https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 


Найти
 
 


Пяты том унікальнага навуковага выдання аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці выйдзе ў пачатку 2020 года


Аб гэтым паведаміў 17-га кастрычніка дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч у час IV Міжнароднага кангрэса гісторыкаў "Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні (да 90-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі)".
"Наша самае вялікае дасягненне да 90-годдзя інстытута - падрыхтоўка пяцітомнай гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Чатыры тамы ўжо выйшлі з друку. Яны ахопліваюць перыяд ад старажытнасці, засялення тэрыторыі Беларусі да пасляваеннага аднаўлення пасля Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Практычна завершана падрыхтоўка пятага тома. У бліжэйшы час мы яго аддаём у выдавецтва і спадзяёмся, што ў пачатку наступнага года ён убачыць свет", - сказаў Вячаслаў Даніловіч.

У першым томе беларускія вучоныя прааналізавалі працэсы першапачатковага засялення тэрыторыі Беларусі, афармлення першых протадзяржаўных утварэнняў (племянных княжанняў), разгледзелі першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці (Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая).

На гістарыяграфічнай базе і на аснове крыніц паказаны асаблівасці становішча беларускіх зямель у ВКЛ і Рэчы Паспалітай, барацьба палітычнай эліты беларускага этнасу за дзяржаўны суверэнітэт у XVI-XVIII стагоддзях.

Другі том прысвечаны перыяду, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі (канец XVIII - пачатак XX стагоддзя).

У трэцяй кнізе адлюстравана гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1939 гадах, у чацвёртай - перыяд Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і пасляваеннага аднаўлення.

Пяты том раскажа аб падзеях з 1954 года да сучаснасці.

Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі праходзіць у Мінску 17-18 кастрычніка. Абмяркоўваюцца даследаванні ў галіне беларускай археалогіі, гісторыі дзяржаўнасці, а таксама ў галіне сусветнай гісторыі.

Тэмамі для разгляду сталі беларускія землі ў эпоху Сярэдневякоўя, новага і навейшага часу, Беларусь у войнах і ваенных канфліктах. У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі акадэмічнай і вузаўскай навукі Беларусі і замежжа, грамадскія дзеячы.

Арганізатары кангрэса - Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і Інстытут гісторыі НАН.

17 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:17.10.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:41
 
Ключевые слова:
История Государственность Исследования Книгоиздание Конгресс
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме