https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


МУС працягвае выяўляць факты арганізацыі дагаворных матчаў


Больш за дзясятак прафесійных спартсменаў добраахвотна заявілі аб удзеле ў незаконных схемах, паведамляе прэс-служба МУС.
Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі выявілі чарговыя факты арганізацыі дагаворных матчаў у гульнявых відах спорту. 

Міжнародная злачынная група займалася арганізацыяй дагаворных матчаў у розных відах спорту — гаворка ідзе ў асноўным пра паядынкі ў чэмпіянаце і Кубку краіны па футболе ў 2017 і 2018 гадах.

"Першыя затрыманні і арышты пачаліся два месяцы таму. Пасля гэтага аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне ідэнтычных фактаў супрацьпраўнай дзейнасці іншых членаў сіндыката, працягнуліся", — адзначаецца ў паведамленні.

Спартсменам-інструктарам было прапанавана добраахвотна звярнуцца ў праваахоўныя органы з інфармацыяй аб удзеле ў дагаворных матчах узамен на вызваленне ад крымінальнай адказнасці ці яе змякчэнне. 13 чалавек падалі адпаведныя звесткі, што дазволіла не прымяняць да іх меры працэсуальнага прымусу, паведамляе МУС.

У выніку былі распачатыя чатыры крымінальныя справы за подкуп удзельнікаў прафесійных спаборніцтваў. Задакументавана больш за дзесяць аналагічных злачынных эпізодаў, матэрыялы па якіх ужо накіраваны ў Следчы камітэт для прававой кваліфікацыі.

Гэта ўжо другая злачынная група, выяўленая ў Беларусі за апошнія тры гады. У 2017 годзе за такія злачынствы 15 чалавек з Расіі, Украіны і Беларусі былі прыгавораныя да абмежавання волі і штрафаў "Аднак некаторыя з асуджаных не сталі на шлях выпраўлення і зноў заняліся арганізацыяй дагаворных матчаў", — адзначаюць у міністэрстве.

МУС наладжана цеснае ўзаемадзеянне з міжнародным агенцтвам па выяўленні і расследаванні дагаворных матчаў Federbet, а таксама з айчыннымі федэрацыямі футбола і валейбола.

Нагадаем, у пачатку студзеня МУС паведаміў пра затрыманне з доказамі злачынства "ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы, якія займаліся дагаворнымі матчамі". "Зламыснікі дзейнічалі па загадзя агавораным сцэнары, а зыход гульні вызначаўся каэфіцыентамі на пэўны вынік, якія выстаўляліся букмекерскімі канторамі. Незаконны грашовы прыбытак удзельнікі "шэрых" схем атрымлівалі ад букмекерскіх кантор краін Заходняй Еўропы і Азіі", — гаварылася ў паведамленні. Справа была распачатая па ч. 3 арт. 209 КК (махлярства) і ч. 2 арт. 253 КК (подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 сакавіка 2019
 
Дата публикации:05.03.2019
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:304
 
Ключевые слова:
Криминал Коррупция Договорной матч Букмекеры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме