https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Па справе аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя краіны амаль 100 чалавек трапілі пад следства, фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў злачынных сродкаў


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 верасня ў Мінску на нарадзе аб праблемных пытаннях у сістэме аховы здароўя і кадравых прызначэннях.
Паводле слоў Прэзідэнта, актуальнасць сённяшняй нарады выкліканая перш за ўсё неабходнасцю вырашэння праблем, якія сабраліся ў медыцынскай сферы. "Іх маштаб такі, што ўжо нельга проста абмежавацца новымі прызначэннямі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"З мінулага года мне стала паступаць інфармацыя аб тым, што колькасць спраў карупцыйнага характару ў медыцыне рэзка ўзрасла — амаль у два разы. На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема паўстала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асоб, а закранула практычна ўсю вертыкаль — ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а магчыма, і вышэй, следства разбярэцца. Мною была пастаўленая прынцыповая і цвёрдая задача — не знайсці "стрэлачнікаў", а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтага беззаконня. Так што не трэба было нічога гадаць, гэта было маё даручэнне кантрольным і праваахоўным органам. Прычыну я вам назваў", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, самае важнае было выявіць перадумовы і прычыны, якія прывялі да распачынання "пакуль 95 крымінальных спраў".

"Калі следства скончыцца, суд вызначыць, хто і наколькі вінаваты. Але тыя факты, якія выкрытыя, сумневаў не выклікаюць", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама выказаў меркаванне, што пры ўсёй маштабнасці аператыўных мерапрыемстваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі "спрацаваў спакойна і акуратна". "Я думаю, што і іншыя структуры могуць гэты вопыт пазычаць, каб не ламаць арганізацыі, не хапаць каго папала, каб арганізацыі, наколькі гэта магчыма, працавалі, таму што там працуюць людзі. А невінаватыя ні ў якім разе не павінны несці адказнасць", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Усе, хто знаходзяцца ў гэтай зале, не выпадковыя ўдзельнікі. Я палічыў неабходным асабіста запрасіць кіраўнікоў, хто па сваіх функцыянальных і службовых абавязках адказвае за самае дарагое, за багацце нашай краіны — жыццё і здароўе людзей, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, ахова здароўя — гэта яшчэ і значная частка эканомікі. Там працуе больш нашых грамадзян, чым у сферах транспарту і сувязі разам узятых, — прыблізна 270 тыс. чалавек. А доля аховы здароўя ў валавым унутраным прадукце (3,2%) не нашмат меншая, чым у будаўнічай галіне".

Паводле слоў Лукашэнкі, апошнія паўгода "ўсё грамадства было ўзбуджанае становішчам спраў, якое склалася ў медыцыне ў сувязі з разглядам правапарушэнняў".

"Я хацеў, каб усе ведалі гэтую інфармацыю і не было тых, хто гаворыць: "Навошта так жорстка?", — растлумачыў Лукашэнка. — Гэта здароўе людзей, і гэта вялікія грошы, якія мы ўкладваем, і якія сёй-той вырашыў прыкарманіць праз цэны на медтэхніку і лекі. Менш за ўсё я хачу, каб гэтыя гучныя правапарушэнні негатыўна паўплывалі на стаўленне грамадства да айчыннай аховы здароўя. Такія выпадкі ні ў якай ступені не павінны кідаць цень на сумленных і прыстойных работнікаў аховы здароўя, урачоў, медсясцёр. І натуральна, прыстойных людзей у нашай сістэме большасць".

Лукашэнка запатрабаваў, каб ніхто не быў пакараны дарма, ні ў якім разе ніхто не смее падазраваць чалавека невінаватага. "Але той, хто заблытаўся ў карупцыйнай павуціне, — мы яго адтуль выцягнем і вызначым туды, дзе ён павінен быць. Ні для каго гэта не з`яўляецца сакрэтам, я пра гэта кажу часта", — падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, у канцы чэрвеня стала вядома аб выкрыцці Камітэтам дзяржбяспекі маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя. Сярод затрыманых называлі намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, дырэктара цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандра Сталярова, дырэктара прадпрыемства "Белмедтэхніка" Аляксандра Шарака, начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксея Яськова, гендырэктара прадпрыемства "Белфармацыя" Вячаслава Гніція.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2018
 
Дата публикации:11.09.2018
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:446
 
Ключевые слова:
Здравоохранение Криминал Коррупция Кадровые перестановки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме