https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзяржпагранкамітэт Беларусі ўзначаліў Аляксандр Баечка


Палкоўнік Аляксандр Баечка прызначаны старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняў 2 жніўня Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Першым намеснікам старшыні Дзяржпагранкамітэта — начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення прызначаны Аляксей Загародні.

Пры назначэнні Лукашэнка прызнаў: пэўнай памылкай стала прыняцце рашэнняў, якія садзейнічалі адыходу Дзяржпагранкамітэта ад непасрэднай задачы па ахове мяжы да нейкай пагранічнай палітыкі. "Гэтыя рашэнні прымаліся па пэўным патрабаванні кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта. Аднак гэта не азначала, што не трэба трымаць на замку нашу мяжу. Няправільна, што мы пагранічнікаў зрабілі больш палітыкамі, чым ваеннымі людзьмі. Галоўная іх задача — ахова дзяржаўнай мяжы", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Аляксандра Баечку, паводле слоў Лукашэнкі, станоўча характарызуе тая акалічнасць, што ён з`яўляецца пагранічнікам "з зялёнай паласы, ведае знутры пагранічную службу і пагранічны дух".

Каментуючы адстаўку ранейшага кіраўніка пагранведамства Ігара Рачкоўскага, кіраўнік дзяржавы заявіў: "Ніякай надзвычайшчыны ў гэтым няма. Наадварот, яшчэ мала пакаралі. У савецкія часы за такія рэчы пасадзілі б за краты. У тым, што здарылася, вінаватыя найперш пагранічнікі, таму што пагранатрад выявіў самалёт, але адпаведная каманда аб пакаранні парушальнікаў мяжы не прайшла".

Паводле слоў Лукашэнкі, "беспакаранымі парушэнні дзяржаўнай мяжы быць не павінны". "Іх неабходна спыняць усімі сіламі і сродкамі, у тым ліку зброяй, нягледзячы ні на што. Пагранічнікам трэба даказаць сваю адданасць Айчыне. Маё асабістае стаўленне да пагранічных войскаў вы ведаеце, і я не дазволю ганьбіць пагоны, якія насіў сам і насілі мае дзеці", — заявіў ён.

"Свой, чужы, набліжаны да прэзідэнта — усё гэта вольныя размовы. Прафесіянал ці не прафесіянал — вось адзіны крытэрый, па якім буду меркаваць аб працы пагранічнікаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Абараніць дзяржаву на крайнім рубяжы — галоўная задача пагранічнікаў. Міжнародная дзейнасць, іншыя пытанні — другарадныя. Не пагранічнікі павінны кідацца ў пошуку сродкаў па Еўропе, а еўрапейцы павінны да вас прыйсці, калі хочуць, каб мы абаранялі іх межы. Мы павінны абараняць перш за ўсё свае інтарэсы. На любыя правакацыі павінен быць годны адказ з нашага боку", — заявіў афіцыйны лідар.

Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, Аляксандр Баечка ў 1986 годзе скончыў артылерыйскае вучылішча ў Тбілісі (Грузія), служыў у Афганістане, мае дзве баявыя ўзнагароды — ордэн Чырвонага Сцяга, медаль "За баявыя заслугі". Пасля службы ў Афганістане быў начальнікам заставы, знаходзіўся на штабной працы. У 1999 годзе скончыў Акадэмію Федэральнай пагранічнай службы Расіі, служыў у Цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў Беларусі. З 2002 года быў начальнікам Лідскага пагранатрада, у 2007-м вярнуўся ў Цэнтральны апарат ужо Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. У 2009 годзе скончыў Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. Да гэтага прызначэння займаў пасаду намесніка начальніка аднаго з галоўных упраўленняў Дзяржпагранкамітэта.

Аляксей Загародні быў начальнікам Пінскага атрада, працаваў у Цэнтральным апараце Дзяржпагранкамітэта. Да гэтага дня быў пагранпрадстаўніком у пасольстве Беларусі ў Маскве.

Нагадаем, ранейшы старшыня Дзяржпагранкамітэта Ігар Рачкоўскі быў вызвалены ад займанай пасады 31 ліпеня. Прычынай адстаўкі стала парушэнне дзяржмяжы шведскім лёгкаматорным самалётам 4 ліпеня. Шведы ляталі над тэрыторыяй Беларусі амаль паўтары гадзіны і скінулі над Мінскам і Івянцом сотні плюшавых цацачных мядзведзяў. Акцыя праводзілася ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

Прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта і ваенныя спачатку катэгарычна адмаўлялі факт парушэння дзяржмяжы, пакуль шведы не выклалі ў інтэрнэце відэа свайго палёту.

Разам з Ігарам Рачкоўскім сваёй пасады пазбавіўся камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрый Пахмелкін.

Адразу пасля адстаўкі Рачкоўскага ў пагранічным ведамстве заяўлялі, што да прызначэння новага старшыні Дзяржпагранкамітэта яго абавязкі будзе выконваць першы намеснік Андрэй Гарулька. Аднак сёння прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што Андрэй Гарулька таксама вызвалены ад займанай пасады — "за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".

БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2012
 
Дата публикации:02.08.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2479
 
Ключевые слова:
Плюшевый десант Пограничная служба Противовоздушная оборона
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме