https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


З пачатку года дзяржінспектары канфіскавалі 80 сетак даўжынёй 4 кіламетры


Большасць з іх — яшчэ да траплення ў вадаёмы, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Частка забароненых прылад лоўлі была здадзена добраахвотна. Жыхар Рэчыцкага раёна перадаў супрацоўнікам гомельскай інспекцыі 11 сетак даўжынёй 745 метраў, якія ён захоўваў у гаспадарчай пабудове, размешчанай паблізу Дняпра. Выкарыстоўваў іх ці не для браканьерства — пытанне рытарычнае. Але добраахвотная выдача пазбавіла яго і ад спакусы выйсці на нелегальны промысел, і ад штрафу за незаконнае захоўванне сеткаматэрыялаў.

Жанчына з Брагінскага раёна таксама паведаміла ў мясцовую інспекцыю аб жаданні здаць “арсенал”, які застаўся ад мужа — 10 сетак даўжынёй 342 метры і 7 нератаў саматужнага вырабу.

А вось маладога чалавека з вёскі Суйкава Віцебскага раёна, якому ледзь споўнілася 18 гадоў, інспектарам давялося доўга пераконваць расстацца з забароненымі прыладамі. У інспекцыю паступіла інфармацыя, што яго бачылі на мясцовых вадаёмах з сеткамі. Не губляючы часу, інспектары прыйшлі дадому на размову з юным браканьерам і яго маці. Першапачаткова абодва адмаўлялі наяўнасць у доме забароненых прылад, але, усвядоміўшы наступствы, юнак усё ж неахвотна выцягнуў з розных схованак 14 сетак агульнай даўжынёй 613 метраў. Маладога чалавека прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за іх захоўванне, хоць у дадзенай сітуацыі штраф можа быць мінімальным.

А вось прадпрымальніцы з аграгарадка Доўск Рагачоўскага раёна пагражае штраф ад 10 да 200 базавых велічынь. Жанчына легальна прадавала землякам рыбалоўныя снасці, а нелегальна — сеткі. Пад выглядам пакупнікоў да яе наведаліся супрацоўнікі гомельскай інспекцыі. У выніку канфіскавана 6 новых сетак даўжынёй амаль 600 метраў, складзены адміністрацыйны пратакол.

У Дзяржінспекцыі нагадваюць, што незаконныя выраб, набыццё, захоўванне або збыт рыбалоўных сетак і сеткаматэрыялаў цягнуць накладанне штрафу: на фізасобу — да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 200 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь.

Добраахвотна здаць забароненыя прылады лоўлі рыбы можна, звярнуўшыся ў любое тэрытарыяльнае падраздзяленне Дзяржінспекцыі. У такім выпадку заяўнікі будуць вызвалены ад адказнасці за іх незаконнае захоўванне.

Сяргей Расолька
Звязда, 16 студзеня 2020
 
Дата публикации:16.01.2020
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:259
 
Ключевые слова:
Охрана природы Браконьерство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме