https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Беларусі прыняты план па рэалізацыі міжнародных рэкамендацый у галіне правоў чалавека


Адпаведная пастанова Савета міністраў № 860 ад 24 кастрычніка апублікаваная на сайце ўрада.
Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) на 2016—2019 гады прыняты ў Беларусі.

Універсальны перыядычны агляд — гэта механізм, створаны ў межах ААН для вызначэння сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету, ступені рэалізацыі дзяржавамі ўсяго спектра правоў чалавека: эканамічных, палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і культурных. Краіны праходзяць працэдуру агляду адзін раз на чатыры з паловай гады і паводле вынікаў атрымліваюць ад Савета ААН па правах чалавека рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі.

Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый УПА на 2016—2019 гады ў пастанове Саўміна названы праграмным дакументам, скіраваным на "спрыянне выкананню Беларуссю ўзятых міжнародных абавязацельстваў у сферы правоў чалавека, уключаючы ўдасканаленне заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі".

План прадугледжвае рэалізацыю шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх:

- працяг усебаковага вывучэння пытання аб мэтазгоднасці стварэння ў Беларусі нацыянальнага інстытута па правах чалавека;

- правядзенне рэвізіі працы грамадскіх кансультацыйных саветаў пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання з мэтай павышэння празрыстасці іх дзейнасці;

- узаемадзеянне з Камітэтам ААН па правах чалавека ў межах працэдуры разгляду індывідуальных паведамленняў, прадугледжанай Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года;

- правядзенне аналізу прэтэнзій, якія найбольш часта адрасуюцца беларускімі грамадзянамі ў Камітэт ААН па правах чалавека ў межах працэдуры разгляду індывідуальных паведамленняў, а таксама прынятых па іх меркаванняў камітэта з мэтай магчымага ўліку пры ўдасканаленні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў гэтай сферы;

- працяг практыкі запрашэння з афіцыйнымі візітамі спецыяльных тэматычных працэдур Савета ААН па правах чалавека;

- вывучэнне пытання аб мэтазгоднасці стварэння ў прадстаўніцтве ААН/ПРААН у Беларусі пасады саветніка Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека;

- прапрацоўка візіту ў Беларусь вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека;

- прапрацоўка пытання аб запрашэнні з візітам у Беларусь спецыяльнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН па пытанні аб гвалце ў дачыненні да дзяцей;

- прапрацоўка пытання аб удасканаленні (распрацоўцы новых) нарматыўных прававых актаў, скіраваных на прафілактыку гвалту ў сям`і;

- правядзенне інфармацыйна-асветных кампаній, скіраваных на прафілактыку гвалту ў сям`і;

- вывучэнне міжнароднага вопыту па забеспячэнні аўдыя- ці відэазапісамі допытаў у тэрытарыяльных органах унутраных спраў і следчых ізалятарах у якасці сродку прадухілення катаванняў і жорсткага абыходжання, разгляд мэтазгоднасці прымянення такога вопыту ў Беларусі;

- правядзенне мерапрыемстваў з мэтамі ўсебаковага разгляду міжнародных тэндэнцый у пытанні аб прымяненні смяротнага пакарання і стаўлення да гэтай тэмы грамадскасці;

- працяг ўзаемадзеяння з АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі;

- распрацоўка навукова абгрунтаваных прапаноў аб фарміраванні нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў.

План уключае 100 мерапрыемстваў у розных сферах.

Як адзначаецца ў пастанове ўрада, міжведамасны план скіраваны ў тым ліку на "выяўленне праблем у галіне правоў чалавека і распрацоўку магчымых заканадаўчых і інстытуцыйных мер па іх вырашэнні", а таксама на "эфектыўнае выкарыстанне міжнароднага вопыту для ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў сферы правоў чалавека".

Беларускія праваабаронцы ў цэлым пазітыўна ацэньваюць прыняцце такога дакумента, але лічаць, што ён пазбаўлены канкрэтыкі і наўрад ці можа радыкальна паўплываць на сітуацыю.

Фармулёўкі плана ў асноўным кажуць аб "працягу вывучэння" пытання і "мэтазгоднасці стварэння або прымянення". Незразумела, што хочуць атрымаць у выніку. І гэта мінус", — зазначыў у каментары старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак. 

Сярод плюсоў дакумента Гулак адзначыў указанне дзяржаўных органаў, адказных за выкананне канкрэтных мерапрыемстваў. "Таксама прадугледжаныя штогадовыя справаздачы аб ходзе іх выканання, але незразумела пакуль, ці будуць гэтыя справаздачы публічнымі. Мы будзем дамагацца таго, каб у межах рэалізацыі плана адказныя органы зрабілі зразумелую працэдуру абмеркавання і ўнясення прапаноў і — самае важнае — каб вынікі гэтых абмеркаванняў былі публічныя", — дадаў Гулак.

Намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што іх да ўдзелу ў абмеркаванні плана не запрашалі. "Хоць мы актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў рамках УПА і выпрацоўцы рэкамендацый", — дадаў ён.

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на неканкрэтныя фармулёўкі плана. "Напрыклад, там гаворыцца аб працягу вывучэння пытання аб мэтазгоднасці ўвядзення пасады омбудсмена. Гэта значыць, не ўвесці гэтую пасаду, а толькі працягнуць абмеркаванне. Тыя рэкамендацыі, якія мы распрацоўвалі пры падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу, сюды не ўвайшлі. Найбольш прынцыповыя для нас рэчы не ўвайшлі", — падкрэсліў ён.

У той жа час Стэфановіч пазітыўна ацэньвае сам факт прыняцця плана: "Добра, што ёсць такі дакумент. Гэта ўпершыню, напэўна, такое з`явілася ў нас. Калі нешта з гэтага плана атрымае сваё ўвасабленне ў выглядзе канкрэтных зменаў у заканадаўстве, мы гэта будзем толькі вітаць". "Хацелася б, каб урад ўзаемадзейнічаў з праваабарончымі арганізацыямі ў выкананні гэтага плана", — дадаў прадстаўнік "Вясны".

На яго думку, прыняццем гэтага плана ўлады хочуць прадэманстраваць сваё ўзаемадзеянне з ААН. "Хоць у поўнай меры ўрад з механізмамі ААН не ўзаемадзейнічае. Рашэнні Камітэта па правах чалавека не выконваюцца, былі затрымкі з падаваннем справаздач у камітэты ААН, спецдакладчыка ААН па Беларусі ў краіну не пускаюць, з рабочай групай па адвольных затрыманнях улады не супрацоўнічаюць. Але механізм УПА для іх прымальны, бо з`яўляецца агульным для ўсіх краін, а не выбарачным толькі для Беларусі", — зазначыў праваабаронца.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 кастрычніка 2016
 
Дата публикации:26.10.2016
Тематика:Культура, Законодательство
Просмотров:968
 
Ключевые слова:
Права человека Комитет ООН
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме