https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Больш за 110 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць на свяце "Купалле" ў Александрыі


Аб гэтым паведаміў 5 чэрвеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі і правядзенню адной з галоўных культурных падзей гэтага лета, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч
Больш як 110 тыс. гасцей і ўдзельнікаў чакаюць на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 7-8 ліпеня на беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.

У час свята чакаецца мноства культурных і забаўляльных мерапрыемстваў з удзелам айчынных і замежных музыкантаў, артыстаў і творчых калектываў.

У ліку краін-удзельніц Беларусь, Расія, Украіна, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча і Германія.

"Прычым сярод замежных гасцей - артысты і народныя майстры - будуць прадстаўлены і беларускія грамадска-культурныя аб`яднанні замежжа", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. Паводле яго слоў, тэма Года малой радзімы стане загалоўнай на свяце і менавіта яна пакладзена ў аснову тэатралізаванага паказу "Малая радзіма" (яго рыхтуе рэжысёрска-пастановачная група тэлеканала АНТ) на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы.

У ім прымуць удзел папулярныя айчынныя і замежныя выканаўцы: Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Сяргей Трафімаў (Расія), ВІА "Сіняя птушка", народны артыст Украінскай ССР Мікалай Гнацюк, народная артыстка Украіны Таісія Павалій, Вікторыя Кахана і іншыя.

Пасля завяршэння галоўнага паказу гасцей свята традыцыйна чакаюць маляўнічы феерверк і моладзевая дыскатэка.

У фармаце свята пройдзе і мноства іншых мерапрыемстваў. Рэгіёны краіны прадставяць свае фестывальныя праекты. Напрыклад, Гомельская вобласць прэзентуе міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", Гродзенская вобласць - фестываль традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны", Мінская вобласць - абласное свята "Слуцкія паясы", а 18 раёнаў Магілёўскай вобласці прадставяць свае знакавыя мерапрыемствы, у ліку якіх фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі", этнасвята "У госці да радзімічаў" (Чавускі раён), фестываль "Гаспадарчы сыр" (Слаўгарадскі раён).

"Гасцей чакаюць конкурс на лепшы купальскі касцюм, выстаўка-кірмаш аграэкатурызму, прэзентацыя праекта "Магілёў - моладзевая сталіца Рэспублікі Беларусь", фестываль фарбаў, канцэртная праграма ад музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка". Словам, праграма настолькі насычаная і разнапланавая, што, спадзяюся, яна прыцягне вялікую колькасць гледачоў. Мы разлічваем, што свята "Купалле" наведаюць у гэтым годзе больш за 110 тыс. чалавек", - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Білеты на канцэрты, якія пройдуць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, паступілі ўжо ў продаж, а іх цана вырасла нязначна ў параўнанні з мінулым годам. Так, білет на мюзікл "Малая радзіма" каштуе Br27 (у мінулым годзе - Br25), а на канцэрт, які пройдзе 8 ліпеня ў рамках Дзён культуры Украіны, - Br10.

Білеты можна набыць у касе Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

Першае свята "Купалле" адбылося ў 2010 годзе. Ідэю праводзіць фестываль у Александрыі тады падтрымаў кіраўнік дзяржавы.

Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую.

5 чэрвеня 2018, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА
 
Дата публикации:05.06.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:379
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Александрыя Шклоў Магілёў Копысь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме