https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: "Палітыка дыктатуры ва ўмовах Беларусі абсалютна немагчымая"


Такую думку Прэзідэнт Беларусі выказаў у інтэрв`ю буйнейшым СМІ Германіі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для таго, каб праводзіць палітыку дыктатуры, неабходна мець рэсурсы, якіх у Беларусі няма. "У нас няма такога рэсурсу, і ў мяне, каб быць дыктатарам". "А па-другое, гэта не маё, гэта асабіста не маё. Я ніколі не быў дыктатарам і ніколі ім не буду, таму што я ім не нарадзіўся. Гэта трэба нарадзіцца дыктатарам. Я ніколі не парушу гармонію нашага грамадства. І я ніколі не пайду насуперак жаданню нашага грамадства! Ні-ко-лі! І ў характары нашага народа ніколі не было такой рысы, як імкненне да дыктатуры або пасадзіць на трон дыктатара. Ніколі!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння такі рэсурс, каб быць дыктатурай у сусветным маштабе, мае толькі адна краіна — Злучаныя Штаты Амерыкі, яна і праводзіць палітыку дыктатуры. Захацелі — развязалі вайну ў Іраку, захацелі — бамбяць Афганістан (яшчэ раней — В`етнам і гэтак далей, і да таго падобнае). І ніхто не гаворыць, што там дыктатура. Дык дзе ж нямецкія дэмакратычныя журналісты? А вось Лукашэнка — гэта дыктатура", — адзначыў Прэзідэнт.

Ён таксама дадаў, што яму вельмі проста гаварыць на гэту тэму з немцамі, паколькі ў свой час Германія непасрэдна сутыкнулася з палітыкай дыктатуры. "Вывад адзін: дыктатура — шкода для любога грамадства. І рана ці позна яна прывядзе да краху гэтага грамадства і дзяржавы".

"Што датычыцца наменклатурнай прыватызацыі, яе ў Беларусі няма, хоць прыватызацыя ідзе. Можа, не такімі тэмпамі, як камусьці хацелася б, але яна ідзе. І наменклатурнай прыватызацыі ніколі не будзе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі нехта з нашых грамадзян прапануе ў выніку за набываемыя пакеты акцый цану большую, ён будзе акцыянерам. Калі гэта будзе немец, значыць будзе ён. Умовы вызначаны. І не важна, хто ты: рускі, беларус або немец, — грошы на стол і атрымлівай пакет акцый пры пэўных умовах".

Аляксандр Лукашэнка запрасіў і нямецкіх бізнэсменаў прыняць удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку "Беларуськалія".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі не назіраецца абвальнай сітуацыі: "Мы не знаходзімся ў перыядзе, які характарызуецца "гібеллю эканомікі", што вось заўтра абавязкова трэба аддаць або прадаць нейкае прадпрыемства". "І што вельмі важна для бізнэсу — тут заўсёды стабільнасць, спакой, тут жыве вельмі дасведчаны, разумны, дысцыплінаваны, не горшы за нямецкі народ беларускі народ. І мне здаецца, калі немцы захочуць, асабліва з улікам будаўніцтва Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, сюды прыйсці, прыходзьце. Хочаце — да выбараў, хочаце — пасля", — дадаў Прэзідэнт.

"Прэзідэнт Беларусі — гэта цяжкая штодзённая праца. Вытрымаць усё тое, што вакол краіны, і праблемы вырашыць унутры краіны — гэта вельмі цяжкая праца. І, як мне здалося, мне ўдалося пераканаць наш народ, і народ убачыў, зыходзячы з сістэмы ўлады і маёй работы, што гэта цяжкая праца, якую я са сваімі калегамі ўкладваў у развіццё нашай дзяржавы, дала пэўны вынік", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"І калі я пераканаў за гэтыя гады свой народ, што я нечага варты і яшчэ што-небудзь магу даць грамадству, то людзі за мяне прагаласуюць. Калі не, то, зразумела, ёсць шанцы ў іншых палітыкаў, у тым ліку з так званай апазіцыі", — адзначыў Прэзідэнт.

"Таму я лічу, што выбары — гэта не два месяцы да выбараў або паўгода да выбараў, а выбары, асабліва для дзеючага Прэзідэнта, — гэта ўвесь яго перыяд дзейнасці". Прэзідэнт адзначыў, што не мае патрэбы ў гучных заявах для таго, каб прыцягнуць увагу народа да сваёй персоны. "Прабачце за нясціпласць, але сіла маёй палітыкі заключаецца ў тым, што, калі Лукашэнка паабяцаў, ён абавязкова зробіць, чаго б гэта ні каштавала яму. І народ гэта ведае. І цэніць. У такой сітуацыі ці трэба мне рабіць такія гучныя заявы?" — адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь не будзе настойваць на прызнанні прэзідэнцкіх выбараў Расіяй. "Гэта справа Расіі — прызнаваць ці не прызнаваць. Гэта яе права, яе суверэннае права. І мы да гэтага будзем ставіцца ўважліва", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Па нашых законах мы не маем патрэбы ні ў якіх прызнаннях. Вы паўтара дзясятка гадоў не прызнавалі наогул таго, што існуе такая Беларусь, не кажучы ўжо аб выбарах. Ну і што, мы ад гэтага памерлі?" — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што няма падстаў хвалявацца наконт таго, што Беларусь і Расія не пакінуць у мінулым рознагалоссі. "Не хвалюйцеся, мы дамовімся з Расіяй, таму што нам ад гэтага нікуды не дзецца, таму што мы фактычна адзін народ, мы самыя блізкія народы — беларускі і рускі, якія практычна нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго. Але толькі пры адной умове: што на гэтай зямлі беларускай ёсць дзяржава, ёсць народ, і гэта — суверэнная і незалежная дзяржава з уласнымі інтарэсамі, і з намі трэба лічыцца і Германіі, і Расіі. Усё астатняе са сферы "падабаецца — не падабаецца", — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар не думае, што на развіцці двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Расіяй будзе неяк адбівацца тое, хто стане на чале Расіі на выбарах у 2012 годзе. "Гэта нюанс. Гэта неістотна. Я думаю, што, як бы мы ні падабаліся адзін аднаму, прэзідэнты Беларусі, Расіі, прэм`ер-міністры, ёсць нешта больш важнае, якое існуе не ў суб`ектыўным, а ў аб`ектыўным", — сказаў ён.

Што ж датычыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, то, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у рэспубліцы залішне спрабуюць пераканаць увесь свет у сумленнасці выбараў. "Вы ведаеце, я часам лаўлю сябе на думцы, што я і мае калегі, ужо занадта мы шмат спрабуем пераканаць вас у тым, што ў нас выбары былі сумленнымі і будуць сумленнымі, — сказаў ён. — Мы спрабуем вас пераканаць яшчэ ў тым, што ў нас выбары пройдуць па закону. Вам нешта не падабаецца сёння ў нашых выбарах? Скажыце, дзе мы парушылі Канстытуцыю і нашы законы? Калі такіх парушэнняў няма, то будзьце ласкавыя пагадзіцца з намі".

"Калі вы хочаце бачыць, што белае — гэта чорнае, то, як бы я вас ні пераконваў, вы будзеце спасылацца ці то на тэрміналогію, ці то яшчэ на што-небудзь, але вы будзеце гэта бачыць у чорным колеры. І я вас ніколі не пераканаю ў адваротным", — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што палітычная і эканамічная сістэма ў краіне павінна стварацца зыходзячы з рэалій яе жыцця.

"Мы стварылі пэўную палітычную сістэму, у тым ліку сістэму ўлады, гэта сістэма можа вам падабацца, можа не падабацца, але яна такая існуе. І, ствараючы гэтую сістэму, мы зыходзілі з таго, якія былі рэаліі ў нас у краіне. Мы яе не для немцаў стваралі і не для таго, каб вам спадабацца. А для таго, каб выратаваць сваю дзяржаву і свой народ пасля таго, як Савецкі Саюз разваліўся на кавалкі. І тыя задачы, якія мы паспрабавалі вырашыць, ствараючы гэту сістэму, у тым ліку задачы ўлады, мы вырашылі. І наша сістэма эвалюцыянуе, яна развіваецца. Можа быць, не так хутка, як хочацца немцам, але мы развіваемся такімі тэмпамі, якімі дазваляе нам развівацца наша грамадства і наша эканоміка".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты год быў самы цяжкі для Беларусі пасля ўвядзення Расійскай Федэрацыяй мытных пошлін на нафту. "Але мы выйшлі, і нармальна выйшлі ў бягучым годзе з гэтай сітуацыі. Сёння ўсе нафтаперапрацоўчыя заводы загружаны на 100 працэнтаў", — сказаў ён.

"Што датычыцца прыроднага газу, то я вам прывяду адзін прыклад: сёння даходнасць "Газпрама" ў Беларусі па прыроднаму газу вышэйшая, чым даходнасць "Газпрама" ў Германіі. Я думаю: там да сусветнай цаны засталося зусім нямнога, калі такое павышэнне па прыроднаму газу адбудзецца, мы, вядома ж, вытрымаем і гэта павышэнне".

"Прыроднага газу ў свеце вялізная колькасць. І мне здаецца, што пазіцыя "Газпрама" на павелічэнне цаны на прыродны газ — гэта катастрофа для самога "Газпрама" і ўсёй Расіі, таму што так яны страчваюць уласныя рынкі", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Што датычыцца нафты, то гэта наогул не праблема — мы будзем нафту завозіць чыгуначнымі саставамі, што сёння і робіцца..."

"Адыход Расіі ад традыцыйных шляхоў экспарту нафты і газу — гэта сабе даражэй. І я не думаю, што Расія кіне гэтыя нафтаправоды і газаправоды, таму што гэта будзе вялікае глупства". "З Беларуссю заўсёды можна было дамовіцца, з Польшчай таксама. Створана ўся інфраструктура для будаўніцтва паралельнай трубы газаправода Ямал — Еўропа. Уся інфраструктура ёсць, навошта было лезці ў мора? Тым больш гэта мільярды і мільярды. І гэтыя мільярды трэба ўкласці ў цану газу, які будзе пастаўляцца ў Германію. А там ужо не 250 долараў за тысячу кубаметраў газу, а 157. Таму гэта — стратны праект", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі не выключае, што пакаранне смерцю ў Беларусі можа поўнасцю замяняцца пажыццёвым зняволеннем. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў немагчымасць хуткай поўнай адмены пакарання смерцю ў Беларусі. "З вашага пункту гледжання мы дапусцілі вельмі сур`ёзную дэмакратычную памылку ў свой час, разгледзеўшы гэта пытанне на рэферэндуме. А ў нас рашэнні рэферэндуму вышэй за Канстытуцыйны Закон. Таму, каб гэту праблему вырашыць, нам трэба правесці рэферэндум па адмене гэтага рашэння", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да нямецкіх журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі паралельна з пакараннем смерцю існуе пажыццёвае зняволенне. Паводле яго слоў, калі яшчэ 15 гадоў таму да пакарання смерцю прыгаворваліся ад 30 да 40 чалавек у год, то цяпер — 2-4. "У асноўным мы прымяняем пажыццёвае зняволенне, ну калі ўжо не страшэннае злачынства супраць чалавечнасці", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

"Хутчэй за ўсё, у гэтай плоскасці будзе ляжаць у нас адмена пакарання смерцю, гэта значыць, як альтэрнатыва пакарання смерцю — пажыццёвае зняволенне. Таму, магчыма, мы неяк выбудуем палітыку, што суды не будуць прымяняць самі вось гэту жорсткую меру пакарання", — сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

БелТА
13 лістапада 2010
 
Дата публикации:13.11.2010
Тематика:Бизнес, Дипломатия
Просмотров:3881
 
Ключевые слова:
выборы в Беларуси Диктатура Пресс-конференция СМИ Германии Газ Нефть
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме