https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Вялікдзень


Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі

і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

«Лічыце сябе мёртвымі для граху,
а жывымі для Бога ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым» (Рым. 6: 11)

Ад сівой даўніны да нашых дзён у жыцці чалавечага роду не было і няма падзеі, у якой жыццё і смерць набывалі б такі высокі сэнс, як у падзеі Пасхі Гасподняй.

Колькі б чалавек ні задаваў сабе пытанне пра сэнс жыцця, колькі б ні выпрабоўваў ён свой розум у імкненні разгадаць тайну смерці, — ні адзін адказ не пераўзыдзе усеахопнай мудрасці галоўнага догмату хрысціянскай веры:

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

«…І нас уваскрасіць сілаю Сваёю» (I Кар. 6: 14), — сцвярджаем і мы ўслед за святым апосталам Паўлам. Бо спрадвеку хрысціянскі свет яднаецца цвёрдай упэўненасцю ва ўсеагульным уваскрасенні; хрысціянскія сэрцы напоўнены непазбыўнай надзеяй атрымаць жыццё будучага веку, а розум кожнага хрысціяніна прасветлены несумненным веданнем таго, што смерць не спыняе жыцця чалавека, а з’яўляецца «іншага жыцця вечнага пачаткам» (Песня VII Пасхальнага канона).

Сам Гасподзь Іісус Хрыстос Сваім уваскрасеннем сцвердзіў гэты непахісны падмурак нашай веры. Уважліва чытаючы Пісанне, мы можам задаць пытанне: чаму апостал Павел называе ўваскрэслага Сына Чалавечага першынцам з памерлых (I Кар. 15: 20)? Бо Свяшчэнная гісторыя Старога і Новага Запаветаў захоўвае нямала прыкладаў уваскрашэння памерлых людзей, і ў тым ліку — Хрыстовага сябра Лазара, які памёр і прабыў у магіле чатыры дні.

У пошуках адказу нам вельмі важна ўсвядоміць, што да Светлага Хрыстовага Уваскрасення ў людзей не было цвёрдых ведаў пра жыццё будучага веку. Былі толькі здагадкі і меркаванні, міфы і паданні пра пасмяротную долю чалавека. А яшчэ была безвыходнасць, таму што Царства Нябеснае заставалася зачыненым для людзей пасля выгнання з яго нашых праайцоў, якія саграшылі.

Да Уваскрасення Хрыстовага лёс чалавека пасля зямнога скону быў такім, як кажа пра яго святы Іаў Шматпакутны: «Адыду, — і ўжо не вярнуся, — у краіну цемры і ценю смяротнага, у краіну змроку… дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра» (Іаў 10: 20—22).

І вось, Спасіцель «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў»!

Сын Божы не проста вярнуўся з царства мёртвых, не проста ажыў: Ён перамог смерць і вывеў тых, што былі ў яе палоне, на свабоду, Ён узвысіў жыццё кожнага чалавека да бажэственнай вышыні і напоўніў вечным сэнсам дні і гады зямной юдолі.

Дарагія браты і сёстры! Звернем свой погляд на ікону Светлага Хрыстовага Уваскрасення: вось, зруйнаваўшы вароты пекла, Адзінародны Сын Божы трымае за рукі праайцоў Адама і Еву і выводзіць іх да Святла з краіны змроку. І разам з імі Ён трымае за руку кожнага з нас, таму што, паводле слова Апостала, «як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (I Кар. 15: 22). Менавіта таму Сын Чалавечы — першынец з памерлых — называецца «Богам моцным, Уладаром, Начальнікам міру, Айцом будучага веку» (Вялікае Павячэр’е).

У час зямнога жыцця Хрыста Спасіцеля, як і сёння, далёка не ўсе веравалі ў існаванне духоўнага свету, у бессмяротнасць душы і ў жыццё вечнае. А калі так, то і сэнс жыцця, і яго мэта, і яго каштоўнасць разумеліся па‑рознаму. Жыццё малых і слабых свету гэтага ўяўлялася малазначным і пазбаўленым высокага сэнсу. Багатыя і моцныя ўладарылі часцей за ўсё з жорсткасцю і надавалі значэнне толькі ўцехам і задавальненню сваіх жаданняў.

Уваскрасенне Хрыста Спасіцеля абвяргае меркаванне пра тое, што каштоўнасць чалавечага жыцця бывае рознай, што бессмяротная душа можа быць значнай для Тварца ў большай ці ў меншай ступені. Гасподзь Іісус Хрыстос цвёрда і недвухсэнсоўна ставіць на першы план бажэственную роўнасць усіх людзей.

Евангельская пропаведзь сцвярджае, што Бог не мае прадузятасці, і для Тварца няма розніцы паміж людзьмі ні па знатнасці паходжання, ні па ступені валодання ўладаю і багаццем, ні па месцы ў грамадскай іерархіі. Перад Абліччам Уседзяржыцеля толькі адно адрозненне істотнае: наколькі мы адрозніваемся сваёю здольнасцю любіць Бога і любіць бліжняга свайго як самога сябе (гл.: Мф. 22: 37—39).

У старазапаветнай кнізе Ездры мы чытаем словы, якія сведчаць пра ўсеагульную роўнасць людзей у святле менавіта гэтых асноватворных запаведзяў любові:

«Апраўдай удаву, рассудзі справу беднага, памажы ўбогаму, абарані сірату, апрані голага, пра спаралізаванага і нямоглага паклапаціся, з кульгавага не смейся, бязрукага абарані, і сляпога прывядзі да бачання святла Майго, старога і юнака ў сценах тваіх прытулі, мёртвых, дзе знойдзеш, пакінуўшы знак, пакладзі ў магілу, — і Я дам табе першае месца ў Маім уваскрасенні», — кажа Гасподзь (III Езд. 2: 20—23).

У гэтым пасхальным чалавекалюбстве змяшчаюцца асновы грамадскай маралі і справядлівасці, а значыць — і ўстойлівасці грамадства да выпрабаванняў веку гэтага. У гэтых словах Пісання, кажучы сучаснай моваю, сфармулявана біблейская сацыяльная праграма, актуальная не толькі для Царквы і дзяржавы, але і для ўсёй сусветнай супольнасці.

Бо, па сутнасці, усе гістарычныя трагедыі і сацыяльныя бедствы пачыналіся там, дзе забывалася евангельскае правіла жыцця чалавечага роду: «Усё, як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі» (Мф. 7: 12).

Хрысціянская адказнасць нагадвае нам, што мы і бацькі нашы — адно, і мы пакліканы маліцца за іх, прымнажаючы бацькоўскую набожнасць і адкупаючы бацькоўскія грахі.

Памятаючы пра гэта і рыхтуючы сэрцы нашы да Пасхі Гасподняй, мы пяцікратна малітоўна паміналі спачылых, пачынаючы ад Усяленскай памінальнай мясапуснай суботы. І мы працягнем гэтую малітоўную лучнасць з нашымі продкамі ў дзень Радаўніцы, калі адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам узрадуемся разам з тымі, якія адышлі да Бога, роднымі, суайчыннікамі і ўсімі адвеку спачылымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі нашымі, што Хрыстос спараўды ўваскрэс!

Узлюбленыя! Сёння мы смела ацэньваем мінулае і цяперашняе, выказваем меркаванні пра гісторыю нашай Царквы, нашай Бацькаўшчыны… Аднак мы не заўсёды бываем абачлівымі ў адносінах да тых, хто жыў на зямлі нашых айцоў раней за нас. Таму прыгадаем, што апостал Павел, прапаведуючы Уваскрасенне Хрыстова, выказваўся вельмі строга адносна тых, хто паспешлівы на асуджэнне.

«Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрэс, і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі, і над жывымі, — тлумачыць Апостал народаў, звяртаючыся і да старажытных рымлянаў, і да нас. — А ты чаму асуджаеш брата твайго? Таксама і ты, чаму прыніжаеш брата твайго? Усе мы станем на судзе Хрыстовым… Кожы з нас за сябе дасць адказ Богу» (Рым. 14: 9—12)

З усіх памерлых на зямлі Гасподзь наш Іісус Хрыстос з’яўляецца адзіным, Хто, паводле слова Апостала, быў «аддадзены за грахі нашы і ўваскрэс для апраўдання нашага» (Рым. 4: 25).

Таму для нас, апраўданых такою высокаю цаною, найважнейшай была і застаецца місія сведчання пра бессмяротнасць узаемнай любові Бога да чалавека і чалавека — да Бога, а значыць, і да свайго бліжняга.

Сардэчна віншую з Пасхай Гасподняй усіх адзінаверных хрысціян, суайчыннікаў нашых, усіх, кім кіруе добрая воля, і ўсярадасна сведчу пра тое, што Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Амінь.

+Філарэт,

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха Хрыстова, 2010 год, Мінск

 
Дата публикации:03.04.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:9728
 
Ключевые слова:
Пасха Вялікдзень Хрыстос
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме