Курс валютпокупкапродажа
USD334.83335.98
EUR392.31395.16
RUR5.675.72
www.kurs.kz
 


 




Найти
 
 


МЗС Беларусі ўмяшалася ў спрэчку наконт помніка Касьцюшку ў Швайцарыі


У невялічкім гарадку Залатурн, дзе пражываюць прыкладна 15 тысяч чалавек, беларуская дыяспара вырабіла помнік Тадэвушу Касьцюшку.
21 кастрычніка мяркуецца ўрачыстае яго адкрыцьцё.

Аднак на патрабаваньне польскага боку з памятнай шыльды прыбралі ўсе згадкі пра Беларусь. Зь яе зьніклі ня толькі радкі «сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў», але ня стала і вэрсіі тэксту, напісанай па-беларуску.

Паводле прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Швайцарыі, згадкі пра Беларусь зьніклі праз намаганьні польскага амбасадара ў Бэрне.

На зьмененым надпісе засталося ўсяго некалькі радкоў:

«Tadeusz Kosciuszko
04.02.1746 — 15.10.1817
Gestiftet von der Weissrussischen Vereinigung in der Schweiz 2017», што ў перакладзе азначае «Пастаўлены Асацыяцыяй беларусаў Швайцарыі ў 2017 годзе».

Тадэвуш Касьцюшка памёр у Залатурне. Сёлета 15 кастрычніка спаўняецца 200 гадоў з дня яго сьмерці.

«Наш часовы павераны ў Швайцарыі Павал Мацукевіч, які кіруе беларускай дыпмісіяй, запрасіў сустрэчу з мэрам гораду Залатурн, дзе плянуецца адкрыць помнік Тадэвушу Касьцюшку. Мы высьвятляем усе абставіны гэтай сытуацыі», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Як ушанаваны Тадэвуш Касьцюшка ў Беларусі

У вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёну, дзе месьціцца сядзіба Касьцюшкаў, у 1930 годзе (пры Польшчы) пастаўлены бюст.

У вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёну каля Косава, дзе нарадзіўся і жыў Касьцюшка, у 2006 годзе пастаўлены валун з шыльдай.

У 2005 годзе на тэрыторыі амбасады ЗША на вуліцы Старавіленскай у Менску з ініцыятывы і за грошы тагачаснага амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусі Джорджа Крола быў пастаўлены бюст Касьцюшку.

Як ушанаваны Тадэвуш Касьцюшка ў сьвеце

Помнікі Тадэвушу Касьцюшку стаяць у розных краінах. У Польшчы — у Варшаве, Кракаве, Лодзі... У ЗША — у Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце... Лічыцца, што па ўсім сьвеце маецца болей за 200 помнікаў.

У гонар Касьцюшкі названыя: гара Касьцюшка (самая высокая ў Аўстраліі); востраў Касьцюшка на Алясцы, акруга Касьцюшка ў штаце Індыяна; Кракаўскі політэхнічны ўнівэрсытэт, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі і завулкі розных краінаў сьвету.

Чаму ў Менску няма вуліцы і помніка Тадэвуша Касьцюшкі?

У канцы 2015 году актывісты Таварыства беларускай мовы зьвярнуліся ў Менскі гарвыканкам з прапановай назваць адну з сталічных вуліц імем Касьцюшкі. Таксама была прапанова прысвоіць імя славутага беларуса частцы праспэкту Дзяржынскага.

У студзені 2016 году ТБМ атрымаў адказ сталічных уладаў. У перайменаваньні часткі праспэкту імя Дзяржынскага адмоўлена адразу. Прычыны — «працэдура перайменаваньня прычыняе нязручнасьці грамадзянам і патрабуе значных фінансавых выдаткаў (зьмена дакумэнтаў, адрасоў, аншлягаў, назваў прыпыначных пунктаў і г.д.)».

Прапанова аб наданьні імя Касьцюшкі новай вуліцы кіраўніцтва гарвыканкаму перадало ў адмысловую камісію па найменаваньні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц і плошчаў Менску, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль.

Гарадзкія ўлады лічаць, што пытаньне аб устаноўцы ў Менску помніка Тадэвушу Касьцюшку трэба разглядаць пасьля таго, як зьявіцца вуліца яго імя і будуць вызначаныя крыніцы фінансаваньня праекту.

Некалькі беларускіх грамадзкіх арганізацый накіравалі зварот на імя старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца. Яны «настойліва прапануюць не ісьці на повадзе русафобскіх антыбеларускіх сілаў адносна найменьняў вуліц і плошчаў у Менску і не ўзводзіць у Рэспубліцы Беларусі манумэнтаў польскаму генэралу-мяцежніку».

Дакумэнт падпісалі Беларускае грамадзкае аб’яднаньне «Русь», моладзевае сацыяльна-культурнае грамадзкае аб’яднаньне «Русь маладая», культурна-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Наша Русь».
_________________________________

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Ён нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Тадэвуш Касьцюшка лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў.

Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 10 кастрычніка 2017
 
Дата публикации:10.10.2017
Тематика:Белорусские центры, В мире
Просмотров:113
 
Ключевые слова:
Мерачоўшчына Тадэвуш Касьцюшка Швейцария Памятник
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме