Найти
 
 


Кніжны аўтобус аб`язджае 24 вёскі раёна штотыдзень


У Алены Зінчук не вельмі распаўсюджаны род заняткаў, яна — бібліятэкар на колах. Прынамсі, у Маларыцкім раёне яна адна такая.
Аб адзінаццатай раніцы Алена Мікалаеўна выпраўляецца ў дарогу.

Перад гэтым трэба зверыць спіс папярэдніх заявак, абнавіць змесціва скрынь з перыёдыкай, прыхапіць навінкі, а таксама некаторыя рэчы не па тэме. Але пра апошняе крыху пазней.

Кніжны аўтобус ходзіць па вёсках раёна ўжо сёмы год. Асаблівая ўвага аддаецца тым населеным пунктам, дзе раней былі стацыянарныя бібліятэкі і людзі прывыклі чытаць. А цяпер яны ходзяць да гэтага мікрааўтобуса з асаблівым жаданнем.

— Мы ж разумеем, што перасоўная бібліятэка выконвае і пэўную сацыяльную функцыю, — гаворыць дырэктар цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы Наталля Кузьміцкая. — У нашых падшэфных вёсках няма ніводнага грамадскага аб`екта, крамы, клубы, школы даўно закрылі. І ў добрае надвор`е людзям ёсць нагода сабрацца разам у чаканні бібліятэкара, пагаманіць, абмяняцца навінамі. Да большасці чытачоў шаноўнага ўзросту Алена Мікалаеўна заходзіць дадому. І яны рады такім сустрэчам. Такія як, напрыклад, ветэран вайны Піліп Несцеравіч Дзібук 1927 года нараджэння. І ён яшчэ чытае! Нярэдка ветэран замаўляе кнігу «Памяць» Маларыцкага раёна, любіць яшчэ і яшчэ раз звярнуцца да гісторыі свайго раёна, населенага пункта.

Сярод наведвальнікаў бібліятэкі на колах ёсць дзве жанчыны 1930 года нараджэння, таксама даволі актыўныя чытачкі. Праўда, большасць прозвішчаў у фармулярах бібліятэкара — людзі працаздольнага ўзросту, таксама чытаюць 48 дзяцей, — працягвае Наталля Аляксееўна.

Фонд перасоўнай бібліятэкі складаецца з чатырох тысяч экзэмпляраў. Але гэта не значыць, што дастаўляюцца толькі гэтыя кнігі. Калі паступае заяўка на канкрэтнае выданне, супрацоўнік бярэ кнігу з абанемента раённай альбо дзіцячай бібліятэкі і дастаўляе ў вёску. Вось і гэтым разам папрасілі твор Генрыка Сянкевіча, — расказала Алена Зінчук. — А так пенсіянеры замаўляюць шмат духоўнай літаратуры, ахвотна бяруць часопісы пра вядзенне гаспадаркі, саду, агарода. Апошнім часам папулярнасцю карыстаюцца дзіцячыя казкі.

Яшчэ супрацоўнікі бібліятэкі расказалі, што графік работы перасоўнага ачага культуры яны імкнуліся зрабіць максімальна зручным для сельскіх жыхароў. У адных вёсках «прывязалі» свой прыезд да графіка аўтакрамы. Людзі збяруцца ў адным месцы зрабіць пакупкі, потым прыйдуць і ў бібліятэку. Паводле пажадання чытачоў, кніжны аўтобус працуе ў нядзелю.

У гэты дзень вяскоўцы менш займаюцца гаспадарчымі справамі і могуць прысвяціць больш часу асалодзе чытання. Адным словам, у 24 вёсках раёна чакаюць сваю бібліятэку на колах у адпаведнасці з графікам.

— За столькі гадоў, лічы, усіх сваіх чытачоў ведаю, — расказвае Алена Мікалаеўна, ва ўсіх ёсць мой мабільны тэлефон. Бывае звоняць не толькі з просьбай пра тую ці іншую кніжку, просяць, напрыклад, купіць лекі. Дык мне ж не цяжка забегчы ў аптэку. А бібліятэка, як аказалася, патрэбная нават у самых аддаленых і маленькіх вёсках.

Аўтар: Святлана Яскевiч
Маларыцкі раён
Звязда, 5 снежня 2018
 
Дата публикации:05.12.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:48
 
Ключевые слова:
Библиобус Маларыта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме