https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уладзімір Макей, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прызначаны міністрам замежных спраў Беларусі


Сяргей Мартынаў вызвалены ад пасады кіраўніка МЗС "у сувязі з пераходам на іншую працу". Адпаведныя ўказы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 жніўня, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Хто зойме вызваленае месца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, пакуль невядома.

На думку аналітыкаў, прызначэнне Макея кіраўніком знешнепалітычнага ведамства можа расцэньвацца як жаданне Мінска палепшыць адносіны з Захадам, і перш за ўсё Еўрасаюзам, які ў кастрычніку плануе прыняць рашэнне аб абмежавальных мерах у дачыненні да беларускіх уладаў. (Зараз пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза падпадаюць 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.)

"На першы погляд, сітуацыя зараз такая, што нібыта павінен узмацняцца курс на пацяпленне адносінаў з Захадам, — кажа палітолаг Дзяніс Мельянцоў. — Хаця ёсць і слізкі момант: Макей унесены ў спіс неўязных Еўрасаюза. Я не выключаю, што яго выключаць са спісу. Мартынаў у 2011 годзе пазбегнуў трапляння ў гэты спіс, таму што яму была адведзеная роля "кантакцёра". І зараз, мне здаецца, для ЕС было б лагічна выключыць са спісу Макея. Думаю, што яны будуць рухацца ў гэтым кірунку".

На думку палітолага, прызначэнне Макея на першы погляд выглядае "як умацаванне пазіцый МЗС". "І МЗС у цэлым, і сам Макей лічыліся асноўнымі прыхільнікамі праеўрапейскага кірунку. Макея лічаць бацькам ідэі лібералізацыі 2008 года", — нагадаў Мельянцоў.

Разам з тым, падкрэсліў ён, "варта дачакацца, хто будзе прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта". "Не сакрэт жа, што генеральныя рашэнні па знешняй палітыцы прымаюцца менавіта ў Адміністрацыі, а МЗС — усяго толькі выканаўца", — дадаў палітолаг.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, у сваю чаргу, мяркуе, што прызначэнне Макея міністрам замежных спраў наўрад ці ўнясе разрадку ў адносіны з Захадам. "Гэта вынікае хаця б з таго, што Макей у адрозненне ад Мартынава ўваходзіць у спіс неўязных у краіны Еўрасаюза", — зазначае аналітык.

"Прызначэнне на ролю міністра замежных спраў неўязнога ў ЕС сведчыць пра тое, што змены ў знешняй палітыцы Беларусі наўрад ці адбудуцца. Пакуль цяжка ўбачыць у Макеі фігуру, якая правядзе чарговы раўнд дыялогу з Захадам, хаця напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яны з Мартынавым з гэтай роляй спраўляліся вельмі паспяхова", — нагадаў Якаўлеўскі.
_________________________________

Даведка БелаПАН: Уладзімір Макей нарадзіўся 5 жніўня 1958 года. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1980), служыў у Савецкай арміі (1980—1992), палкоўнік запасу. Вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992—1993).

У 1993—2000 гадах знаходзіўся на дыпламатычнай службе. Працаваў трэцім сакратаром упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другім сакратаром аддзела аналізу і прагназавання, другім сакратаром сакратарыята Міністэрства замежных спраў (1993—1995), намеснікам начальніка Службы дзяржаўнага пратакола МЗС (1995—1996), прадстаўніком Беларусі пры Савеце Еўропы, дарадцам пасольства Беларусі ў Францыі (1996—1999), начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС (1999—2000).

У 2000—2008 гадах працаваў памочнікам  прэзідэнта Беларусі. З 15 ліпеня 2008 года займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У студзені 2011 года Макей быў уключаны ў чорны спіс ЕС за парушэнні правоў чалавека падчас апошніх выбараў прэзідэнта. Унесеным у спіс асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза падлягаюць замарожванню.

Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 20 жніўня 2012
 
Дата публикации:20.08.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2852
 
Ключевые слова:
Кадровые перестановки Санкции Евросоюза Министерство иностранных дел Владимир Макей
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме