https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тэракт у Мінску


Пацярпелыя ад выбуху:" Выбух быў падобны да кадраў выбуху маскоўскага метро"
У Гарадскую клінічную бальніцу хуткай дапамогі трапіла пацярпелых ад выбуху ў сталічным метро найбольш — 26 чалавек. Да пацыентаў у цяжкім стане ўваход забаронены. Большасць "лёгкіх" пры згадванні пра тэракт пачынае плакаць альбо наадрэз адмаўляецца гаварыць. З пяці чалавек дзвюх "выбуховых" палат толькі двое пагадзіліся на інтэрв`ю нашай газеце.

"Я перажываў за тых, хто не мог выбрацца. Яны маглі задыхнуцца"


Міхаіл папярэдне папрасіў мяне не пісаць яго прозвішча. Маўляў, і так яго родныя перапужаліся. 45-гадовы моцны мужчына з кароткай стрыжкай на Кастрычніцкай выйшаў, каб перасесці на другую лінію. Ён павінен быў сустрэцца з жонкай на адной са станцый Аўтазавадской лініі і паехаць разам па справах.

— Я стаяў каля першых дзвярэй першага вагона. Збіраўся выйсці, як раздаўся хлапок і запахла паленай праводкай. Я нават падумаў, што адбылося замыканне... — расказвае Міхаіл. — Я падумаў, што замыканне адбылося ў гэтых дзвярах, якія аўтаматычна адкрываюцца. А вось калі ўбачыў дзяўчыну, на якой гарэла куртка, калі яна бегла, я зразумеў, што, напэўна, гэта выбух. Аднак ён быў недзе далей, не каля мяне. Незразумела было, дзе.. Было вельмі шмат дыму, не было відаць эскалатара. Падалі абломкі плафонаў...

Паводле слоў Міхаіла, варонкі ён не бачыў. А бачыў скураную сумку з гаечнымі ключамі.

— Ішоў і бачыў сумку скураную на пероне. Ну, я не ведаю, наколькі гэта тая сумка. Аднак пасля тых кадраў выбуху ў Маскве я неяк засяродзіў увагу на сумцы, — працягвае мужчына. — Мне здалося, што гэтая сумка падобная да скрутка з інструментамі, якія часта ў аўтамабілях бываюць. У ёй была пара гаечных ключоў. Насамрэч я не прыглядаўся. Былі параненыя. Тыя, хто мог падняцца, тых выводзілі. Аднак было незразумела, куды бегчы, нічога не ясна... Я перажываў вельмі за тых, хто проста заставаўся ляжаць і не мог выбрацца. Там можна было ўчадзець натуральна.

"Адчуванне, што на галаву каўпак надзелі — нічога не чую"

Цёмнавалосая дзяўчына Інэса Крутая, што ляжала побач з Міхаілам, аказалася больш гаваркой. У той дзень у яе таксама быў выхадны, аднак яна ехала з экзамена на сваёй новай працы.

— Народ выйшаў, я збіралася заходзіць, — расказвае 33-гадовая жанчына, побач з якой сядзіць бацька ў вязаным світары. — Наколькі памятаю, быў другі вагон. Адчыніліся дзверы — шмат народу. Народ выйшаў. Пачалі заходзіць іншыя. Ну, а пасля пачалося зусім не зразумець што. Адчуванне, што на галаву каўпак надзелі — нічога не чую. Штуршок быў... Мне расказвалі жанчыны, якія былі ў цягніку, што вельмі моцна ўдарыла па вушах. Таму што вагон зачынены, там дзявацца паветру не было куды, і штуршок быў наймацнейшы. Пасля, як чорна-белае ўсё стала. Усё ў дыме было. Пацямнела, святло мігала. Я бачыла кадры з маскоўскага метро. Нешта падобнае было і тут.

— Ці быў нейкі пах у гэтага дыму? — пытаецца Інэсу бацька. — Можа быць, нейкі спецыфічны такі? Кіслы ці горкі?

— Пах вельмі смярдзючы. Не спецыфічны. Звычайны палёны, я нічога не магу сказаць наконт гэтага, бо ў мяне нюх прытуплены, — гаворыць жанчына.

"Я бачыла жанчыну, у якой ногі заціснула паміж платформай і вагонам"

— Пасля я выбіралася і каля выхаду, каля дзвярэй уваходу ў метро куча народу ляжала... Нехта сядзеў каля іх, — працягвае Інэса. — Асаблівай панікі, каб нейкія крыкі стаялі ці што, не было. Выходзілі так досыць спакойна... Ну, усе аглушаныя былі... Жанчына стаяла ў метро, наколькі я зараз памятаю, і далей чакала цягніка. У нейкі момант бачыла жанчыну, у якой ногі заціснула паміж платформай і вагонам. Там, дзе дзірка гэтая невялікая, там яе ногі былі, а тулава на платформе. Яе, напэўна, штурхнула гэтай хваляй, ці што... Не ведаю, як так атрымалася... Ці дапамагалі? Пачнеш яго падымаць, то ў яго могуць быць і косткі паламаныя, і што заўгодна...

Інэса кажа. што другой успышкі ці выбуху не было.

— Прынамсі, я нічога не чула і не бачыла, — адказвае жанчына. — Вось калі гэта ўсё ўспрымаць, то падобна было да фільма. Калі выбух здымаюць і без гуку. У прынцыпе, вельмі падобна. Гуку ніякага не было. Адчуванне было, што проста ідзе нейкая хваля і г.д. Ну, вось пакет пластыкавы быў, а тут раз -- і яго няма, толькі ручкі ў руцэ засталіся.

"Выратавальнікі бегалі вакол, насілі кагосьці"


— Прыкладна праз сем хвілін пасля выбуху я была на паверхні. Дадому не пайшла. Бо першае, што ў галаву прыйшло: калі быў выбух, то можа быць страсенне мозга, — тлумачыць жанчына. — Па словах, толькі адна хуткая напачатку прыехала. Прыехала яна аператыўна вельмі, але тады здавалася, што доўга. Людзей больш цяжкіх забіралі адразу. МНЗ бегала туды-сюды. Насілі кагосьці і г.д. Людзі, якія хацелі ў гэтае метро зайсці, таксама вельмі моцна дапамагалі. Выцягвалі, адрывалі крэслы, рабілі імправізаваныя насілкі. А наверсе разбіраліся. Калі я выйшла, то выносілі вельмі шмат людзей. Я сама пазваніла бацькам, убачыла, што іншыя людзі тэлефануюць. Аднак я нічога не чула, таму проста гаварыла ў трубку. Думаю, пазваню, хоць скажу, таму што пасля будзе не дазваніцца. І ўсе пачнуць хвалявацца. І паспела да таго часу, калі на лініі пайшла перагрузка.

"Перада мной у жанчыны проста кавалак нагі вырвала"

Інэса паказвае плячо, усыпанае ранамі, якія замазаны зялёнкай. Левая рука пасечана, і левая нага таксама. Маленькія і сярэднія ранкі рассыпаны па ўсёй назе.

— Гэта ці то шкло пасякло, ці то што... Кавалкі металу былі.. Магчыма, і не ад электрычкі... — спускаючы рукаў, апавядае жанчына.

— Пакажы ногі... Ты стаяла тварам да выбуху, — настойвае тата Інэсы.

— Я стаяла паўбокам да выбуху. Таму правы бок цэлы, а вось левы ўвесь такі. Па нагах у асноўным трапіла. Дзякуй Богу, што была ў куртцы. Бо калі б летам, то была б вялізная рана на плячы, а так вялізная дзірка на куртцы і толькі невялічкая рана на плячы...

— Калі так можна кваліфікаваць, то гэта шматлікія асколачныя раненні, — кажа бацька.

— У мяне больш-менш так. У жанчыны проста кавалак мяса вырвала, яно так і тырчала, — гаворыць Інэса.

— Ці былі нейкія падазроныя людзі? — цікавіцца тата.

— Ехала як звычайна. Сказаць, што нехта там нейкі незвычайны быў, не скажаш, я была паглыбленая ў свае думкі.

— А нейкія незвычайныя паводзіны людзей былі? — пытаецца тата.

— Ды не, — адказвае яна. — Я думала толькі пра тое, што я зараз сяду ў вагон і апынуся дома... Самае цікавае, што і экзамен я не здала, на які ў выхадны ехала...

— Я чуў па тэлефоне толькі яе словы: "Выбух у метро. Я выходжу наверх", — кажа бацька жанчыны.

— На той момант было вельмі нават нядрэнна, — перабівае Інэса. — А зараз толькі падымаюся, і галава баліць...

— Адэкватнае ўспрыманне хутка не прыходзіць, — працягвае тата. — Разумееце, чалавеку нязвыкла , што ён смяротны. Наша свядомасць адмаўляе гэты факт. І таму, сутыкнуўшыся з нечым падобным, яна не ўспрымае рэальнасць.

Настасся Занько
Звязда
13 красавіка 2011




 
Дата публикации:13.04.2011
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:2434
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро теракт терроризм Жертвы теракта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме