https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Беларусі "задумваюцца над магчымым змяненнем" Канстытуцыі ў сувязі з узнікненнем новых абставінаў і выклікаў вакол


Аб гэтым паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв`ю тэлеканалу Euronews.
Гаворачы пра рэформу выбарчага заканадаўства, ён адзначыў, што раней было прынята пад увагу шмат рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, але асобныя рэкамендацыі яшчэ абмяркоўваюцца.

"Мы ў мінулым прынялі да ўвагі шмат рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Асобныя рэкамендацыі яшчэ абмяркоўваюцца. Мы не адмаўляемся і гатовыя працаваць над гэтымі рэкамендацыямі", — сказаў кіраўнік МЗС.

"Але давайце разглядаць сітуацыю ў больш шырокім кантэксце. Сёння мы задумваемся над магчымым змяненнем Канстытуцыі. Сітуацыя і ў Беларусі, і вакол яе змянілася. Паўстала шмат новых абставінаў, умоў, выклікаў, і мы павінны іх улічваць", — працягнуў Макей.

На просьбу канкрэтызаваць, якія акалічнасці і выклікі маюцца на ўвазе, Макей адказаў: "Паглядзіце на сітуацыю вакол Беларусі. У першую чаргу гаворка ідзе аб пытаннях стабільнасці і бяспекі: крызіс ва Украіне, узаемныя санкцыі паміж Расіяй і ЕС. У эканамічнай сферы мы назіраем ледзь не эканамічныя войны, досыць успомніць пра апошнія сутыкненні ў рамках Трансатлантычнага партнёрства..."

"Выклікаў дастаткова, і мы павінны іх улічваць. Таму мы думаем над паляпшэннем некаторых палажэнняў Канстытуцыі. Гэтыя змены непазбежна прывядуць да трансфармацыі заканадаўства ў эканамічнай, выбарчай і іншых галінах", — падсумаваў Макей.

Аляксандр Лукашэнка 15 сакавіка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда заявіў, што з часам у Беларусі прыйдуць да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Канстытуцыю. "Я ўжо казаў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з цягам часу мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні зменаў у Асноўны закон, — адзначыў Лукашэнка. — Усё вельмі проста, не трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых. Трэба разумець, што заканатворчасць — жывы працэс, як і ўсе законы, падзаконныя акты. Гэта жывы арганізм, які павінен ўдасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцця, якое пульсуе наогул у свеце".

Ён нагадаў, што "ў апошнія гады прынятыя рашучыя меры па развіцці высокіх тэхналогій, удасканаленні эканамічных адносін, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату, надзяленні шырокімі паўнамоцтвамі мясцовых органаў улады". "Таму ў гэтым напрамку трэба паглядзець на Канстытуцыю", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 2 красавіка заявіла журналістам, што прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства, падрыхтаваныя міжведамаснай рабочай групай, не будуць разглядацца, пакуль не будзе вырашанае пытанне аб змене Канстытуцыі.

Яна нагадала, што пра магчымасць правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы гаварыў яшчэ ўвосень. "Я агучвала гэта, але думаю, калі і будуць гэтымі пытаннямі займацца, то перш за ўсё — калегі з Канстытуцыйнага суда. Калі там будуць пытанні, якія закранаюць Канстытуцыю, то павінны прымаць яны на рэферэндуме", — сказала Ярмошына.

Паводле яе слоў, ЦВК будзе займацца непасрэдна падрыхтоўкай правядзення рэферэндуму. "Арганізаваць яго можна вельмі хутка, — адзначыла Ярмошына. — Тут, па сутнасці справы, адзіны тэрмін ёсць — арганізацыя участкаў для галасавання. Тэрытарыяльныя камісіі ў нас усе з тэрмінамі паўнамоцтваў пастаянныя, на іх можа быць ускладзенае выкананне гэтых абавязкаў. Таму рэальна за 60—70 дзён арганізаваць рэферэндум".

З 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Канстытуцыя змянялася двойчы — па выніках рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў. У першым выпадку была значна ўзмоцненая прэзідэнцкая ўлада, у другім — знятае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2018
 
Дата публикации:07.04.2018
Тематика:Новости, Законодательство
Просмотров:625
 
Ключевые слова:
Конституция Законодательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме