https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Інструкцыя "Як стаць беларускамоўным"


Кожны чалавек сам выбірае, на якой мове яму думаць, размаўляць, камунікаваць з іншымі людзьмі. Але ведаць родную мову павінен кожны беларус.
Ніколі не забуду, як гады два таму, трапіўшы ў рэканструктарскі рух, упершыню пабачыла беларускамоўную дзяўчыну. Не забуду, як уразіў яе вобраз. Вельмі спадабаўся стыль гаворкі дзяўчыны. Нейкі незвычайны, сучасны.

З таго моманту я вырашыла размаўляць па-беларуску. Але... саромелася і бянтэжылася. Часта даводзіцца чуць ад людзей, якія таксама не супраць пачаць размаўляць на беларускай мове, штосьці накшталт: "Хочацца размаўляць па-беларуску, але сорамна і страшна. Напэўна, лепш пачынаць размаўляць у сямейным коле...". Узгадваю сябе. Насамрэч, страшна было пачынаць, бо не ведаеш, як адрэагуюць спадарожнікі. Але я пачала размаўляць па-беларуску менавіта ў грамадскай сферы жыцця. Бо з роднымі людзьмі складаней. Бацькі вучылі мяне гаварыць на рускай мове, размаўляць з імі па-беларуску было амаль немагчыма. Таму я пачынала з крам, пошты, білетных кас і г.д. Зараз узгадваю, на што была падобная мая "беларуская" ў той момант. У лепшым выпадку — "трасянка". І надзвычай "затарможаная", бо над словамі думала даволі-такі доўга. Але праз страх за тое, як жа мяне ўспрыме наваколле, я не адчувала страху за недасканаласць мовы.

Жаданнем размаўляць па-беларуску загарэліся і мае сябры. І я ўжо не адчувала сябе самотнай у гэтай справе. Паступова стала адчуваць, што мая беларуская становіцца ўсё лепш і лепш. Але не хапала аднаго — беларускамоўнай камунікацыі. І лёс звёў мяне з маладымі дзяўчатамі і хлопцамі, якія размаўляюць на беларускай мове. Спачатку нас было няшмат. Памятаю, як збіраліся ў маленькім пакойчыку і вывучалі мову з настаўніцай мясцовай гімназіі. Разбіралі новую лексіку, шукалі беларускія адпаведнікі запазычаным словам... Паступова вакол нашага кола пачалі гуртавацца. Прыходзілі і цікаўныя, і людзі "са стажам". Зараз усведамляю, што ў Віцебску, аказваецца, цэлае кола беларускамоўных.

Але, на жаль, сучаснае грамадства не разумее ці проста не хоча разумець прагу да роднага. Былі розныя выпадкі. Ад кпінаў да прынцыповай адмовы прадаць тавар у краме... Нядаўна шпацырую каля ратушы і размаўляю па тэлефоне. Раптам бачу, што са мной параўняўся малады хлопец і глядзіць на мяне здзіўленымі вачыма. І пытаецца: "А на якой мове вы размаўляеце? На польскай? Нешта да беларускай падобна. Нічога не разумею". Калі растлумачыла, у чым справа, хлопец, запытаўся: "А чаму вы размаўляеце па-беларуску?" — "Таму што я жыву ў Беларусі". Звычайна, пачуўшы гэты аргумент, людзі бянтэжацца. Вось так уплывае білінгвізм на самасвядомасць беларусаў.

Кожны чалавек сам выбірае, на якой мове яму думаць, размаўляць, камунікаваць з іншымі людзьмі. Але ведаць родную мову павінен кожны беларус. Зараз у краіне ідзе актыўнае вывучэнне замежных моў. Але мы не ведаем элементарных слоў на роднай мове. Звяртаюся да ўсіх словамі Ф. Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" А каб гэта сапраўды не здзейснілася, пачаць павінен кожны з сябе.

Дарэчы, у хуткім часе пасля майго ўваходжання ў кола беларускамоўных, я пазнаёмілася з дзяўчынай, пад уплывам якой пачала размаўляць па-беларуску. Гэта Эла Петрачэнка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, актыўны культурны дзеяч у горадзе. Напэўна, такі лёс.

Вікторыя Чаплева, выпускніца гімназіі № 5 г. Віцебска.
Звязда, 19 ліпеня 2012
 
Дата публикации:19.07.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3210
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Билингвизм
 
 


Комментарии