https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Цяпер самы час сабраць і задакументаваць факты аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны і прад`явіць гэта заходнім "партнёрам"


Такое меркаванне газеце "СБ. Беларусь сегодня" выказаў навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі палітолаг Аляксей Дзермант.
"У цэлым мы ўяўляем, якую долю нам прызначыла нацысцкая Германія і яе памагатыя, якія праводзілі знішчальную палітыку на тэрыторыі Беларусі. І сама ідэалогія нацызму, і палітыка, якая ажыццяўляецца пад яе сцягам, асуджаны як злачынныя, дакладна гэтак жа, як і любыя арганізацыі і асобы, датычныя да правядзення гэтай палітыкі. Але аказваецца, што гэтага мала, што існуе мноства дэталей і фактаў, якія выпадалі з-пад увагі даследчыкаў, гісторыкаў і простых грамадзян, - разважае аналітык. - І ўсе гэтыя факты ўкладваюцца ў карціну не проста ваенных дзеянняў, але ў логіку мэтанакіраванага генацыду мясцовага насельніцтва, якое складалася не толькі з беларусаў, а з яўрэяў, рускіх, украінцаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых народаў".

Аляксей Дзермант нагадвае, што ва ўсім свеце ведаюць і гавораць пра халакост як пра такі ж мэтанакіраваны, прадуманы план знішчэння яўрэйскага народа.

"Дык чаму ж на Захадзе не прызнаюць генацыд беларусаў і іншых народаў, якія трапілі ў крывавую мясарубку той вайны? Чаму існуюць нейкія двайныя стандарты і сёння былыя акупанты ўжо адчуваюць не віну за ўчыненае, а пэўную маральную перавагу і магчымасць дыктаваць і навязваць нам свае погляды на ўнутраную палітыку ў нашай краіне? Відаць, таму, што з залішняй сціпласці і разліку на прыстойнасць былых ворагаў, на іх сумленне мы доўгі час меркавалі, што спецыяльна вылучаць беларусаў, гаварыць аб праводзімым у адносінах да іх генацыдзе было неяк не прынята, маўляў, і так усё зразумела, - падкрэслівае палітолаг. - Аказваецца, многім ужо незразумела. Асабліва ў Еўропе, дзе Еўрапарламент сваімі рэзалюцыямі фактычна ўраўноўвае савецкі лад і гітлераўскі рэжым, за чым абавязкова пойдзе і ўраўноўванне ў свядомасці абывацеляў пераможцаў і пераможаных - нібыта гэта два таталітарныя рэжымы змагаліся паміж сабой, а беларусы, рускія, немцы ў роўнай ступені былі проста іх ахвярамі".

Навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН лічыць, што ні ў Беларусі, ні ў Расіі не ўдасца ажыццявіць гэту езуіцкую падмену паняццяў.

"Не мы напалі на чужую краіну і не мы планавалі знішчэнне там мільёнаў людзей у залежнасці ад іх нацыянальнай прыналежнасці для вызвалення жыццёвай прасторы для "сапраўдных арыйцаў". Вось таму і патрэбна новае дасканалае расследаванне з прывязкай да канкрэтнай тэрыторыі ўсяго таго, што рабілі гэтыя "невінаватыя" на нашай зямлі. Сабраць факты і выставіць іх таму боку - няхай успомняць, падумаюць і, будзем спадзявацца, зноў пакаюцца і перастануць выказваць нам свае прэтэнзіі. Беларусы не трымаюць зла на тых, хто шчыра гатовы прызнаць свае памылкі і злачынствы, хто гатовы нармальна дружыць і супрацоўнічаць без фігі ў кішэні. Але мы не будзем цярпець адкрытай подласці, хлусні і двайных стандартаў. Аказваецца, фашызм яны шукаюць не ў сваім мінулым, а ў нас, у сучаснай беларускай дзяржаве, заснаванай менавіта на антыфашызме і антынацызме, - адзначае Аляксей Дзермант і дапускае, што, магчыма, там гэта ўсё праігнаруюць або спішуць на даўнасць гадоў. - Але вось тут і трэба будзе праявіць прынцыповасць і цвёрдасць пераможцаў, якіх беларусам не займаць. А цяпер час збіраць факты, старанна ўсё дакументаваць, знайсці тых, хто пазбег адказнасці, і выставіць гэта ўсё заходнім "партнёрам". Няхай зоймуцца карыснай справай дзеля ачышчэння ўласнага сумлення і рэпутацыі".

13 мая 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:13.05.2021
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:194
 
Ключевые слова:
Вторая мировая война Нацизм Геноцид
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме