https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Арганізацыя любога збору грамадзян зараз павінна быць санкцыянаваная ўладамі


Акцыі маўклівага пратэсту з гэтага часу будуць падпадаць пад закон аб масавых мерапрыемствах. Пра гэта заявіў журналістам 5 кастрычніка намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз, каментуючы прынятыя парламентам папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах.
Як паведамлялася раней, пасяджэнне, на якім абмяркоўваўся праект закона, прайшло вечарам 3 кастрычніка пры адсутнасці журналістаў. Пра яго стала вядома праз суткі з паведамлення, размешчанага на сайце ніжняй палаты.

На пытанне, чаму гэты законапраект быў прыняты пры адсутнасці СМІ, Глаз, па сутнасці, так і не адказаў. "Права Палаты прадстаўнікоў вызначаць адкрытым ці закрытым з`яўляецца парадак разгляду законапраекта", — заявіў ён.

Згодна з новым законам, арганізацыя збору грамадзян, у тым ліку з  выкарыстаннем інтэрнэта, лічыцца пікетам, які павінен быць санкцыянаваны ўладамі, паведаміў Глаз. Да атрымання дазволу на мерапрыемства распаўсюджваць інфармацыю аб месцы і часе яго правядзення нельга, падкрэсліў дэпутат.

Паводле яго слоў, падчас дапрацоўкі законапраекта паняцце "несанкцыянаванае бяздзеянне або бяздзеянне" заменена на "несанкцыянаванае дзеянне". На пытанне журналістаў, што канкрэтна азначае гэтае паняцце, Глаз адказаў: "Юрысты вызначаць, што гэта азначае".

Флэш-мобы ў законапраекце таксама прыраўноўваюцца да масавых мерапрыемстваў, бо месца і час яго правядзення агаворваюцца загадзя, заявіў Глаз.

Што да дзеянняў міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў, то, паводле слоў дэпутата, супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць быць апранутыя ў цывільнае, але перш чым затрымліваць чалавека, яны павінны назвацца, указаць на незаконнасць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і папрасіць пакінуць яго.

Глаз не змог даць канкрэтнага адказу на пытанне, ці трэба падаваць заяўкі на правядзенне акцый, накшталт Народнага сходу, які апазіцыя рыхтуе на 8 кастрычніка (арганізатары Народнага сходу не падавалі ў Мінгарвыканкам заяўку на яго правядзенне, таму што мясцовыя сходы не падпадаюць пад дзейны закон аб масавых мерапрыемствах. — БелаПАН.) Аднак з яго слоў можна зрабіць выснову, што па дазвол да мясцовых улад арганізатарам усё ж давядзецца звяртацца. Пры гэтым Глаз зазначыў, што "ні тэарэтычна, ні практычна набыццё законам моцы да 8 кастрычніка немагчымае".

Дэпутат паведаміў, што законапраект найперш скіраваны на ўзмацненне мер па забеспячэнні бяспекі грамадзян падчас масавых мерапрыемстваў.

"Улічваючы вялікі грамадскі рэзананс, камісія старанна вывучыла заканадаўчую базу краін СНД, Еўропы і ЗША. Мы зрабілі выснову, што ідэальнай канцэпцыі ўмоў рэалізацыі права на свабоду меркаванняў не знойдзена. Наш закон у прынцыповых падыходах нічым у горшы бок не вызначаецца — наадварот, у плане адказнасці ён больш ліберальны", — сцвярджае Глаз.

Пры гэтым ён зазначыў: сам па сабе замежны вопыт неадназначны, і да яго трэба падыходзіць асцярожна. "У кожнай дзяржавы ёсць функцыя, якую яна павінна выконваць у першачарговым парадку — гэта забеспячэнне бяспекі грамадзян. Законапраект скіраваны на захаванне стабільнага стваральнага становішча ў краіне", — упэўнены дэпутат.

Унясенне паправак у закон аб масавых мерапрыемствах МУС ініцыявала летам, калі па ўсёй Беларусі штотыднёва праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзян, не згодных з палітыкай кіраўніцтва краіны. У першапачатковым варыянце законапраект прыраўноўваў да пікетавання нават бяздзеянне, арганізаванае ў тым ліку праз інтэрнэт для публічнага выказвання сваіх поглядаў.

Распрацоўка законапраекта выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Праваабаронцы і прадстаўнікі апазіцыі расцанілі папраўкі як спробу падвесці юрыдычную базу пад дзеянні праваахоўных органаў, якія жорстка разганялі ўдзельнікаў мірнага пратэсту, а суды выносілі ім абвінаваўчыя прыгаворы, накладалі адміністрацыйныя штрафы і арыштоўвалі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:05.10.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3351
 
Ключевые слова:
Законодательство Несанкционированные митинги Национальная безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме