https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт


1-га лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця памёр вядомы беларускі дзяяч замежжа, грамадзянін ЗША Барыс Кіт. Пра сьмерць Барыса Кіта паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч.
«Яму было вельмі кепска апошнія дні, былі моцныя болі, ён ужо больш не хацеў жыць», — кажа Тамара Казевіч.

Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму ён выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль невядомая, выконваюцца фармальнасьці.

«Беларусам ХХІ стагодзьдзя я жадаю не забыць сваёй беларускасьці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма, — сказаў Барыс Кіт у апошнім інтэрвію Свабодзе ў сьнежні 2017 году. — Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я ня здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль».

Барыс Кіт — беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю 1917 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Барыс Кіт скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі, выкладаў там матэматыку.

Перад вайной Кіта прызначылі акруговым інспэктарам Баранавіцкай школьнай акругі, пад ягоным кіраўніцтвам адчыніліся дзясяткі беларускіх школ у Баранавіцкім, Наваградзкім, Слонімскім, Валожынскім, Ваўкавыскім раёнах.

За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны.

30 дзён у камэры сьмяротнікаў

З пачаткам нямецкай акупацыі два гады пражыў у сваякоў у вёсцы Лебедзева Маладэчанскага раёну.

Працуючы дырэктарам беларускай гімназіі ў Паставах, Барыс Кіт разам са сваімі вучнямі перажыў жудасную трагедыю ліквідацыі Пастаўскага гета. Ён адмовіўся на загад нямецкага афіцэра накіраваць сваіх вучняў ачышчаць горад ад трупаў, і гэта стала для акупацыйнага рэжыму апошняй кропляй. Барыса Кіта арыштоўваюць і зьмяшчаюць у камэру сьмяротнікаў Глыбоцкай турмы, абвінавачваюць у шпіянажы, сувязях з партызанамі, парушэньні нямецкіх законаў. У гэтай камэры, насельнікаў якой кожную ноч выводзілі на расстрэл, Барыс Кіт прабыў 30 дзён.

Але вучні не пакінулі настаўніка, распачаўшы кампанію ў яго абарону. Барыс Кіт быў вызвалены дзякуючы заступніцтву вучня Кастуся Касяка, які быў дарадцам па беларускіх справах пры гебітскамісарыяце. Самога Касяка потым расстраляла савецкая ўлада.

Зрабіў унёсак ва ўсясьветную астранаўтыку

У 1948 годзе Барыс Кіт эміграваў у ЗША, дзе заснаваў у горадзе Саўт-Рывэры беларускую калёнію, дапамагаючы перабрацца ў ЗША шматлікім беларускім уцекачам. Але неўзабаве пераехаў у Каліфорнію, дзе распачаў навуковую дзейнасьць у галіне астранаўтыкі.

Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў.

Ён суаўтар падручніка па ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (1960), якім дасюль карыстаюцца ў амэрыканскіх унівэрсытэтах.

Выгадаваў двух сыноў — Уладзімера, які працаваў у кіраўніцтве амэрыканскага касьмічнага агенцтва НАСА (8 гадоў таму памёр), і Віктара, хірурга ў Балтыморы.

Вяртаньне на радзіму

З развалам СССР і адраджэньнем незалежнай Беларусі імя Барыса Кіта вярнулася ў беларускую гісторыю.

Пра яго распавядаецца ў кнігах Лідзіі Савік «Вяртаньне» і «Космас беларуса» і Галіны Войцік «Барыс Кіт». У беларускіх часопісах друкавалася кніга Васіля Быкава «Аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 году ў Франкфурце-на-Майне». У Менску таксама выйшла кніга «Грамадзянін сьвету» з успамінамі пра Барыса Кіта, напісаная ягонымі вучнямі і сябрамі.

Апошні час Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў прытулку для састарэлых. Пасьля пералому шыйкі сьцягна ня мог хадзіць, рухаўся на інвалідным вазку.

Паводле інфармацыі Белстату, сярод мужчын на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не было людзей, старэйшых за Барыса Кіта.

Радыё Свабода, 2 лютага 2018
 
Дата публикации:02.02.2018
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:547
 
Ключевые слова:
Барыс Кіт Беларусы ў свеце Диаспора Астронавтика Некролог
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме