https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


На Дні Волі ў Мінску Рымашэўскі абвясціў пра пачатак кампаніі "Наш сцяг, наша мова, наша незалежнасць"


Прадстаўнікі дэмакратычных сіл выступілі на мітынгу да Дня Волі — 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, — які праходзіць 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы ў Мінску.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі падзякаваў бацькам-заснавальнікам БНР і адзначыў, што "быць годным нашчадкам — значыць, працягваць іх справу, абараняць Беларусь і яе незалежнасць".

Паводле яго слоў, гэта пачынаецца з шанавання герояў, нацыянальных сімвалаў і адраджэння беларускай мовы. Палітык абвясціў пра пачатак кампаніі "Наш сцяг, наша мова, наша незалежнасьць" і заклікаў прысутных ставіць подпісы ў абарону бел-чырвона-белага сцяга і ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі.

Яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэта "БХД" Вольга Кавалькова заявіла, што незалежнасць — "гэта незалежная судовая сістэма, гэта калі чыноўнікі абіраюцца на свае пасады і прадстаўляюць нашы з вамі інтарэсы, калі міліцыя з намі, абараняе нас, а не катуе".

Рэальнай незалежнасцю палітык таксама назвала "годнае жыццё нашых сем`яў", годную старасць, раўнапраўе мужчын і жанчын, развітую эканоміку і сацыяльную сферу. На яе думку, Беларусі неабходна такая незалежнасць, пры якой "народ — гэта ўлада", а грамадзяне не будуць з`язджаць працаваць за мяжу.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў падкрэсліў, што менавіта сацыял-дэмакраты стаялі каля вытокаў абвяшчэння БНР. Ён заклікаў прысутных падчас маючых адбыцца прэзідэнцкай і парламенцкай кампаній быць больш прынцыповымі і актыўнымі, далучацца да назірання за выбарамі.

Кіраўнік Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч звярнуў увагу на "вельмі складаныя ўмовы", у якіх 101 год таму была абвешчана БНР. На яго думку, цяперашняе кіраўніцтва краіны "здае незалежнасць і суверэнітэт". Палітык лічыць, што Беларусі не патрэбныя саюз з Расіяй, расійскі рубель і саюзны парламент.

Лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў згадаў, што ў Канстытуцыі прапісаны нейтралітэт і бяз`ядзерны статус краіны. Паколькі ад ядзернай зброі Беларусь ужо адмовілася, ён заклікаў вывесці з тэрыторыі краіны замежныя вайсковыя аб`екты.

"У нас засталіся стратэгічныя вайсковыя аб`екты Расійскай Федэрацыі — замежнай дзяржавы. Я лічу і патрабую, каб базы былі выведзеныя. Наша мэта — нейтралітэт, а АДКБ нас не набліжае да гэтай мэты. Вы павінны патрабаваць ад дзяржавы выхаду з АДКБ і вываду замежных ваенных аб`ектаў" , — заявіў палітык.

Па стане на 14.20 у акцыі ўдзельнічала да дзвюх тысяч чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць. На сцэне выступае група КаS. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным каля КПП не дазваляюць ўдзельнікам акцыі выходзіць за абгароджаны перыметр з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах ці ў руках, папярэджваючы, што могуць быць затрыманыя, але не тлумачачы, на якой падставе.

Ян Аўсеюшкін, Аляксей Аляксандраў
БелаПАН, 24 сакавіка 2019
 
Дата публикации:24.03.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:373
 
Ключевые слова:
Дзень Волі Оппозиция Мінск БНР
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме