https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць


Прэзідэнт Беларусі, падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці жывёлагадоўлі, абазначыў ключавыя арыенціры для галіны.
Стан спраў у жывёлагадоўлі падрабязна разглядаўся як у цэлым па краіне, так і на прыкладзе асобных абласцей, раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў.

Так, губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын далажыў, што за 2022 год аб`ём вытворчасці валавой прадукцыі сельгасарганізацый склаў Br5,2 млрд, пры гэтым доля прадукцыі жывёлагадоўлі ў агульным аб`ёме вытворчасці склала 61 працэнт, або Br 3,2 млрд.

На працягу апошніх гадоў у вобласці назіраецца ўстойлівы рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, найбольшая дынаміка - па вырошчванні птушкі і ў вытворчасці малака. Ён таксама канстатаваў рост эканамічнай эфектыўнасці галіны. Так, рэнтабельнасць жывёлагадоўлі вырасла з 0 працэнтаў да 7,5 працэнта. Стаіць задача далейшага паляпшэння эканамічных паказчыкаў, росту прыбытку для накіравання ў развіццё вытворчасці, павышэння яе эфектыўнасці.


Выступіў з дакладам на пленарным пасяджэнні старшыня Гродзенскага райвыканкама Валерый Хелскі. У разрэзе тэматыкі мерапрыемства яго раён уяўляе асаблівую цікавасць, паколькі з`яўляецца лепшым у Беларусі па многіх паказчыках у аграпрамысловым комплексе, у тым ліку па надоях - 9258 кг ад каровы ў год. На пытанне Прэзідэнта, у чым сакрэт такога поспеху па вытворчасці малака, кіраўнік раёна назваў тры простыя складнікі: добрая кармавая база на пастаяннай аснове, стабільныя кадры як у кіруючым складзе, так і сярод персаналу, а таксама тэхналагічная і вытворчая дысцыпліна.

"Нічога касмічнага, нічога надзвычайнага, - заўважыў наконт гэтага Прэзідэнт. - Своечасова карміць, своечасова даіць і на работу своечасова прыходзіць". Ён звярнуў увагу на тое, што нават пры такой высокай базе прадпрыемства можа расці па многіх паказчыках вытворчасці, не звяртаючыся да нейкіх супертэхналагічных і інавацыйных метадаў, аб якіх часам гавораць вучоныя, а толькі выконваючы базавыя патрабаванні.

Сваю формулу поспеху агучыў на мерапрыемстве і Алег Бурак, дырэктар ААТ "Астрамечава", якое лідзіруе па многіх паказчыках не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў краіне. Гэта чатыры "к": кадры, карова, кармы і камфорт. "Калі адзін з гэтых фактараў выпадае, то аб далейшай эфектыўнай рабоце ў галіне можна забыць. Таму ў нас у асноўным упор робіцца на гэтых чатырох фактарах", - сказаў ён.

Размова зайшла аб тым, каб знайсці спосабы падтрымкі такіх моцных прадпрыемстваў, калі яны рэалізуюць праекты па мадэрнізацыі вытворчасці, развіваюць сваю базу. Цяпер асноўныя намаганні дзяржавы сканцэнтраваны на тым, каб падняць адсталыя гаспадаркі, аказаць ім неабходную дапамогу і падтрымку, у тым ліку крэдытнымі сродкамі. А найбольш паспяховыя сельгаспрадпрыемствы вымушаны разлічваць толькі на свае сілы ў рэалізацыі перспектыўных праектаў па развіцці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў разабрацца ў сітуацыі і па магчымасці аказаць падтрымку такім эфектыўным паспяховым перадавым гаспадаркам, таму што яны ідуць у авангардзе, укараняюць новыя тэхналогіі і, што галоўнае, даюць вельмі добры вынік.

"Нам трэба такія гаспадаркі мець на ўвазе асобна. Мы падумаем, як іх падтрымаць і падтрымаць іх праграмы і праекты, таму што, калі яны бяруць крэдыт, яны вернуць яго. Да іх павінна быць і стаўленне адпаведнае. Тым больш дзяржава ў гэтым зацікаўлена. Калі яны ўзялі пад нейкую праграму (крэдыт.), яна будзе рэалізавана і мы атрымаем у канчатковым выніку малако і мяса. У рэшце рэшт яны заслужылі, каб да іх ставіліся па-асабліваму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У размове з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Барташам была закранута тэма завяршэння ўборачнай кампаніі і нарыхтоўкі кармоў. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў паскорыць тэмпы правядзення работ, пакуль гэтаму садзейнічаюць умовы надвор`я. "Трэба варушыцца і ўшчыльняцца", - арыентаваў Прэзідэнт.

Што датычыцца развіцця жывёлагадоўлі і, у прыватнасці, вырашэння праблемы з падзяжом жывёлы, было прапанавана ў асобных гаспадарках выкарыстоўваць так званую практыку перакідкі жывёлы. Прэзідэнт наконт гэтага выказаўся наступным чынам: "Я не настойваю ні на чым. Гэта ваша справа. Калі не можаш і відаць, што загіне жывёла, тады трэба забіраць імем рэвалюцыі і аддаваць туды, дзе яна захаваецца. Але калі ёсць іншыя метады або шляхі, калі ласка, выбірайце любы". На думку кіраўніка дзяржавы, метад перакідкі жывёлы для захаванасці пагалоўя цалкам прымальны. Але вырашаць у канкрэтных сітуацыях павінны кіраўнікі гаспадарак і раёнаў. "Няхай старшыні райвыканкамаў адпрацуюць гэтыя схемы. Але падзяжу не павінна быць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб навядзенні парадку ў краіне і, у прыватнасці, у сельскай гаспадарцы

Як правіла, на такіх нарадах таксама выступаюць кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Яны дакладваюць аб выкрытых недахопах і выяўленых фактах безгаспадарчай, а часам нават і злачыннай дзейнасці.

"Яны б вам "перцу" падкінулі б тут, але мы і самі разумеем, што і падзеж у вас, і недабор, і безгаспадарчасць, і дысцыпліна, і кадры. Гэта ўжо адзначана. Але я вас проста папярэджваю: і міністр унутраных спраў, і генеральны пракурор, і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю мною сарыентаваны на навядзенне парадку ў краіне, і перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі нарады, ён падкрэсліў, што ненармальна, калі ўлады на месцах прымаюць рашэнні, а яны не выконваюцца. "Таму я вас проста папярэджваю па-сяброўску: націск у зімова-стойлавы перыяд з боку праваахоўных, кантрольных органаў будзе шалёны. І вы тут не крыўдуйце", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да праваахоўнікаў з кантралёрамі: перш чым дакладваць яму аб выкрытых фактах безгаспадарчасці, яны павінны абмеркаваць узнікшыя пытанні з губернатарамі.

Аб малочнатаварных і свінагадоўчых комплексах

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб пастаўленай яшчэ раней перад жывёлагадоўчай галіной задачы: на працягу пяцігодкі перавесці буйную рагатую жывёлу ў сучасныя малочнатаварныя комплексы.

"Малочнатаварныя комплексы, дзе мы атрымліваем малако як сыравіну для вытворчасці прадукцыі (чым мы славімся), павінны быць у ідэальным стане. У нас ёсць добрыя комплексы - ідзіце, вучыцеся, як трэба рабіць. Будзем падтрымліваць. Але гэта не значыць, што мы будзем раскідваць грошы. Не, будзем акуратна падыходзіць да гэтага пытання", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У планах у кіраўніка дзяржавы - падрабязна азнаёміцца з адкормам буйной рагатай жывёлы. У якасці прыкладу ён прывёў работу СВК "Калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне, дзе выпрацавана эфектыўная сістэма.

У краіне таксама прадоўжаць работу па будаўніцтве свінагадоўчых комплексаў. "Вядома, мы будзем вас падтрымліваць, але ўсе павінны ў гэтых адносінах варушыцца: гэта і банкі, і ўласныя сродкі, і бюджэтныя. Нам трэба хутка вырашыць гэту праблему", - адзначыў беларускі лідар.

Аб рабоце з кадрамі, зарплаце спецыялістаў і мэтавіках

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на падтрымку кваліфікаваных работнікаў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Іх, патрабуе Прэзідэнт, трэба забяспечыць і дастойнай аплатай, і жыллём.

"Па кадрах - выпрацоўвайце да канца года любыя мерапрыемствы, якія вы лічыце патрэбнымі. Вызначайце фонд зарплаты для кіраўнікоў і спецыялістаў. Спецыялістам трэба плаціць. Патрабуем мы перш за ўсё са спецыяліста за вынік. І гэта ж невялікая колькасць людзей у маштабах раёна або вобласці. Кадры - гэта аснова ўсяго", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў і аб рабоце з мэтавікамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэтавыя напрамкі на вучобу трэба выдаваць перспектыўнай моладзі. І гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі. "Жартаваць тут нельга", - заўважыў ён.

Аб дысцыпліне і генералах на месцах

"Галоўная наша бяда ў простым, элементарным - у дысцыпліне. Дысцыпліна - гэта не проста кулаком ударыў. Кулаком можна стукаць, калі ў цябе выпрацавана сістэма. Але калі ў вас няма разумнай сістэмы (гаспадарання і кіравання), тады што стукаць? Ніхто не зразумее. Старшыні гар-, райвыканкамаў з губернатарамі, выпрацоўвайце зладжаную, дакладную сістэму і дзейнічайце, не чакайце ніякіх указанняў. Памыліцеся (галоўнае, каб фатальных не было памылак) - памылку чалавеку можна заўсёды дараваць, калі ён імкнецца зрабіць добра. Але калі ён бяздзейнічае, растапырыўся і сядзіць, не ведае (а то і ведае і нічога не робіць) - навошта патрэбны такі кіраўнік? Таму дзейнічайце. Вы - генералы на месцах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што наступныя гады будуць няпростымі для вертыкалі ўлады. Асабліва для "тройкі" ў рэгіёнах: упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па вобласці, губернатар і памочнік Прэзідэнта. "Вам праводзіць там электаральныя кампаніі. Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Дзякуй за сустрэчу. У асноўным бачу, што вы мяне разумееце, дзейнічайце! Я вас вельмі прашу: дзейнічайце, не спыняйцеся. Калі ёсць нейкая праблема, давядзіце яе да мяне. Вы ведаеце, як гэта зрабіць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

22 верасня 2023, Салігорск
БЕЛТА
 
Дата публикации:22.09.2023
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:329
 
Ключевые слова:
Животноводство Продовольственная безопасность Сельское хозяйство Модернизация
 
 


Комментарии