https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Бяспека і эканамічнае вымярэнне - Аляксандр Лукашэнка акрэсліў беларускія прыярытэты ў рабоце ШАС


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане зрабіў акцэнт на пытаннях бяспекі і неабходнасці ўзмацнення эканамічнага вымярэння ў дзейнасці ШАС.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што невялікі прамежак часу, які мінуў з моманту далучэння Беларусі ў якасці наглядальніка да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, поўнасцю ўмацаваў беларускі бок у правільнасці зробленага выбару.

"Я, зразумела, тут выступаю як уважлівы наглядальнік за тымі працэсамі, якія адбываюцца сёння ў ШАС", - сказаў ён.

Згуртаванасць і адзінства Паводле слоў Прэзідэнта, ШАС імкліва і паступальна ператвараецца ў адну з самых уплывовых міжнародных структур. "Ва ўмовах рэгіянальных канфліктаў, што ўзмацняюцца, асаблівую каштоўнасць набывае працэс збліжэння краін, якія прадстаўляюць больш за палавіну насельніцтва планеты", - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядаўнюю перасцярогу Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб нейкім гіпатэтычным сутыкненні ЗША і Расіі.

Адказваючы на пытанне журналіста, расійскі лідар у прыватнасці сказаў, што ніхто ў выніку такога сутыкнення не зможа гэтага перажыць.

"Вельмі правільна і вельмі злабадзённа. Асаблівасць сёння ШАС у тым, што пры жаданні ўсіх членаў арганізацыі ніхто нідзе і ніколі не зможа дэстабілізаваць абстаноўку ў свеце. У гэтым велізарны патэнцыял ШАС, і гэта трэба бачыць. Гэта найвялікшая каштоўнасць, якая сёння створана", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Згуртаванасць і адзінства - той ключавы фактар процістаяння сучасным выклікам і пагрозам, уключаючы тэрарызм, экстрэмізм, арганізаваную злачыннасць", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, сведчаннем умацавання аўтарытэту ШАС, у тым ліку яго эканамічнага вымярэння, з`яўляецца павелічэнне колькасці краін, якія падтрымліваюць шанхайскі дух раўнапраўнага ўзаемавыгаднага і мірнага суіснавання народаў.



"Дзве магутнейшыя дзяржавы - Індыя і Пакістан - становяцца яе паўнапраўнымі членамі. Гэта не проста важнейшы вынік саміту, а мужны і адказны крок нашай арганізацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не будзем утойваць, ёсць пэўныя праблемы ў адносінах паміж гэтымі цудоўнымі магутнейшымі дзяржавамі. І тое, што вы іх сёння прынялі ў склад ШАС, сведчыць аб тым, што вы проста адказныя людзі. Гэтым вы ўзялі на сябе вырашэнне і гэтых праблем. Упэўнены, што, з`яўляючыся членамі ШАС, і Індыя, і Пакістан не проста наблізяцца да вырашэння нейкіх невялікіх праблем, але яны іх вырашаць".

Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з гэтай падзеяй прэм`ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі і прэм`ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа.

Усеагульная і непадзельная бяспека

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь, знаходзячыся на "заходнім рубяжы" ШАС, як донар рэгіянальнай стабільнасці гатова на справе ўносіць свой канкрэтны ўклад у дасягненне мэт арганізацыі зыходзячы з неабходнасці ўсеагульнай і непадзельнай бяспекі.

"Лічу, што ў спалучэнні з намаганнямі "шанхайскай сям`і" захоўвае сваю актуальнасць беларуская ініцыятыва аб наладжванні новага маштабнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, аналагічнага Хельсінскаму працэсу. Шанхайскую арганізацыю сёння немагчыма праігнараваць ні па адным з пытанняў парадку дня сусветнага развіцця. Маючы негатыўны вопыт раздзялення і войнаў, наша краіна адначасова служыць пазітыўным прыкладам мірнага суіснавання культур і рэлігій", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Умацаванне эканамічнага вымярэння

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што ўсё большая сацыяльная нестабільнасць у асобных краінах і рэгіёнах цесна звязана з узроўнем іх развіцця.

"Прычына нестабільнасці менавіта ў гэтым. Скажу адкрыта: сёння Еўропа церпіць ад наплыву бежанцаў, дык вось, калі б Еўропа не адгароджвалася і не дэстабілізавала гэты рэгіён, а дапамагла, то сёння не мела б гэтай праблемы. Заява Сі Цзіньпіна аб тым, што Кітай будзе садзейнічаць развіццю дзяржаў не толькі ШАС, але і па перыметры арганізацыі, якраз вельмі важная з пункту гледжання вырашэння гэтай страшнай праблемы нелегальнай міграцыі, якая вядзе да глабальнага тэрарызму. Упэўнены, што ўмацаванне эканамічнага вымярэння ШАС будзе садзейнічаць вырашэнню гэтага няпростага пытання", - сказаў Прэзідэнт.

Ён прапанаваў падумаць над распрацоўкай канкрэтных праектаў (эканамічных, інвестыцыйных, лагістычных, гуманітарных), у тым ліку з актыўным прыцягненнем дзяржаў-наглядальнікаў.

"Мы падтрымліваем ініцыятыву аб неабходнасці забеспячэння харчовай бяспекі на кантыненце. Праблема нарастае. З`яўляючыся буйным вытворцам харчовай прадукцыі, Беларусь паслядоўна выступае за зняцце штучных бар`ераў у гэтай сферы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным той факт, што саміт у Астане па часе фактычна супадае з пачаткам работы міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017", якая прысвечана энергіі будучага.

"Гэты сусветны агляд дасягненняў дасць магчымасць пашырыць эканамічную кааперацыю членаў ШАС і іх партнёраў", - упэўнены ён. Беларусь - сувязнае звяно паміж Еўропай і Азіяй Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне вырашэнню задач па ўстараненні перашкод на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы ў Еўразіі.

"Вырашыўшы гэту праблему, мы зробім так, што свет наогул перастане аб ёй гаварыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Сённяшняя сустрэча, па сутнасці, з`яўляецца прадаўжэннем таго лёсавызначальнага дыялогу, які мы вялі ў Пекіне ў рамках міжнароднага форуму "Адзін пояс і адзін шлях". Гэта адзін з глабальных прыкладаў, у такім напрамку павінна развівацца наша арганізацыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бясспрэчна, гэта магутнейшы стымул для развіцця не толькі ШАС, але і Еўразіі, усяго свету.

Форум прадэманстраваў зацікаўленасць большасці краін свету ў рэалізацыі такога беспрэцэдэнтнага па маштабе праекта".

"Мы гатовы ўзмацняць ролю Беларусі як сувязнага звяна паміж Еўропай і Азіяй і прапануем партнёрам больш актыўна выкарыстоўваць гэты патэнцыял", - адзначыў беларускі лідар.

9 чэрвеня 2017, Астана
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА
 
Дата публикации:09.06.2017
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:1156
 
Ключевые слова:
ШОС ЭКСПО-2017 Продовольственная безопасность Энергетика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме