https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


СААЗ назвала 10 галоўных пагроз для здароўя чалавецтва ў 2019 годзе


Сусветная арганізацыя аховы здароўя абазначыла 10 галоўных пагроз для здароўя людзей у 2019 годзе. Спіс пытанняў, якія ў бягучым годзе запатрабуюць увагі з боку СААЗ і партнёраў па ахове здароўя, размешчаны на сайце арганізацыі.
Адной з галоўных пагроз здароўю чалавецтва ў 2019 годзе СААЗ называе забруджванне паветра і змяненне клімату. Мікраскапічныя забруджвальныя рэчывы, якія знаходзяцца ў паветры, пранікаюць у дыхальную і сардэчна-сасудзістую сістэмы, пашкоджваючы лёгкія, сэрца і мозг.

Па гэтай прычыне штогод амаль 7 млн чалавек паміраюць ад такіх хвароб, як рак, інсульт, хваробы сэрца і лёгкіх. Каля 90 працэнтаў гэтых смярцей прыпадае на краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходу, а таксама з высокімі аб`ёмамі выкідаў ад прамысловасці, транспарту і сельскай гаспадаркі.

Яшчэ адной важнай пагрозай здароўю чалавецтва ў гэтым годзе СААЗ лічыць такія неінфекцыйныя захворванні, як дыябет, рак і хваробы сэрца. У сукупнасці гэтыя захворванні штогод становяцца прычынай больш як 70 працэнтаў усіх смярцей у свеце, або 41 млн чалавек.

Гэта лічба ўключае 15 млн чалавек, якія паміраюць заўчасна - ва ўзросце ад 30 да 69 гадоў. Рост колькасці такіх захворванняў выкліканы пяццю асноўнымі фактарамі: курэнне, адсутнасць фізічнай актыўнасці, празмернае ўжыванне алкаголю, нездаровае харчаванне і забруджванне паветра.

Сярод іншага, у гэтым годзе СААЗ будзе працаваць з урадамі, каб дапамагчы ім у дасягненні глабальнай мэты па зніжэнні фізічнай пасіўнасці на 15 працэнтаў да 2030 года.

Цяжкія ўмовы жыцця, звязаныя з ваеннымі канфліктамі, засухай, голадам, перамяшчэннем насельніцтва, выклікаюць значную рызыку здароўем 1,6 млрд людзей. СААЗ у гэтым годзе мае намер працягваць работу ў краінах з такімі праблемамі, умацоўваючы там сістэмы аховы здароўя, каб яны маглі больш аператыўна і эфектыўна рэагаваць на ўспышкі хвароб.

Яшчэ адна важная пагроза здароўю чалавецтва ў 2019 годзе - нерашучасць адносна вакцын, у тым ліку адмова ад вакцынацыі. Негатыўнае стаўленне часткі насельніцтва да імунізацыі, як падкрэсліваюць эксперты СААЗ, пагражае павярнуць назад прагрэс, дасягнуты ў барацьбе з хваробамі, якія можна прадухіліць пры дапамозе вакцын.

Сярод іншых пагроз здароўю чалавека, адзначаных СААЗ у 2019 годзе, - магчымая пандэмія грыпу, процімікробная ўстойлівасць, вірус Эбола, эпідэмія ВІЧ, ліхаманка дэнге і слабая першасная медыка-санітарная дапамога.

Для ўстаранення гэтых і іншых пагроз у 2019 годзе стартуе новы пяцігадовы стратэгічны план Сусветнай арганізацыі аховы здароўя - Трынаццатая агульная праграма работы на 2019-2023 гады.

Гэты план накіраваны на дасягненне мэты ў тры мільярды: забеспячэнне яшчэ для трох мільярдаў чалавек ва ўсім свеце доступу да ўсеагульнага медыцынскага страхавання, абароны ад надзвычайных сітуацый у галіне аховы здароўя і паляпшэння стану здароўя і дабрабыту.

15 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.01.2019
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:291
 
Ключевые слова:
Статистика Здравоохранение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме