https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Белстат: Пятнаццаць адсоткаў школьнікаў вывучаюць усе прадметы на беларускай мове


У 2013/2014 навучальным годзе ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове вывучаюць усе прадметы больш за 142 тыс. вучняў, што складае 15% школьнікаў, на рускай мове — прыкладна 786 тыс. (85%).
Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

У гэтым навучальным годзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхавальнікі размаўляюць на беларускай мове больш як з 45 тыс. дашкольнікаў, што складае 11% дзяцей, якія наведваюць гэтыя ўстановы, на рускай мове — з 362 тыс. дзяцей (89%).

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі на беларускай мове вучыцца звыш тысячы навучэнцаў, або 1% навучэнцаў гэтых устаноў, на рускай і беларускай мовах — прыкладна 22 тыс. навучэнцаў (15%), на рускай — 116 тыс. (84%).

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі на беларускай мове вучыцца больш як 600 студэнтаў, або 0,2% студэнтаў, на рускай і беларускай мовах — звыш 153 тыс. (38%), на рускай — прыблізна 249 тыс. (62%).

Як адзначылі ў Белстаце, у месцах кампактнага пражывання этнічных груп для навучання на родных мовах адкрываюцца ўстановы адукацыі або падраздзяленні (класы, групы і інш.). Так, ва ўстанове дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці працуе рознаўзроставая група, у якой 14 дзяцей выхоўваецца на літоўскай мове. У трох установах агульнай сярэдняй адукацыі выкладанне вядзецца на польскай мове і ў адной — на літоўскай. У іх вучыцца амаль 900 вучняў. Акрамя таго, у іншых школах краіны польскую мову як самастойны прадмет, факультатыўна або ў гуртках вывучаюць 3.589 вучняў, літоўскую — 136, яўрэйскую — 168.

Як паведамляе Белстат, у 2012 годзе ў краіне было выпушчана 11,3 тыс. кніг і брашур гадавым накладам 33,1 млн. асобнікаў. З іх 9,5% найменняў кніг і брашур выдана на беларускай мове, 84,4% — на рускай, 0,1% — на польскай.

Сярод часопісаў і іншых перыядычных выданняў (у 2012 годзе іх было выдана 897 найменняў гадавым накладам 65,4 млн. асобнікаў) 16,8% выдана на беларускай мове, больш за 82% — на рускай, 0,3% — на польскай.

У 2012 годзе выдана 662 найменні газет, гадавы наклад якіх складае 467,3 млн. асобнікаў. Больш як 28% газет выдана на беларускай мове, 71% — на рускай, 0,3% — на польскай.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2014
 
Дата публикации:21.02.2014
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:1777
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Международный день родного языка Статистика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме