https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды спартсменам і трэнерам па веславанні на байдарках і каноэ


Урачыстая цырымонія адбылася 26 лістапада ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства адзначыў, што стала добрай традыцыяй сустракацца ў Палацы Незалежнасці, каб выказваць словы ўдзячнасці тым, хто праслаўляе Беларусь, здзіўляе ўвесь свет.

У іх ліку - каманда па веславанні на байдарках і каноэ. Аляксандр Лукашэнка назваў яе самай стабільнай і паспяховай нацыянальнай зборнай дзесяцігоддзя, а гэты від спорту - сапраўды беларускім. "Яго традыцыі непарыўна звязаны са шматвяковай культурай і бытам роднай Беларусі - краю тысячы рэк і азёр", - растлумачыў ён.



Прэзідэнт звярнуў увагу, што балельшчыкі прывыклі да перамог беларускіх весляроў на самых буйных міжнародных спаборніцтвах. "З кожнага турніру, уключаючы Алімпійскія гульні, беларусы вяртаюцца з медалямі, - канстатаваў ён. - У чэрвені ў час II Еўрапейскіх гульняў я з вялікім задавальненнем гэта назіраў. Я ўважліва сачыў за гарачымі жнівеньскімі баталіямі на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сегедзе, дзе вы даказалі, што беларусам сёння няма роўных у свеце. Заваяваўшы 14 медалёў, шэсць з якіх залатыя, вы выйгралі камандны залік і абышлі іншых лідараў сусветнага веславання - Германію, Венгрыю, Кітай, Расію, Новую Зеландыю і іншыя. А на (маючай адбыцца летам у Токіа.) Алімпіядзе больш і не трэба. Я асабіста ад вас большага і не патрабую. Паўтарыце гэта".

Кіраўнік дзяржавы цёпла падзякаваў спартсменам за яркія, незабыўныя эмоцыі, якія яны падарылі ўсім аматарам спорту, асабліва адзначыўшы экіпаж байдаркі-двойкі - Марыну Літвінчук і Вольгу Худзенка. 

"У Венгрыі наш залаты дуэт двойчы ўзнімаўся на вышэйшую прыступку п`едэстала гонару. Я павінен падзякаваць пры гэтым і камандзе, таму што гэта такі від спорту, пры якім нават другія-трэція месцы, проста выступленні дзяўчат, юнакоў у гэтым відзе ствараюць аснову для перамог такіх вялікіх спартсменак", - сказаў ён.Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што веславанне - вельмі цяжкі від спорту, асабліва для жанчын. 

"Больш цяжкага віду спорту няма, - сказаў ён. - Мужыкі - гэта мужыкі, яны павінны веславаць. А дзяўчатам - асаблівая ўдзячнасць. Дзякуй вам!"

Прэзідэнт нагадаў, што камандай па веславанні на байдарках і каноэ заваяваны пяць медалёў на чэмпіянатах свету ў алімпійскіх дысцыплінах. "Усе гэтыя дасягненні - сведчанне таго, што ў Беларусі створана моцная нацыянальная школа веславання. Нашы юныя таленты перамагаюць не толькі на юніёрскіх стартах, але і паспяхова пераходзяць на найвышэйшы ўзровень", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але са шкадаваннем дадаў, што для Беларусі такія вынікі можна назваць хутчэй выключэннем, чым правілам. 

"Як толькі я пачынаю з начальнікаў патрабаваць за вынік... Былі дзеці добрыя, юнакі, моладзь цудоўная, выйграюць і ў біятлоне, і ў бегавых лыжах - зімовы від спорту. Як толькі даходзім да дарослых, іх няма. Дзе яны? Растварыліся па дарозе. Таму гавару, што вы хутчэй выключэнне, калі моладзь падцягваецца да дарослых і перамагае", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Выклікае павагу, што вы, настаўнікі, заўсёды перажываеце за свой від спорту, за кожнага выхаванца, упарта працуеце, не шкадуючы ні сіл, ні часу, ні здароўя. Добра, што сёння мы не забылі і аб першых трэнерах, якія вучылі чэмпіёнаў азам, заклалі асновы тэхнікі, далі пуцёўку ў вялікі спорт. Так трэба рабіць заўсёды. Без першых трэнераў гэты россып узнагарод і гэта ўрачыстая сустрэча былі б сёння немагчымы", - сказаў беларускі лідар. Ён падзякаваў спартсменам і трэнерам за вялікую працу, волю да перамогі і найвышэйшыя вынікі.

Аднак хутка нацыянальнай камандзе давядзецца прайсці галоўны экзамен - у ліпені стартуе Алімпіяда ў Токіа. "Вы не горш за мяне разумееце, што ў Японіі вас чакае вельмі жорсткая, бескампрамісная барацьба ў складаных кліматычных умовах. І ўсе перамогі ў Венгрыі, калі яны будуць пацверджаны, апынуцца ў вас не ў актыве, а ў пасіве. Калі вы ўжо ўзялі такую планку, канкрэтызую, вам давядзецца скакаць, пад планку ніяк нельга. У вас тытулаваныя сапернікі, якія таксама нацэлены на поспех і вельмі напружана рыхтуюцца да Алімпіяды, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Перакананы, што вы зможаце ўсё пераадолець і абавязкова хаця б на імгненне (больш не трэба) апярэдзіце канкурэнтаў. Вялікая армія нас, балельшчыкаў, вельмі верыць і спадзяецца, што вы будзеце на вышыні, вы пераможаце. Не на вышыні - на вадзе будзеце. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту ў жыцці і ўдачы ў будучых выступленнях!"

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб гэта ўрачыстая і кароткая сустрэча была ў будучым прадоўжана. "Калі вы выступіце не горш (на Алімпіядзе.), мы з вамі павінны пайсці ўжо ў рэстаран", - сказаў з гумарам Прэзідэнт.

За шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё веславання на байдарках і каноэ, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на чэмпіянатах свету і Еўропы, II Еўрапейскіх гульнях 2019 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём "За працоўныя заслугі" трэнера-выкладчыка філіяла Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Міхаіла Аземшу, старшых трэнераў нацыянальнай каманды Беларусі Мікалая Банько і Генадзя Галіцкага. Гэтыя медалі Прэзідэнт уручыў спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды Марыне Літвінчук і Вользе Худзенка.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Уладзіміру Шантаровічу, які ўдастоены гэтай узнагароды за выдатныя спартыўныя дасягненні, выключныя заслугі ў развіцці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" атрымаў ад Прэзідэнта спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Арцём Козыр.

Падзяка Прэзідэнта аб`яўлена 8 спартсменам за высокі прафесіяналізм, дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ. 

Падзякі ўдастоены таксама 15 прадстаўнікоў трэнерскага складу за шматгадовую плённую працу ў сферы фізкультуры і спорту, выдатныя дасягненні ў падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у забеспячэнне высокакваліфікаванага медыцынскага і фармакалагічнага абслугоўвання спартсменаў нацыянальнай каманды.

26 лістапада 2019, Мінск 
Кацярына Крышэнік - БЕЛТА

 
Дата публикации:26.11.2019
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:253
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Гребля Награждение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме