https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Нацызм, шавінізм і таталітарныя ідэалогіі павінны стаць закрытым раздзелам у гісторыі чалавецтва


Аб гэтым гаворыцца ў звароце прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця другой чаргі мемарыялу на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец.
Тэкст зварота зачытаў 29 чэрвеня на цырымоніі дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.

"Існуюць розныя карты Еўропы. Ёсць карты прыгожых гарадоў, выдатных храмаў і палацаў, музеяў і ўніверсітэтаў. Ёсць карты гандлёвых шляхоў і паломніцкіх маршрутаў, прыгожых мясцін прыроды. На жаль, у XX стагоддзі з`явілася яшчэ адна адмысловая карта. Жахлівая карта нямецкіх нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці. Карта яўрэйскіх гета і месцаў масавых пакаранняў немцамі падчас Другой сусветнай вайны", — цытуе БелТА зварот польскага прэзідэнта.

Паводле слоў Дуды, "дзівіць і тое, што злачынцы цалкам усведамлялі маральную кваліфікацыю сваіх зверстваў, пра іх дасведчанасць кажуць іх намеры сцерці сляды сваіх злачынстваў — у кастрычніку 1943 года персанал канцлагера пачаў спальваць эксгумаваныя чалавечыя астанкі на драўляных памостах".

"Сёння разам з усімі вамі я аддаю даніну павагі памяці забітых мужчын, жанчын і дзяцей. З болем думаю пра пакуты, якія давялося зведаць на гэтай зямлі польскім грамадзянам. Далучаюся да малітвы ўсіх, хто прыбыў сюды, каб схіліць галовы перад тысячамі нявінных ахвяр нямецкіх злачынцаў і іх памагатых — людзей, якімі завалодала ідэалогія нянавісці і пагарды", — гаворыцца ў звароце.

Дуда таксама падкрэсліў, што няма і не можа быць якога-небудзь апраўдання заявам і дзеянням, якія ставяць адны народы вышэй за іншыя. "У XXI стагоддзі не можа быць прымальным прыніжэнне і пераслед людзей па прычыне расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага статусу. Аддаючы даніну памяці ахвярам Малога Трасцянца, Благаўшчыны, Шашкоўка і іншых месцаў знішчэння, давайце зробім усё магчымае, каб нацызм, шавінізм і таталітарныя ідэалогіі сталі закрытым раздзелам у гісторыі чалавецтва", — заявіў ён.

29 чэрвеня дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы наведаў месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Польская дэлегацыя ўсклала там вянок.

Пра тое, што для Польшчы шанаваць памяць ахвяр сталінскі рэпрэсій гэтак жа важна, як аддаваць даніну памяці ахвярам нацызму, заявіў журналістам 28 чэрвеня ў Мінску новы пасол у Беларусі Артур Міхальскі.

"Надзвычай важна памятаць пра злачынствы, якія звязаны не толькі з нацысцкім рэжымам, але і з ліхадзействам, масавымі забойствамі з боку НКУС. І тут ёсць надзвычай важнае месца — Курапаты. Для нас гэта таксама месца вельмі сімвалічнае, бо, паводле многіх звестках, там пахаваная вялікая колькасць палякаў", — падкрэсліў дыпламат.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2018
 
Дата публикации:29.06.2018
Тематика:Культура, Дипломатия
Просмотров:513
 
Ключевые слова:
Нацизм Шовинизм Ксенофобия Курапаты Вторая мировая война Трасцянец Благаўшчына Мемориал
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме