https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Дзень матчынай мовы


У Беларусі адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

У Беларусі адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

У Міжнародны дзень роднай мовы, які па рашэнні Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА штогод адзначаецца 21 лютага, у Чырвоным касцёле Мінска прайшоў ІІІ Агульнанацыянальны беларускі дыктант.
 
Акцыя таксама была прымеркавана да 20-годдзя прыняцця ў Беларусі закона "Аб мовах". Тэкст паводле твора Уладзіміра Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі" пісалі больш за 50 чалавек, у тым ліку паслы Украіны і Швецыі Ігар Ліхавы і Стэфан Эрыксан.
 
Адкрываючы акцыю, Алег Трусаў адзначыў, што дыктант праводзіцца ў многіх населеных пунктах розных краін. Напрыклад, летась яго пісалі ў Італіі і на шведскім востраве Готланд, у Варшаве і Празе, у Аўстраліі, Канадзе і ЗША.
 
Алег Трусаў запрасіў мінчан і гасцей горада ўдзельнічаць у чарговых этапах дыктанта, якія пройдуць 15 і 25 сакавіка ў мінскай штаб-кватэры ТБМ па вуліцы Румянцава, 13 (пачатак акцый у 18.00). Бліжэйшыя дыктанты прысвячаюцца прыняццю першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, паводле якой беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай (15 сакавіка 1994 года), а таксама 82-й гадавіне заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ўпершыню абвясціла беларускую мову дзяржаўнай.
 
Трусаў звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады дзень роднай мовы ў Беларусі адзначаецца больш актыўна, прычым як грамадскімі, так і дзяржаўнымі арганізацыямі.
 
Што да сферы ўжывання беларускай мовы, то тут "самым слабым месцам" Трусаў назваў дзіцячыя садкі і школы, дзе штогод скарачаецца колькасць беларускамоўных выхаванцаў.

Паводле меркавання старшыні ТБМ, сітуацыю можа выправіць прызначэнне міністрам адукацыі "новага чалавека — такога, як міністр культуры Павел Латушка, які сам увесь час размаўляе на беларускай мове і разумее яе ролю ў жыцці грамадства".
 
Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі і на Першым нацыянальным тэлеканале. Паводле звестак прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, усе выпускі праграмы "Навіны" і "У цэнтры ўвагі" 21 лютага будуць весціся па-беларуску. "Гэта не проста разавая акцыя, а яшчэ адзін крок да пашырэння беларускамоўнага тэлевяшчання", — цытуе прэс-служба намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненку.
 
 
Актывісты гомельскага аддзялення ТБМ адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы шляхам расклейвання ў горадзе беларускамоўных папярэджанняў пра небяспеку снегу і ледзякоў

У Міжнародны дзень роднай мовы, актывісты гомельскага аддзялення "Таварыства беларускай мовы" (ТБМ) расклеілі ў цэнтры горада беларускамоўныя папярэджанні пра небяспеку снегу і ледзякоў.
 
Надпісы абвяшчаюць: "Асцярожна! На дахах небяспечны снег", "Ледзякі-забойцы", "На дахах небяспечныя ледзякі", "Сцеражыцеся ледзякоў! Не хадзіце ўздоўж будынкаў". Такім чынам актывісты ТБМ мелі дзве мэты: у дзень роднай мовы паказаць, што ў горадзе не хапае шыльдаў на беларускай, а таксама заклікаць прахожых быць пільнымі.
 
Акцыя завяршылася каля помніка беларускаму асветніку Кірылу Тураўскаму — яго ўпрыгожылі бел-чырвона-белай гірляндай. Абышлося без затрыманняў.
 
 
Дата публикации:21.02.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:12383
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме