На кірмашы "Прывітанне, школа-2014!", які пройдзе ля сталічнага Палаца спорту 23-24 жніўня, будуць прадаваць тавары з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі.
У кірмашы прымуць удзел арганізацыі-вытворцы, гандлёвыя арганізацыі нехарчовай і харчовай сеткі, прадпрыемствы грамадскага харчавання. Яны прадставяць на школьным базары шырокі асартымент тавараў: дзіцячае адзенне і абутак дзелавога стылю, вучнёўскую галантарэю, канцылярскія і папярова-чыставыя тавары, тавары і абсталяванне для ўсебаковага развіцця дзяцей, спартыўны інвентар і іншае. У час мерапрыемства мінчане і госці сталіцы змогуць не толькі набыць неабходныя рэчы, але і паўдзельнічаць у розных акцыях з уручэннем падарункаў.
У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама нагадалі, што пашыраны асартымент адзення, абутку і школьна-пісьмовых тавараў можна знайсці па 10 верасня ў 48 магазінах горада, яшчэ 380 арганізацый гандлю харчовай і нехарчовай сеткі рэалізуюць асобныя віды канцылярскіх і папярова-чыставых тавараў для школьнікаў. Для зручнасці пакупнікоў у некаторых гандлёвых аб`ектах арганізаваны драбнарознічны гандаль асобнымі відамі тавараў для школьнікаў, дадаткова выдзелена 70 гандлёвых месц унутры магазінаў, аформлена 65 куткоў для першакласнікаў. Прадаюць тавары школьнага асартыменту таксама ў гіпермаркетах сталіцы. Акрамя таго, у жніўні ў сталіцы працуюць 25 школьных базараў.
Паводле ацэнак галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, экіпіроўка школьнікаў малодшых класаў абыдзецца бацькам у суму ад Br1,2 млн да Br4,8 млн, старшакласнікаў - ад Br1,3 млн да Br5,1 млн. У гэту суму ўваходзяць швейныя і трыкатажныя вырабы, абутак (класічны і спартыўны), школьныя прылады.
14 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА