https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Славянская салідарнасць


Падабенства моў, культур, нават ментальнасці — вось той натуральны каркас, на якім здавён-даўна грунтуецца славянскае задзіночанне. Чым выклікана і як трансфармуецца гэтая кансалідацыя сёння, "Звязда" абмяркоўвае з Сяргеем Касцянам, старшынёй Беларускага славянскага камітэта.
А падзяліцца яму, дарэчы, ёсць чым — не так даўно сустракаўся з аднадумцамі падчас чарговага Усеславянскага з`езда. Дзясятая, юбілейная, сустрэча прадстаўнікоў супольнасці, якая сабрала больш як чатыры сотні дэлегатаў з 14 славянскіх краін, вызначылася шэрагам адметнасцяў.

— Упершыню прыняты Статут Міжнароднага Славянскага Камітэта, — кажа наш суразмоўца. — Цяпер міжнародны славянскі рух будзе кіравацца ўжо статутнымі палажэннямі, усё прыведзена ў сістэму. Нормы, закладзеныя ў дакуменце, дазваляюць больш канкрэтна і актыўна садзейнічаць славянскаму задзіночанню. Было таксама прынятае рашэнне абвясціць налета год сусветнай славянскай культуры.

Менавіта цяпер яна, на думку спадара Касцяна, як ніколі мае патрэбу ў падтрымцы:

— Паглядзіце, у якім найскладанейшым становішчы сёння сербы, македонцы, дзе ідзе бязлітаснае наступленне на славянскую культуру... Калі меркаваць па тэлеканалах (а я меў магчымасць глядзець не толькі айчыннае тэлебачанне, але і тое, што прапануюць сваім гледачам у Балгарыі, Сербіі, Чэхіі), ідзе наступленне заходняй ды афрыканскай мас-культур на славянскую. Яны далёкія ад нашага менталітэту, гісторыі, традыцый і звычаяў. І ёсць вялікая патрэба ахоўваць, падтрымліваць сваю культуру, прыцягваць да яе ўвагу. Наступны год адзначыцца мноствам цікавых мерапрыемстваў. Ідэй ужо багата. На нас выйшлі дзеячы культуры Славакіі, Польшчы. Сваё бачанне таго, як правесці гэты год культуры, мае Украіна. Шмат у гэтым кірунку таксама робіць Чэхія. Палякі прапанавалі правесці ў сябе Фестываль славянскай паэзіі. Мы яшчэ з нашым Міністэрствам культуры будзем абмяркоўваць, што можам прапанаваць. Але ж праводзіла Беларусь, напрыклад, дзіцячае "Еўрабачанне", дык чаму б нам не наладзіць славянскі конкурс дзіцячай песні? А наша Акадэмія навук прапануе арганізаваць з`езд даследчыкаў-славянафілаў. Задум — хоць адбаўляй! Такі культурны, навуковы абмен будзе садзейнічаць збліжэнню славян з розных куткоў свету, дазволіць нам больш даведацца адно пра аднаго.

Паводле ўражанняў спадара Касцяна, неабходнасць яднацца славяне пачынаюць усведамляць і на ўрадавым узроўні. Не толькі гуманітарныя праекты абмяркоўваліся на з`ездзе, гутарка вялася і пра эканоміку:

— Літаральна ўсе дэлегаты (а там жа найразумнейшыя людзі збіраюцца — паслы, міністры, парламентарыі, акадэмікі, — якія ўплывалі і працягваюць уплываць на грамадскую сітуацыю ў сваіх краінах) адзначалі ў сваіх выступленнях пазітыўны ўплыў эканамічнай мадэлі Беларусі і ролю ў гэтым нашага Прэзідэнта, — расказвае Сяргей Касцян. — Такая высокая ацэнка сусветнай славянскай супольнасці пра многае кажа. Беларусь можа зрабіць вялікі ўнёсак у славянскую супольнасць. Сваёй стабільнасцю, падтрымкай славянскіх дзяржаў, у тым ліку на міжнароднай арэне, сваёй эканамічнай мадэллю. Крызіс паказаў, што наша сацыяльна-эканамічная мадэль моцная, апрабаваная часам. Беларусь не прывязала сябе цалкам ні да долара, ні да еўра, а з дня ў дзень умацоўвала нацыянальную валюту. Менавіта таму мы выстаялі.

Тыя краіны ЕС, у тым ліку і славянскія, якія прывязалі сябе да долара ці да еўра, пацярпелі наймацнейшы эканамічны крах. Польшча, Чэхія і Балгарыя, якія таксама не перайшлі ні на долар, ні на еўра, менш балюча перажылі гэты крызіс. І гэта ўсё сусветнае славянства заўважыла. Яны сочаць за нашым досведам днём і ноччу. Адны таму што думаюць: Беларусь вось-вось праваліцца, іншыя — таму што падтрымліваюць, суперажываюць і кожны раз радуюцца, калі Беларусь захоўвае свае пазіцыі.

Дапамагла тут, падаецца нашаму суразмоўцу, і мудрасць беларускага народа, які "сем разоў адмерае, а рэзаць не спяшаецца". Менавіта таму, на думку спадара Касцяна, нашы грамадзяне ўсю сваю энергію скіравалі на стварэнне, а не пайшлі "на мітынгі, падпальваць машыны, наладжваць бойкі". І менавіта стваральная праца, вера ў заўтрашні дзень дапамаглі краіне выйсці з цяжкай сітуацыі, паводле меркавання старшыні Беларускага славянскага камітэта, амаль бязбольна.

— І калі ў сваім выступленні на 10-м Усеславянскім з`ездзе я сказаў, што ў гэты няпросты час, у такое спякотнае лета, мы атрымалі больш як восем мільёнаў тон збожжа... да мяне выстраіліся чэргі — запытацца, як такое ўдалося! — згадвае кіраўнік Беларускага славянскага камітэта. — Я ўсім сказаў, што ніякай таямніцы тут няма: пачынаючы з 1997 года дзяржава ўкладала ў сельскую гаспадарку велізарныя грошы. Новыя тэхналогіі, тэхніка, ва ўсіх галінах уводзіцца навуковы падыход. А што ў Балгарыі? Зямлю раздалі, тэхнікі няма, найноўшых тэхналогій таксама. Ва Украіне землі пустуюць. Расія больш як 70 адсоткаў харчавання закупляе за мяжой. Думалі, раздадуць зямлю — кожны стане фермерам... Увесь свет цяпер арыентуецца на буйную сельскую гаспадарку, якая ў нас квітнее, пераводзіцца на навуковыя рэйкі.

Дальнабачнасць беларускай улады Сяргей Касцян бачыць яшчэ і ў тым, што яна "нікому не дазволіла нічога сабе прысвоіць, раскрасці народнае дабро". Кіраўніка беларускай дзяржавы, да слова, ужо некалькі гадоў запар абіраюць ганаровым старшынёй Усеславянскага з`езда. А сёлета дэлегаты яшчэ і прынялі зварот да беларускага народа. У ім адзначаюцца дасягненні дзяржавы:

"Толькі ў вашай краіне няма непрацуючых ці разбураных заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Толькі ваша краіна можа пастаўляць на рынак уласную, айчынную прадукцыю (ці то машынабудаванне, ці лёгкая прамысловасць). Але гэтага ўжо практычна няма ні ў Балгарыі, ні ў Польшчы, ні ў іншых паўднёва- і заходнеславянскіх краінах. Зусім мала засталося ва Украіне (пераважна Данбас і Днепрапятроўск) і штосьці ўдалося захаваць Расіі".

І выказваецца клопат пра яе далейшы лёс:

"Вы, беларусы, — народ, які мае гордасць і гонар. Аднак наша занепакоенасць выкліканая тым, што занадта шмат сотняў мільёнаў долараў вылучана на так званую "падтрымку дэмакратыі" ў Беларусі тымі, хто такім чынам давёў да жабрацкага стану нашы дзяржавы. Вялікія грошы валодаюць гэткім жа вялікім каварствам. Хочацца верыць, што вы ўстаіце і на гэты раз. Выстаіць Беларусь — значыць адродзімся і мы, астатнія славяне. Мы — дэлегаты з 11 славянскіх дзяржаў — вельмі спадзяёмся на ваш правільны выбар!".

Зоя Варанцова
Звязда
21 снежня 2010
 
Дата публикации:21.12.2010
Тематика:Белорусские центры, Беларусь
Просмотров:3596
 
Ключевые слова:
Славянский мир Экономика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме