Курс валютпокупкапродажа
USD326.32327.39
EUR398.29400.94
RUR5.275.35
www.kurs.kz
 


 



Найти
 
 


Экіпаж "МАЗа" замацаваўся ў тройцы лідараў "Дакара" сярод грузавікоў


Беларускія экіпажы з пераменным поспехам завяршылі чацвёрты этап ралі-рэйду "Дакар-2018", распавялі на Мінскім аўтазаводзе.
"МАЗ" Аляксея Вішнеўскага з-за прабітага паддона з маслам страціў некалькі гадзін на трасе, затое экіпаж Сяргея Вязовіча пасля замены надзіманага патрубка здолеў паскорыцца і замацавацца ў тройцы мацнейшых у абсалютным заліку.

Чацвёрты этап уключаў у сябе спецучастак даўжынёй 330 км, які аказаўся складаным як для гоншчыкаў, так і для тэхнікі. Праходзячы праз стромкія каньёны і мноства выдмаў, практычна ўсе экіпажы сутыкнуліся з тэхнічнымі праблемамі на трасе.

Цяжкасці не абмінулі і беларускую каманду. У выніку Сяргей Вязовіч быў на фінішы восьмым, патраціўшы на спецучастку 6 гадзін 3 хвіліны. Пераможцам этапу стаў лідар ралі Эдуард Нікалаеў з "КАМАЗ-майстра", якому беларусы саступілі 1 гадзіну 28 хвілін. У агульным заліку МАЗ замацаваўся ў тройцы наймацнейшых з адставаннем у 2 гадзіны 22 хвіліны.

Сур`ёзныя праблемы паўсталі ў экіпажа Аляксея Вішнеўскага. Калі ён з`язджаў з абрыву, то прабіў паддон, з якога пачало выцякаць масла. Сяргей Вязовіч, які ехаў ззаду, перадаў яму неабходныя матэрыялы. Аднак рамонт зацягнуўся, і арганізатары не пусцілі 518-ты экіпаж на апошні 26-кіламетровы ўчастак, з-за чаго той не ўзяў 12 пунктаў, за што рызыкуе атрымаць часавы штраф. Фінішаваў ён на 17-м радку. Яго час — 9 гадзін 21 хвіліна, а адставанне — 4 гадзіны 45 хвілін. У агульным заліку экіпаж пакуль займае 12-ты радок, прайграючы лідару гонкі 5 гадзін 38 хвілін.

Аляксандр Васілеўскі пераадолеў спецучастак больш размерана, хіба што не змог падняцца на некалькі выдмаў, прабіў кола і заблудзіўся вакол адной кантрольнай кропкі. Экіпаж паказаў 14-ты час — 7 гадзін 46 хвілін, то бок на 3 гадзіны 11 хвілін адстае ад лепшага выніку. Такую ж пазіцыю ён займае і ў турнірнай табліцы, прайграючы камазаўскаму экіпажу 9 гадзін 9 хвілін.

Пяты этап пройдзе паміж перуанскімі гарадамі Сан-Хуан-дэ-Марконі і Арэкіпа. Гоншчыкам падрыхтавалі 266-кіламетровы спецучастак з пяскамі і дзюнамі. Ралі-заезд таксама абяцае быць вельмі напружаным.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" ў сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор`е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2018
 
Дата публикации:10.01.2018
Тематика:Транспорт, Спорт и Туризм
Просмотров:79
 
Ключевые слова:
Ралли Дакар-2018 МАЗСпортавто Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме