https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Анатоль Буяльскі: «На эшафот ідуць весялей, чым нас праводзілі на чэмпіянат»


Жаночую зборную Беларусі па баскетболе сустрэлі ў аэрапорце з кветкамі і аркестрам.
Зборная вярнулася ў Беларусь 4 кастрычніка авіярэйсам з Вены. У аэрапорце дзяўчат і трэнерскі штаб сустракалі дзясяткі людзей з кветкамі. Каля выхаду з 5-6 сектараў чакаў вайсковы аркестр. Самалёт прызямліўся на 11 хвілін пазней. Першыя пасажыры сталі з’яўляцца праз хвілін пятнаццаць. Гэта былі звычайныя людзі, якія відавочна бянтэжыліся ад мноства фота і відэакамер, букетаў кветак у руках унушальнага для невялікага вестыбюлю натоўпу.

Над выхадам з сектару вісела рэклама роўмінгу ў Расіі аднаго з мабільных аператараў. Кагосьці з заўзятараў гэта правакавала на ўспаміны пра трыумфальную перамогу нашых баскетбалістак над расейскамі. «А колькі пантоў было! Ды мы іх на адной назе размажам! А нашы ўзялі ды парвалі расійскую зборную», — дзяліўся нядаўна перажытымі эмоцыямі з сябрам маладзён у спартовай куртцы.

Брама ў чарговы раз расчынілася, перад натоўпам з’явілася група замежнікаў. Адзін збянтэжана спыніўся і ў разгубленасці прамовіў: «Спа-сі-бо». «Вэлкам!» — выбухнуў смехам люд.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч паспачуваў заўсёдным кліентам мінскага аэрапорту: «Тут звычайна настолькі глуха, што такое відовішча, як сёння, многім цяжка пераварыць».

Прызямліўся самалёт, што прыляцеў з Амстэрдаму. Заўзятары захваляваліся. Пачуліся трывожныя здагадкі, што гераінь чэмпіянату маглі вывезці праз іншы сектар. «Ды не, тут тэлевізійшчыкі, яны ж не дурні, ведаюць, дзе сустракаць», — супакоіў таварышаў адзін з фанатаў зборнай. У натоўпе гучалі поўныя скрухі галасы аматараў баскетболу: «У мяне акумулятар у фоціку сеў! А я забыў каляндар з дзяўчатамі, класна было б аўтограф у кожнай атрымаць».

Сярод чакальнікаў расло напружанне. Пах кветак рабіўся амаль невыносны. І тут па натоўпе пранеслася хваля воплескаў і крыкаў захаплення: з-за спінаў людзей да брамы праціснулася адна з баскетбалістак. Магу памыліцца, але, здаецца, гэта была Святлана Валько. Яна коратка павіталася і знікла ў тым накірунку, адкуль чакалася зборная. Да журналістаў, што занялі першыя шэрагі, выйшаў мужчына з рацыяй і паабяцаў, што праз тры хвіліны спартсменкі прыйдуць. На гадзінніку было 17.22.

І вось нарэшце дзяўчаты! Грымнуў аркестр, які з першых акордаў уступіў ў нялёгкае спаборніцтва з натоўпам.

Некалькі хвілінаў цягнуліся абдымкі з роднымі, дарэнне кветак, а потым дзяўчат расхапалі журналісты і прыхільнікі. Адзін з іх такі прывёз у аэрапорт каляндар для аўтографаў. «Мы чыталі вашы каментары і віншаванні, дзякуй усім!» — казала Марына Крэс. Алена Леўчанка са стомленай усмешкай раздавала аўтографы. На вуліцы пачалося фотапаляванне: «Мама! Там Марчанка, дзе наш фотаапарат?!»

На выхадзе з сектараў трэнер зборнай Анатоль Буяльскі даў імправізаваную прэс-канферэнцыю. «Я задаволены вынікам», — падкрэсліў ён.

Трэнер расказаў пра заўзятараў, якія падтрымлівалі зборную ў Чэхіі і інтэрнэце, пра гульню з Расіяй, «зорную» хваробу, падзяліўся планамі на будучыню. Буяльскі падкрэсліў, што галоўнае для яго каманды — гэта гледачы і заўзятары — і тыя, што прыехалі ў Чэхію (нешматлікая, але вельмі актыўная група, якая расце прафесійна разам са зборнай), і тыя, што перажывалі перад тэлевізарамі і маніторамі кампутараў.

Нашы прыхільнікі — толькі дзеля іх мы і перамагаем, падкрэсліў Анатоль Буяльскі. Ён выказаў пажаданне, каб за жыццём зборнай сачылі незалежна ад яе поспехаў, ці няўдач. Бо атрымліваецца, што кветкі і аркестр дзяўчат чакае выключна пасля перамог. У той час, як у дарогу перад турнірамі іх праводзяць без помпы.

Ён расказаў, што на гэты турнір зборная выпраўлялася так, што «на эшафот едуць весялей».

Ад’езду папярэднічала буйная параза ад зборнай Расіі, адсюль, магчыма, і такі настрой у дарогу, мяркуе трэнер. Але, цалкам верагодна, гэта дала і своеасаблівы зарад на гульню з той жа Расіяй, якая скончылася перамогай беларусак. Буяльскі расказаў, што тая перамога спарадзіла каласальную ўвагу да нашай зборнай. «Часам хацелася схавацца ад гэтага ўсяго». Тым не менш, да папулярнасці дзяўчат ён паставіўся спакойна, адзначыўшы, што «зорная» хвароба ў такой сітуацыі — рэч натуральная, але нашы баскетбалісткі з ёй справіліся. Наступны этап — падрыхтоўка да чарговага Чэмпіянату Еўропы і алімпіяды ў Лондане.

***

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе сенсацыйна дэбютавала на Чэмпіянаце свету 2010 у Чэхіі, заняўшы 4-е месца. Медалі ўзялі амерыканкі, чэшкі ды іспанкі, адпаведна. Нашы ж дзяўчаты пакінулі ззаду аўстраліек (чэмпіёнак 2009 г.), францужанак і фаварытак чэмпіянату расеек. Па выніках турніру беларуска Алена Леўчанка была прызнаная найлепшай цэнтравой турніра — яна трапіла ў сімвалічную пяцёрку найлепшых баскетбалістак у сваіх амплуа.

Наша Ніва
Сямён Печанко
4 кастрычнiка 2010

 
Дата публикации:05.10.2010
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:6577
 
Ключевые слова:
Баскетбол
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме