https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У БДУ прынятае рашэнне аб аплаце паўторнай здачы залікаў і экзаменаў


Пра гэта паведамляе прэс-служба галоўнай ВНУ краіны.
У БДУ прынятае палажэнне аб аплаце паўторнай здачы залікаў і экзаменаў. Дакумент зацверджаны загадам рэктара Сяргея Абламейкі ад 12 лістапада. 

Палажэнне "Аб арганізацыі атэстацыі асоб, якія не здалі экзамены, залікі, не прайшлі іншыя формы кантролю вынікаў навучальнай дзейнасці, прадугледжаныя вучэбнымі планамі, і ліквідацыі розніцы ў вучэбных планах у Беларускім дзяржаўным універсітэце" вызначае парадак збірання платы за паўторнае праходжанне бягучай і выніковай атэстацыі, а таксама ліквідацыі акадэмічнай розніцы. Дакумент набывае моц 1 студзеня 2016 года. 

Як адзначае прэс-служба, пры ўвядзенні платы за ліквідацыю акадэмічнай завінавачанасці БДУ зыходзіць з нормаў дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусі — Кодэкса аб адукацыі, а таксама правілаў правядзення атэстацыі студэнтаў, курсантаў, слухачоў пры засваенні зместу адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі, зацверджаных пастановай Мінадукацыі. 

"У базавы кошт атрымання адукацыі, як фінансаванай з дзяржаўнага бюджэту, так і за кошт уласных сродкаў грамадзян, уваходзіць толькі аднаразовая здача залікаў і экзаменаў, — гаворыцца ў паведамленні. — У выпадку ўзнікнення акадэмічнай завінавачанасці дзейнае заканадаўства тлумачыць такую пераздачу як адукацыйную паслугу, што павінна аказвацца пры ўмове пакрыцця яе кошту". 

Прэс-служба звяртае ўвагу на тое, што "плата за паўторную здачу залікаў і экзаменаў ужо даўно ўведзеная ў большасці беларускіх ВНУ". "З мэтай павышэння навучальнай дысцыпліны, адказнасці студэнтаў такое палажэнне ўведзенае і ў БДУ. Зараз студэнтам, якія дапусцілі акадэмічную завінавачанасць, у тым ліку ў выпадках нез`яўлення без уважлівых прычын на экзамен ці залік, неабходна будзе аплаціць паўторную здачу. Унясенне платы за паўторную здачу экзаменаў і залікаў стане дадатковым стымулам для тых, хто не надае належнай увагі вучобе ў ВНУ", — лічаць у адміністрацыі БДУ. 

Студэнты арганізавалі збор подпісаў пад зваротам да Сяргея Абламейкі і міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова супраць увядзення платы за пераздачу залікаў і экзаменаў. Яны лічаць, што стымулам да вучобы з`яўляецца не ўвядзенне платы, а стыпендыя, якая можа павялічвацца і паніжацца ў залежнасці ад паспяховасці.

Па стане на 10 лістапада пад зваротам падпісаліся амаль дзве тысячы чалавек.

БелаПАН
Мінск, 12 лістапада 2015
 
Дата публикации:12.11.2015
Тематика:Бизнес, Образование в Беларуси
Просмотров:1391
 
Ключевые слова:
Пересдача Белорусский государственный университет Академическая задолженность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме