https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь — Eўрасаюз


ЕС і Расія не павінны вырашаць беларускае пытанне за спінай Беларусі, заявіў еўракамісар Штэфан Фюле.

Такую заяву зрабіў еўракамісар Штэфан Фюле 8 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з лідэрамі апазіцыйных партый і рухаў.

Абвастрэнне адносін паміж Мінскам і Масквой стала адной з тэмаў размовы, паведаміў БелаПАН удзельнік сустрэчы, лідэр Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.

"Гэтая тэма закраналася па-рознаму, — адзначыў ён. — Беларускі бок у большай ступені гаварыў аб тым, што пасля вядомых публікацый і фільма на НТВ ["Хросны бацька"] адбыліся змены ў адносінах расійскага кіраўніцтва да сітуацыі ў Беларусі і гэта патрэбна выкарыстаць Еўрапейскаму саюзу. З боку ЕС мы пачулі адказ, якія і я падзяляю у тым ліку: нічога істотнага не адбылося, і гэта трэба разглядаць як доўгатэрміновую стратэгію, якая накіравана на змяненне сітуацыі ў Беларусі. Яны вельмі скептычна да гэтага паставіліся, хаця дыялог паміж Еўропай, Еўрасаюзам і Расіяй ідзе, і там, безумоўна, у нейкай ступені закранаюцца пытанні Беларусі".

"Было падкрэслена, што прынцыпова немагчыма і маральна няправільна вырашаць пытанні Беларусі за спінай беларусаў, без іх непасрэднага ўдзелу", — сказаў Калякін.

Паводле яго слоў, афіцыйны візіт еўракамісара "сур`ёзная падзея ў беларуска-еўрапейскіх адносінах".

"Мне ў цэлым спадабалася пазіцыя спадара Фюле, — сказаў Калякін. — На мой погляд, ён выдатна валодае сітуацыяй у Беларусі, нюансамі. Ён у пэўнай ступені аптыміст, але ў той жа час і рэаліст. У яго ёсць прапановы ЕС па развіцці адносін з Беларуссю, галоўная з якіх у тым, што гэта павінен быць двухбаковы рух, па зразумелых правілах. Гаворка ідзе, напэўна, пра часовы крок узаемадзеяння, у якім былі б узаемныя крокі. І прагрэс у гэтых адносінах будзе залежаць ад жадання і рэальных дзеянняў двух бакоў".

Паводле слоў Калякіна, прадстаўнікі дэмсіл заявілі пра неабходнасць найбольш хуткага спрашчэння візавага рэжыму для беларускіх грамадзян. "Камісар сказаў, што гэта нельга рабіць імгненна, таму што гэта павінна быць узгодненае рашэнне 27 краін, але гэта рашэнне павінна адбыцца, і важнасць гэтага рашэння камісар разумее. Ён таксама будзе прыкладаць намаганні, каб гэтае пытанне было вырашана".

Акрамя таго, на сустрэчы ўзнімаліся пытанні спынення рэпрэсій і вызвалення палітзняволеных "як напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, так і ў прынцыпе". "Нельга весці дыялог ва ўмовах, калі ёсць палітзняволеныя і працягваюцца рэпрэсіі", — сказаў Калякін.

Падчас размовы гаварылася пра неабходнасць уздзеяння на практыку прымянення выбарчага заканадаўства і пра змены саміх законаў у гэтай сферы. "Мы заявілі пра адсутнасць перадумоў для правядзення ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў, што пацвердзілі апошнія выбары ў мясцовыя саветы. Але разам з тым трэба працягваць націск — і ўнутраны, і міжнародны — для змянення сітуацыі", — адзначыў лідэр "Справядлівага свету".

Абмяркоўваліся, паводле яго слоў, таксама пытанні "ўзаемадзеяння Еўрасаюза і Беларусі ў эканамічнай плоскасці".

"Была шчырая і нефармальная гутарка. Было бачна зацікаўленае стаўленне спадара камісара да праблемаў паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю, якое павінна адбывацца ў кантэксце паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у нашай краіне. Адно без другога немагчыма. Думаю, мы ўвесь спектр праблем за дзве з паловай гадзіны, канечне, не абмеркавалі, але галоўныя кропкі былі пастаўленыя. Яны вядомыя — у тым ліку і еўракамісару", — падкрэсліў Калякін.

Мінск, 9 ліпеня 2010
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

 
Дата публикации:09.07.2010
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:6691
 
Ключевые слова:
Евросоюз Восточное партнёрство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме