй школе.

Ідэя аб стварэнні асобнай экспазіцыі з адкрыццём музычнай гасцёўні, дзе будуць праводзіцца канцэртныя выступленні мясцовых калектываў, артыстаў Белдзяржфілармоніі, была падтрымана мясцовымі ўладамі.

Сёння пакуль адкрыта толькі адна зала, дзе прадстаўлена творчасць кампазітара берлінскага і варшаўскага перыядаў жыцця.

Наведвальнікі могуць убачыць касцюмы з Познанскага і Варшаўскага опернага тэатраў, на сцэнах якіх ставіліся творы Станіслава Манюшкі, афішы, грампласцінкі, нотныя зборнікі, здымкі. Экспазіцыя будзе папаўняцца, дадала Алена Забаронак.

У музычнай гасцёўне адбыўся святочны канцэрт з нагоды яе адкрыцця. Уражаннямі з гасцямі падзялілася кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Як гісторыку па адукацыі ёй асабліва прыемна, што беларусы шануюць сваю спадчыну, ганарацца ёй і імкнуцца яе папулярызаваць, зацікаўлены ў развіцці турыстычнага патэнцыялу.

Андрэа Віктарын падкрэсліла, што па праекце "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" было падтрымана 50 ініцыятыў, накіраваных на развіццё турыстычнага патэнцыялу і захаванне культурнай спадчыны.

За апошнія два гады пры падтрымцы ЕС па гэтым праекце было праведзена 20 фестываляў, атрымалі падтрымку 20 музеяў і 23 мастацкія і рамесныя майстэрні.

Паводле слоў намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Алы Шахоцька, удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў даў магчымасць аб`яднацца і рэалізаваць даўно існуючыя ідэі.

Так, месяц таму была адкрыта майстэрня па дрэваапрацоўцы. Цяпер адкрыта музычная гасцёўня Манюшкі.

Трэці праект - "Развіццё турыстычнага патэнцыялу гарадскога пасёлка Смілавічы", вынікі якога таксама прэзентавалі ўдзельнікам сустрэчы. Усё гэта дазваляе зразумець, як рухацца далей, і дае магчымасць з`яўляцца новым ідэям.

У прыватнасці, ідзе работа над стварэннем пашпарта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця раёна.

Пастаянны каардынатар ААН/ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха лічыць, што ў Беларусі адбываецца шмат пазітыўных змяненняў у сферы развіцця турызму. Пяцідзённы бязвізавы ўезд для замежных грамадзян, якія прыбываюць паветраным шляхам, - адзін з такіх станоўчых момантаў. Ён выказаў надзею, што ў будучым тэрмін знаходжання турыстаў у Беларусі можа быць павялічаны да 10 дзён, а дзеянне бязвізавага рэжыму распаўсюдзіцца і на турыстаў, якія прыбываюць наземным транспартам.

Разам з тым ёсць шэраг рэчаў, якія патрабуюць рэалізацыі. Гэта датычыцца павышэння сэрвісу ў малых гарадах, забеспячэння камунікацыі, неабходнасці персаналу музеяў валодаць замежнымі мовамі, распрацоўкі брэндзіравання, турыстычныя маршруты.

Гасцям таксама былі прадстаўлены вынікі рэалізацыі яшчэ адной ініцыятывы па праекце "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" - "Развіццё турыстычнага патэнцыялу г. п. Смілавічы".

У цэнтры праекта - музей "Прастора Хаіма Суціна", адзін з галоўных тураб`ектаў гарпасёлка. Як расказаў дырэктар прыватнай культурнай установы "Спадчына і час" Юрый Абдурахманаў, дзякуючы фінансаванню па праекце ЕС устаноўлены дарожныя знакі, што дазваляе турыстам арыентавацца ў пошуках месцазнаходжання музея, а ў цэнтры пасёлка на адным з будынкаў з`явілася выява турыстычнай карты Смілавіч з пазначэннем выдатных мясцін. Карта існуе таксама і ў папяровым выкананні.

Акрамя таго, выпушчаны камплекты паштовак, прысвечаныя Хаіму Суціну і Шрагу Царфіну. Таксама распрацавана некалькі прапаноў аб турыстычным брэндзе Смілавіч, якія ў хуткім часе будуць прадстаўлены на абмеркаванне.

Юрый Абдурахманаў адзначыў, што работа па развіцці турыстычнага патэнцыялу будзе прадаўжацца і пасля завяршэння ініцыятывы. Паводле задумы, Смілавічы павінны стаць арт-гарадком, дзе дзейнічае некалькі музеяў, галерэй, праходзяць міжнародныя выставы, пленэры і фестывалі.

28 лістапада 2017, Смілавічы
БЕЛТА
 
Дата публикации:28.11.2017
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:631
 
Ключевые слова:
Смілавічы Станіслаў Манюшка Музыкальная гостиная ООН
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме