https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вадзіцель "Поршэ-Каена" Андрэй Забабура прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні


Прыгавор абвясціла 15 лютага суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк.
Вадзіцель "Поршэ-Каена" Андрэй Забабура, пад коламі якога ў лістападзе мінулага года загінуў трэцякласнік СШ № 23 Уладзіслаў Грудзьеў, прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні.

38-гадовы дырэктар адной з прыватных фірм прызнаны вінаватым згодна з артыкулам 317 часткі 2 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Такое пакаранне (чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні) запрасіла для абвінавачанага 13 лютага дзяржабвінаваўца Ірына Лапцэвіч.

Выступаючы ў спрэчках, яна звярнула ўвагу на супярэчнасці ў паказаннях абвінавачанага на папярэднім следстве і падчас суда пра акалічнасці ДТЗ, у якім загінуў хлопчык. Паводле меркавання абвінавачання, гэта — "выбудаваная лінія абароны". Паказанні Забабуры ў судзе Лапцэвіч расцаніла як няшчырыя.

Дзяржабвінаваўца таксама заявіла, што безумоўна давярае вынікам праведзенай падчас следства афіцыйнай экспертызы і ўпэўненая ў тым, што вадзіцель меў час (3 секунды) і тэхнічныя магчымасці прадухіліць наезд на дзіця. Высновы прыцягнутага да працэсу абаронай Забабуры незалежнага эксперта, які спрабаваў пераканаць суд у тым, што вадзіцель фізічна не меў магчымасці зрэагаваць на дзіця, якое кінулася на дарогу, і прадухіліць ДТЗ, Лапцэвіч назвала абсурднымі.

У сваю чаргу адвакат Забабуры Ігар Папкоўскі лічыць трагічнае ДТЗ "збегам акалічнасцяў". "Няма ні віны дзіцяці, яго немагчыма вінаваціць, ні вадзіцеля, які не парушаў правілы дарожнага руху", — заявіў абаронца, выступаючы ў спрэчках.

Папкоўскі перакананы, што ў яго падабароннага не было часу прадухіліць ДТЗ: не было трох секунд, як заяўляе следства і дзяржабвінавачанне, у яго было максімум 0,6 секунды — час рэакцыі вадзіцеля.

Трагедыя, паводле слоў адваката, стала магчымай у тым ліку з-за таго, што не была добраўпарадкавана тэрыторыя каля школы, што яна не была абгароджаная, што не было нармальных умоў для школьнікаў і іх бацькоў.

Як адзначыў Папкоўскі, яго падабаронны лічыў, што мае права заехаць пад знак "Рух забаронены", бо ў гэтай школе ў секцыі каратэ займаецца яго сын. Пры гэтым адвакат падкрэсліў: ён упэўнены, што Забабура не заязджаў пад знак, а праехаў да школы праз стаянку, не парушыўшы, такім чынам, правілы дарожнага руху.

Варта адзначыць, што суд двойчы адмовіў абароне ў хадайніцтве аб прызначэнні яшчэ адной аўтатэхнічнай экспертызы, нягледзячы на тое, што дзве папярэднія — афіцыйная і незалежная — паказалі розныя вынікі.

Адвакат таксама заклікаў суддзю пры вынясенні прыгавору ўлічваць асобу абвінавачанага, наяўнасць у яго двух малалетніх дзяцей і жонкі, якая знаходзіцца ў адпачынку па догляду дзіцяці. Акрамя таго, адзначыў абаронца, Забабура стварыў прадпрыемства і забяспечвае працай 50 чалавек.

Андрэй Забабура ў сваім апошнім слове сказаў, што перажывае здарэнне "як асабістую трагедыю". "З маральнага пункту гледжання я вінаваты, таму што стаў удзельнікам трагедыі. Я перажываю здарэнне як асабістую трагедыю, прызнаю маральную віну і гатовы яе загладзіць", — заявіў падсудны.

Забабура заявіў, што не бачыў хлопчыка, які выбег, як і той — яго. Звяртаючыся да маці загінулага Алены, вадзіцель "Поршэ-Каена" паабяцаў ёй дапамагаць пры любым рашэнні суда.
Напярэдадні вынясення прыгавору, 14 лютага, Андрэю Забабуру споўнілася 38 гадоў.

Суд вырашыў не мяняць для Забабуры меру стрымання — ён застанецца пад вартай. Наўпрост у зале суда на яго надзелі наручнікі. У тэрмін пакарання будзе залічаны час, калі абвінавачаны быў узяты пад варту — 7 снежня 2012 года.

БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2013
 
Дата публикации:16.02.2013
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1987
 
Ключевые слова:
ДТП Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме