https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Кошт лякарстваў і абсталявання з-за карупцыі завышаўся на 10-60 працэнтаў, у асобных выпадках - на 100 працэнтаў


Аб гэтым паведаміў 25-га чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык.
Валерый Вакульчык нагадаў, што кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ўраду знізіць кошт лякарстваў.

"Пры гэтым, што па зразумелых прычынах засталося за кадрам, Камітэту дзяржаўнай бяспекі было даручана глыбока і ўсебакова разабрацца ў прычынах завышэння кошту лякарстваў і медыцынскага абсталявання. Гэта работа камітэтам была праведзена. У медыцынскай сферы выкрыты сістэмныя карупцыйныя праявы. Устаноўлена, што кошт і лякарстваў, і абсталявання завышаўся на 10-60 працэнтаў, у асобных выпадках на 100 працэнтаў", - сказаў старшыня КДБ.

Злачынныя схемы, якімі скарысталіся пастаўшчыкі медыцынскага абсталявання і лякарстваў, у тым ліку па ўхіленні ад выплаты падаткаў, прадугледжвалі вывад звышпрыбыткаў у выглядзе незаконна атрыманых грашовых сродкаў на рахункі юрыдычных асоб у ПАР, Ганконгу (КНР), Літве, Латвіі, Расіі і іншых краінах.

"З іх на хабары без перабольшання ішлі мільёны долараў ЗША. У выніку вобыскаў, добраахвотнага кампенсавання ўрону, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш за $15 млн. Аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні прадаўжаюцца", - адзначыў Валерый Вакульчык.

"Фактычна механізм допуску лякарстваў і медабсталявання на рынак краіны быў настолькі забюракратызаваны, што хаджэнне па кабінетах медыцынскіх чыноўнікаў і валакіта займалі месяцы і нават даўжэй. Як вынік, медустановы не маглі своечасова атрымаць патрэбнае абсталяванне або запчасткі да яго. Такім чынам, устаноўлена, што фактычна існуючая сістэма закупак медыцынскага абсталявання і лякарстваў стварала ўмовы для карупцыйных праяў", - канстатаваў старшыня КДБ.

"Напрыклад, перагарэла лямпа ў аперацыйнай. Вырашэнне элементарнага пытання па замене доўжылася месяцамі, суправаджалася пасяджэннямі камісій і фактычна стала нормай, калі дарагое, запатрабаванае абсталяванне прастойвала месяцамі і выключна па фармальных падставах", - растлумачыў ён.

З іншага боку, добрасумленныя пастаўшчыкі не маглі разлічваць на станоўчы вынік. Закупкі ажыццяўляліся не ў вытворцаў, а ў шматлікіх пасрэднікаў, фінансавых кампаній, так званых фінак, дадаў Валерый Вакульчык.

У КДБ падкрэсліваюць, што выкрытыя факты проціпраўнай дзейнасці ў сістэме аховы здароўя дадуць магчымасць ацаніць рэальны стан спраў па закупках лякарстваў і медыцынскага абсталявання, будуць садзейнічаць зніжэнню іх кошту і эфектыўнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, выдзяляемых дзяржавай на такія патрэбы.

Гэта таксама дапаможа выключыць прычыны і ўмовы для карупцыйных праяў, пасадзейнічае стварэнню празрыстага і роўнага механізма набыцця лякарстваў і медыцынскага абсталявання. З пункту гледжання вядзення бізнесу гэта будзе выгадна як добрасумленным пастаўшчыкам, так і дзяржаве, а таксама насельніцтву Беларусі.

"Для любога прафесіянала і нават непрафесіянала відавочна, што размова ідзе не пра разавыя мерапрыемствы, не пра біццё па хвастах, а пра глыбокую сістэмную мэтанакіраваную работу па спыненні карупцыі ў нашай краіне", - рэзюмаваў Валерый Вакульчык.

25 чэрвеня 2018, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:25.06.2018
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:491
 
Ключевые слова:
Фармацестика Коррупция Криминал Ценообразование
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме