https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Сэнсацыя ў Полацку: археолягі знайшлі падземную царкву XII стагодзьдзя


Падчас археалягічных раскопак каля сьценаў Спаса-Праабражэнскага сабору ў Полацку знайшлі рэшткі падземнай царквы. Паводле адмыслоўцаў, падземны храм — унікальнае збудаваньне ХІІ стагодзьдзя. Падобных яму ў Старажытнай Русі не вядома.
Захаваліся рэшткі старажытнага прастола, фрэскі з абліччамі і літарамі, фрагмэнт абраза з Георгіем Пераможцам.

У 2015 годзе каля сьценаў старажытнага полацкага храму пачаліся рэстаўрацыйныя працы і архітэктурна-археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзяць адмыслоўцы Дзяржаўнага Эрмітажу з дапамагай студэнтаў і выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Тры гады таму адкапалі фрагмэнты старажытнай драўлянай царквы, якая папярэднічала каменнаму Спаса-Праабражэнскаму храму, і выявілі, што раней храм быў аточаны каменнымі прыбудовамі (галерэямі), якія складалі зь ім адзіную архітэктурную кампазыцыю.

Падземны храм мог выкарыстоўвацца як пахавальня

Доктар гістарычных навук, прафэсар, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Дзяніс Дук пачынаў раскопкі ў 2015 годзе. Ён сьцьвярджае, што гэта сумесная экспэдыцыя з навукоўцамі Эрмітажу, без удзелу беларускіх адмыслоўцаў там нічога не магло б адбыцца. Фінансуе праект Міністэрства культуры Беларусі.

«У Эрмітажы цудоўная археалягічная школа, адзіная на постсавецкай прасторы, якая валодае складанай мэтадалёгіяй. Беларускія спэцыялісты таксама робяць свой унёсак у вывучэньне культурнага пласта, артэфактаў — працуем сумесна. Гэта ўнікальная падземная царква, і адмыслоўцы Эрмітажа гэта таксама прызналі», — кажа Дзяніс Дук.

У 2017 годзе пры раскопе паўднёвага фасаду археолягі высьветлілі, што да сьцяны царквы прымыкала старажытная пабудова — галерэя, падзеленая на некалькі памяшканьняў. Адно зь іх, ва ўсходняй частцы галерэі, завяршалася невялікай апсідай, у якой, верагодна, у старажытнасьці разьмяшчаўся прастол.

Раскопкі працягнуліся ў 2018 годзе. Сёлета ў паўднёва-заходняй частцы галерэі выявілі заглыбленую ў зямлю пабудову, перакрытую скляпеньнем. Далейшыя дасьледаваньні паказалі, што гэты будынак — падземная царква. Памеры храма невялікія: у даўжыню — 3,6 мэтра, у шырыню — 1,4 мэтра. У цэнтры захаваліся рэшткі старажытнага прастола.

Паводле археолягаў, цалкам верагодна, што гэты падземны храм выкарыстоўваўся як пахавальня. Пра гэта сьведчыць глыбокая ніша ў паўночнай сьцяне, перакрытая аркай. Такія нішы называюцца аркасоліямі і прызначаліся для разьмяшчэньня ў іх пахаваньняў або мошчаў.

На зіму раскопкі закансэрвавалі

Старшы выкладчык Полацкага ўнівэрсытэту Аляксей Коц, які ўдзельнічаў у раскопках, перакананы, што гэта ўнікальны помнік ХІІ стагодзьдзя.

«Аналягаў гэтаму на тэрыторыі Старажытнай Русі няма. Пры раскопках у інтэр’еры падземнай царквы былі выяўленыя цікавыя знаходкі: фрагмэнты керамічнага абраза, на якім захавалася частка надпісу і малюнкі з выявай пакутніка Георгія Пераможцы, у гонар якога мог быць асьвечаны гэты падземны храм. Таксама знойдзеныя дэталі хорасу XII стагодзьдзя, фрагмэнты керамічнага посуду, пліткі падлогі, кавалкі смальты рознай формы. Упершыню ў Полацку знайшлі кавалкі тынкоўкі з графіці ў выглядзе крыжыкаў.

Знойдзены сьвінцовы ліст пакрыцьця, кавалкі сьвінцу — мяркуецца, што збудаваньне, якое разьмяшчалася над падземнай царквой, мела сьвінцовае пакрыцьцё даху», — сказаў археоляг Аляксей Коц.

Сьцены падземнага храма моцна пацярпелі ад вільгаці. На невялікіх фрагмэнтах тынкоўкі, што захаваліся, не было выяўлена сьлядоў фрэскавага росьпісу. Гэта дазваляе меркаваць, што падземны храм ня быў расьпісаны. Аднак на некаторых фрагмэнтах фрэсак захаваліся часткі абліччаў, літары.

Аляксей Коц паведаміў, што на зіму аб’ект закансэрваваны шляхам засыпкі, цяпер ідзе апрацоўваньне палявых матэрыялаў. Рэстаўрацыйныя і археалягічныя працы будуць працягнутыя ў наступным годзе.

Радыё Свабода, 23 лістапада 2018
 
Дата публикации:23.11.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:151
 
Ключевые слова:
Полацак Археология Древняя Русь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме