Беларускія навукоўцы распрацавалі дыетычную каўбасу для школьнікаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў сераду намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мясамалочнай прамысловасці НАН Беларусі Алена Сцяпанава.
Яна расказала, што для дашкольнікаў і школьнікаў цяпер выпускаецца каля 30 найменняў малочных і мясных вырабаў: паўфабрыкаты, каўбасы, паштэты.
"З навінак – каўбасныя вырабы для харчавання дзяцей з павышаным індэксам масы цела. За кошт зніжэння ў рэцэптуры да 30% тлушчу нам удалося знізіць каларыйнасць з 246 да 160 кілакалорый на 100 грам прадукту", - адзначыла Сцяпанава.
Менш солі, больш вітамінаў
Паводле яе слоў, у прадуктах для школьнікаў на 10% было зніжана колькасць солі і павышана ўзбагачэнне вітамінамі група В і магніем. "Будзем працаваць далей над пашырэннем асартыменту і задавальненнем патрэбнасці нашых дзетак", - канстатавала вучоная.
Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Дзмітрый Зайчанка ў сваю чаргу падкрэсліў, што прадукцыя для выхаванцаў дзіцячых садоў і школьнікаў адрозніваецца нізкім утрыманнем цукру і натрыю, а таксама вялікім вітамінным комплексам.
Пасля чаго дадаў, што айчынным харчапрамам сёння выпускаюцца некаторыя віды кандытарскіх вырабаў са спецыяльнай маркіроўкай "для школьнага харчавання": пячэнне, мармелад, фруктовыя батончыкі.
"У школьнай прадукцыі недапушчальна ўтрыманне генна-мадыфікаваных прадуктаў, яна адзначаецца нізкім утрыманнем солі, пякучых спецый, кіслот. Уся прадукцыя, якая выпускаецца нашымі прадпрыемствамі, запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і пастаўляецца на экспарт", - сказаў на заканчэнне ён.