https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Як у Мінску Жырыноўскага білі


Дата: 19 гадоў таму ў беларускім парламенце Уладзіміра Жырыноўскага спусцілі з лесвіцы.
У Маскве ніколі не ўяўлялі сабе, што беларусы здольныя адстойваць незалежнасць. Адной з першых ахвяраў гэтай ілюзіі стаў скандальны расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі — заўсёдны рупар таго, што афіцыйны Крэмль хоча ўкласці ў вушы, але не можа сказаць простым тэкстам.

Жырыноўскі з’явіўся ў Мінску неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці.

У будынку беларускага парламента ішла сесія Вярхоўнага Савета. «У часе перапынку чую вэрхал на лесвіцы каля кабінета апазіцыі, — апавядае Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. — Бачу: ляціць Жырыноўскі зверху і падае мне пад ногі. Пятро Садоўскі і Сяргей Навумчык спусцілі яго з лесвіцы».

Уладзімір Жырыноўскі з’явіўся без запрашэння, патрабаваў сустрэцца са старшынёй парламента або членам прэзідыума.

«Ён спрабаваў прайсці ў Вярхоўны Савет, паказваючы сваё пасведчанне старшыні партыі, але без пячаткі», — успамінае Пятро Садоўскі, чалец прэзідыума. Дзяжурны міліцыянер па тэлефоне папрасіў дапамогі, каб утаймаваць напорыстага госця. «Вы незнаёмы грамадзянін, я не магу вас прапусціць», — адказваў на закіды візіцёра Пятро Садоўскі, хоць і пазнаў маскоўскага палітыка. Старшыня ЛДПР крычаў: «Я хачу прайсці!»

На дапамогу падаспеў дэпутат Сяргей Навумчык, каардынатар парламенцкай апазіцыі БНФ.

Пачуўшы прозвішчы Навумчык і Садоўскі, Вольфавіч паабяцаў вярнуцца на танку і пакараць усіх «жыдоў і палякаў», што развальваюць вялікую краіну. Ён крычаў: «Усю вашу шляхту перавешаю ўздоўж дарогі да Смаленска!»

Жырыноўскі планаваў вечарам таго ж дня правесці мітынг ля Палаца спорта на Нямізе. Беларускае згуртаванне вайскоўцаў на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам не дало яму гэтага зрабіць.

«Хоць тады сапраўды сабралася дастаткова шмат прыхільнікаў Жырыноўскага — тысяча, паўтары, — але калі патрыятычная моладзь падышла да Жырыноўскага і адцясніла ахову, ён кінуўся наўцёкі», — узгадвае Мікалай Статкевіч.

Беларускія вайскоўцы без гвалту накіравалі маскоўскага госця да гатэля.

«У Маскве не маглі паверыць, што беларусы хочуць незалежнасці, што існуюць рэальныя сілы, здольныя абараняць суверэнітэт краіны. Жырыноўскі быў кінуты сюды як пробны камень».

Пасля няўдалага мітынгу Жырыноўскі ціха з’ехаў. Злыя языкі кажуць, што сядаў Уладзімір Вольфавіч у цягнік не з платформы, дзверы для яго адмыслова адчынілі з адваротнага боку — каб ніхто не пабачыў.

Наша Ніва
Юльян Місюкевіч
11 кастрычнiка 2010


 
Дата публикации:12.10.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:6523
 
Ключевые слова:
Жириновский в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме